Ён быў нясмелы і маўклівы хлопец, зважлівы да старэйшых і байчэйшых за яго, ніколі нікому не адкрываў сваіх пакут, усё слухаў другіх, думаючы, што ягонае гора — не гора. Праўда, ад таго не было лягчэй, і ўсё чарнела ўнутры ад непазбыўнага болю мінулага…
Эх, каб можна было спыніць час, перайначыць жыццё спачатку, «сабраць з дарог каменні тыя, што губяць сілы маладыя»! Не зрабіў бы, можа, і Глечык тае крыўды роднаму, найбліжэйшаму чалавеку — маці, крыўды, ад якой цяпер так балюча і трывожна ў яго душы.
Ціхае і прыгожае было маленства Васількі Глечыка. Цагельны завод на краі пасёлка, агромністыя старыя кар’еры з шырокімі лужынамі жоўтай вады, доўгія сушыльныя павеці і мноства цэглы — сырой, падсохлай і абпаленай. На сырой можна было напісаць сваё прозвішча, намаляваць зорку, абпал чырванеў, як медзь, быў жорсткі і звонкі. У кар’ерах пасялковыя падшывальцы лавілі ўлетку палонікаў, дурэлі, купаліся, прападалі ля вады з ранку да вечара, пакуль на абрыве не з’яўляўся Васеў бацька і не гнаў іх дадому.
Глечыкаў бацька, вядома, меў дачыненне да таго завода, ён працаваў абпальшчыкам — гаспадаром доўгай, як пячора, абпальнай гофманскай печы, якая заўжды патыхала пылам і жарам. Бацька быў добры, ніколі не лаяў Васю, у палучку прыходзіў трошкі пад хмелем, прыносіў яму цацкі і цукеркі. Маці тады хмурылася, і малы Васілька ніяк не мог зразумець, чаму яна сярдуе на бацьку, ён жа ў такія часіны быў яшчэ ласкавейшы, дабрэйшы і весялейшы, чым заўсёды.
Ну, але калі маці крыўдзілася, то і Васілька не мог адчуваць сябе шчаслівым, і ён таксама перажываў тое і трохі наракаў на бацьку. Васілька вельмі любіў маці — дужа ласкавую, прыгожую і добрую жанчыну, з якой усе людзі ў пасёлку абыходзіліся вельмі прыветна. Яна ніколі не ведала сярдзітага, грубага слова, была заўжды вясёлая, бывала, кожны, хто сустракаўся з ёю, адразу радасна і светла ўсміхаўся. I вельмі шчасліва жылося тады на гэтым заводзе. Васілька вучыўся ў школе, быў па матцы старанны, сумленны і зважлівы і да пятнаццаці год не ведаў, што такое сапраўднае гора.
Але гора здарылася — нечаканае, недарэчнае і страшнае. Аднойчы ў дажджлівы, як сёння, восеньскі вечар яны ўсе — бацька, маці, Васілька і трохгадовая Настачка — сядзелі ў пакоі за сталом і слухалі тыдзень таму назад куплены патэфон. Бацька асцярожнымі, не прывучанымі да драбніц пальцамі ўстаўляў у мембрану іголку і асцярожна апускаў яе на пласцінку. Маці слухала, аблакаціўшыся на падаконнік, — яна была вельмі прыгожая тады, нейкая летуценная і ціхая. I вось у такі час знадворку пачуўся дзікі, нечалавечы крык.
Яны ўсе здрыгануліся, бацька кінуўся да акна, затым — да дзвярэй, сунуў ногі ў боты і як быў — у адной кашулі, без шапкі — скочыў на вуліцу. Васілька таксама выбег следам і адразу за рогам ля плота ў святле недалёкага ліхтара ўбачыў страшнае. З мокрага ад дажджу, невысокага слупа электрасеткі спаўзаў уніз чалавек, іх сусед Трошкін, а на зямлі, распрастаўшыся ў гразі, ляжаў нерухомы бацька. Васілька кінуўся туды, закрычаў, выбегла маці, пазбягаліся людзі. Але ўжо нічога нельга было зрабіць ці дапамагчы — бацьку забіла токам.
У той вечар скончылася Васількава шчаслівае дзяцінства, і ён зазнаў пачатак вялікага гора. Бацьку пахавалі, маці счарнела ад пакутаў і слёз. Васілька таксама плакаў, але рабіў гэта, хаваючыся ад усіх, нечакана ён адчуў сябе мацнейшым па характары ў гэтай асірацелай сям’і і стрымліваўся як мог. Ім стала цяжка, сумна і пакутна. Ён тады скончыў сямігодку, але маці хацела, каб сын вучыўся далей, а сама пайшла на завод фармаваць чарапіцу. Зарабляла яна няшмат, грошай на ўсё не хапала, і яны ашчаджалі кожную капейку і як-кольвечы жылі. Васілька таксама зарабляў дзе мог — збіраў металалом, памагаў рамантаваць ваганеткі, грузіў на машыны цэглу. Маці патроху ачуняла ад гора, супакоілася і, калі-небудзь паклаўшы спаць Настачку, садзілася да сына і казала: «Нічога, не бядуй, сынок, як-небудзь пражывём. Усё ж нас двое, работнікаў». Поўная замілаванай пяшчоты, яна гладзіла яго па каротка астрыжаных віхрах, а Васільку было вельмі ніякавата ад той яе ласкі, і ён сарамяжліва ўхіляўся. Але ў тыя хвіліны хлопец гатовы быў на ўсялякія турботы, каб хоць трошкі аблегчыць спакучанае жыццё маці. Пасля смерці бацькі ён стаў любіць яе ўдвая болей.
Толькі маці неўзабаве павесялела сама. Неяк у пагодлівы выхадны дзень яна добра прыбралася, надзела свае белыя, некалі купленыя бацькам туфлі, узяла маленькую сумачку і пайшла, наказаўшы Васільку дагледзець Настачку і нікуды не ісці з дому. Вярнулася яна пад вечар, вясёлая, жвавая, па-ранейшаму прыгожая і ласкавая. Яна доўга і радасна забаўлялася з Настачкай, пагладзіла па галаве Васільку, але ў сынавай душы раптам узнялася да яе незразумелая, крыўдлівая варожасць. Ён тады не сказаў ёй нічога, пайшоў к кар’еру і да змяркання праседзеў на абрыве.
Читать дальше