Тады браты замахалі ўгары доўгімі, як абламаны шлагбаум, рукамі, растапырылі над ім кіпцюрастыя кашчавыя пальцы, прагна пацягнуліся да яго шыі.
— Ага, — шыпеў з цемры Мікітаў голас— Добра табе: ты ў армію пойдзеш, ты да камандзіра даслужышся, ты жалаванне палучыш, а мы што? Што мы-ы-ы?
Тыя кіпцюрастыя братавы пальцы ўхапілі Грышку за горла, за грудзі, за ногі і рукі, сціснулі, ён стаў задыхацца, але адбіваўся як мог. А бацька ўсё сядзеў ля грубкі і, пазіраючы на бойку, агідна хіхікаў:
— Ага, ага! Во, так яго, так, так, так…
Рыгор ірвануўся неяк, выслізнуў з гэтых кастлявых абдымкаў і кінуўся прэч.
Пасля нешта перайначылася ў сне, ён апынуўся ўжо за станковым кулямётам пад агромністым заснежаным валуном, на беразе таго безыменнага возера ў Фінляндыі, дзе сяржант Карпенка зрабіў свой першы вайсковы подзвіг. За другім такім жа каменем туліўся з «ручніком» узводны — лейтэнант Хіль. Болей у іх роце не засталося нікога, і яны трэція суткі з двух кулямётаў адбіваліся ад фінаў. Толькі цяпер, у сне, на іх чамусьці наступалі не лыжнікі асобага батальёна «Суомі», а нямецкія эсэсаўцы — яны роўным густым ланцугом хутка беглі па заснежаным лёдзе возера. Карпенка страляў і страляў, але яго кулі недзе знікалі, не робячы ворагу шкоды. Ён спахапіўся, што не паставіў на планцы прыцэл, і тады аказалася, што няма і самой планкі, што яе адбіла асколкам, а кулі з перагрэтага ствала падаюць на снезе перад самай яго пазіцыяй. Дацяты жахам трапіць у рукі немцаў, Карпенка схапіў у абедзве рукі апошнія дзве «лімонкі» і з крыкам: «За Радзіму, за Сталіна!» замахнуўся на ворагаў. I тады ён пачуў ззаду знаёмы прастуджаны голас іхняга камандзіра батальёна, які ўчора пакінуў іх тут, на гэтым пераездзе:
— А здорава ты, Карпенка, разышоўся!
Здзіўлены старшына павярнуўся з паднятымі гранатамі і чамусьці ўбачыў Аўсеева, які спакойна даядаў з кацялка згатаваную Свістам кашу і казаў:
— Ты дзівак, камандзір. Чаго так артачышся? Давай лепей есці кашку з катлетамі. Хіба не бачыш — то ж нашы.
Яшчэ болей здзівіўшыся, ён угледзеўся ў ланцуг на лёдзе і зразумеў, што гэта сапраўды ішлі нашы, чырвонаармейцы ў будзёнаўках, а Аўсееў, аблізваючы лыжку, казаў далей:
— Ну вось, камандзір, цяпер у цябе медальку і адбяруць. Нашто ў сваіх страляў?
Змучаны жахамі, ён баязліва зірнуў на свае грудзі, дзе побач са значком «Выдатнік РСЧА» заўжды вісеў яго медаль «За баявыя заслугі», і адчуў там нечую руку, што ласкава гладзіла яго. Ён узняў голаў — побач стаяла Каця — Кацярына Сымонаўна, яго маленькая маладая жонка, якая немаведама як апынулася тут. Яна гладзіла яго грудзі, роспачна чаплялася за яго шыю і плакала, плакала, як у той дзень, калі праводзіла яго ў ваенкамат — на другую, куды болей страшную вайну з немцамі.
— Дык глядзі ж, — казаў Карпенка, вялікімі рукамі абдымаючы худыя вострыя плечы Каці. — Народзіцца — беражы, шануй яго…
— Ой, родненькі, ніколі ён для цябе ўжо не родзіцца, — закінуўшы голаў, праз слёзы і енкі прыгаворвала жонка. — Загінеш ты, прападзеш, любы, харошы мой…
Гэта было нясцерпна. Апанаваны жахамі, Карпенка неяк натужыўся, каб скінуць іх, і прачнуўся.
У старожцы панаваў суцэльны сляпы змрок. Мерна соп на падлозе Свіст, недзе стрымана і роўна дыхаў Аўсееў. Карпенка спусціў з тапчана ногі. Цела застыла ад холаду, які ўжо запанаваў у гэтай дзіравай будыніне, і старшына зябка захінуўся ў шынель. Ён намацаў кішэні, выцягнуў капшук, вобмацкам у цемры згарнуў цыгарку. Запальніца чамусьці не загаралася, толькі выпстрыквала маленькія сіняватыя іскрынкі і гасла. Карпенка схаваў яе назад у кішэню і, намацваючы ў цемры людскія целы, ступіў да грубкі. У попеле яшчэ дзе-нідзе тлелі вугольчыкі, старшына дастаў адзін і, узяўшы яго пальцамі, прыкурыў. Папяровы кончык цыгаркі ўспыхнуў зыркім палахлівым агеньчыкам, асвяціў на момант сонны насуплены твар старшыны, бліснуў у насцярожаных сумных вачах скурчанага ля печкі Глечыка. Старшына кінуў вугаль у грубку, зацягнуўся і зноў адступіў на тапчан.
— Ты чаго не спіш, Глечык? — запытаўся Карпенка з цемры.
— Так, не спіцца.
— Дарма. А заўтра, бадай, не ўдасца, — заўважыў Карпенка і, памаўчаўшы, зазначыў сабе, думаючы пра сон: «Ат, лухта! Навярзецца ўсякага…»
Ён зноў разлёгся на тапчане, курыў і думаў аб тым, што навеяў яму гэты благі недарэчны сон.
Так, нялёгкае было жыццё сялянскага хлопца Карпенкі. Адслужыўшы тэрміновую памочнікам камандзіра ўзвода, ён застаўся яшчэ і год з дзесяць служыў старшыной роты. Неспакойная гэта служба, хто ведае — не пазайздросціць старшынскаму хлебу. Цяжкавата было Карпенку, але неяк прывык, уцягнуўся ў бясконцыя казарменныя клопаты. Ды і мусіў цягнуць, бо вяртацца дадому на Арлоўшчыну не выпадала, у бацькавай хаце жыў са сваёй вялікай сям’ёй Аляксей, усе астатнія браты разбрыліся па свеце. Праўда, пасля стаў калгас, не трэба была свая гаспадарка, зямля, але калгас той доўгі час ледзьве ліпеў, з цяжкасцю становячыся на ногі. I ўсё ж да мірнага працоўнага жыцця вельмі цягнула старшыну Карпенку. Пакрысе жыццё наладжвалася, станавілася лягчэй і ў вёсцы і ў горадзе, але тады распачалася вайна з фінамі. На ёй Карпенку давялося сербануць ліха, яго параніла, пасля ён атрымаў баявы медаль і ўрэшце здзейсніў свае даўнія мары — звольніўся ў запас. Як удзельніка вайны і ўзнагароджанага, яго прызначылі намеснікам дырэктара льнозавода, далі добрую кватэру ў другой палавіне папоўскага дома, дзе была заводская кантора, і Карпенка неўзабаве ажаніўся з Кацяй або Кацярынай Сымонаўнай, маладзенькай настаўніцай тутэйшай пачатковай школы.
Читать дальше