Заводскія справы яго захапілі. Па старой вайсковай звычцы ён не шкадаваў свае працы, часу, стараўся разам з дырэктарам, аднарукім чырвоным партызанам Шорацам, і іх завод быў адзін з лепшых у раёне. Ён стрымана, па-свойму, без асаблівай ласкі, але моцна кахаў сваю Кацю — Кацярыну Сымонаўну — і з незвычайнай, ніколі не адчуванай пяшчотай чакаў неўзабаве малога.
I тут зноў — вайна.
Цяжка і няўдала пачалася яна, кожнага дня гінулі сотні людзей, але Карпенку на фронце ўсё ж шанцавала. Іх дывізію ўлетку разбілі пад Оршай, аднак рэшткі палка, у якім служыў старшына, неяк выкарабкаліся з акружэння, вынеслі зброю і сцяг. Праўда, загінулі ў баях тры камандзіры яго роты, змянілася некалькі камбатаў, ужо зусім мала засталося тых, з кім старшына вытрымаў першы бой, а Карпенка ўсё быў цэлы. Урэшце ён ужо прывык да сваёй неўязвімасці, дбаў пра іншых і ніколі асабліва не клапаціўся аб сабе. Здаралася, ён заставаўся на нядоўга камандзірам батальёна, даўжэй — камандзірам роты, немцы асабліва яго нідзе не білі, звычайна выходзіла так, што і Карпенка, налаўчыўшыся, даваў добрай здачы. Ён не вельмі палохаўся сам, пільна сачыў за боем, не даваў спуску баязліўцам, байцы трошкі крыўдавалі на яго за лішнюю строгасць, але ў баях цанілі крыклівага старшыну.
Карпенка дакурыў цыгарку, паляжаў яшчэ. Сон болей не ішоў, у старожцы па-ранейшаму было цёмна, але чуйны да часу старшына здагадваўся, што хутка наступіць ранак. Ён зноў узняўся, захінуўся ў шынель і, пераступіўшы цераз Свіста, расчыніў дзверы.
На дварэ марудна світала. Змрок паволі радзеў, адпаўзаў з пераезда, ужо прыкметны быў насып чыгункі, дарога з блішчастай лужынай. Чорнай расплывістай паласой цягнуліся ў шэрасць прысады. Вецер уціх, пацяплела, з лагчыны цераз пуці сунуліся шэрыя космы туману.
Старшына агледзеўся, шукаючы вартавога Пшанічнага, але таго нідзе не было. Ён абышоў старожку, зазірнуў у траншэю, гукнуў. «Дзіўна, — падумаў Карпенка, — няўжо задрамаў дзе?» Ён яшчэ паазіраўся, вылаяўся ад прыкрасці, і тады на шляху за бярозамі чуйную ранішнюю ціш праламіла гулкая кароткая чарга.
Застаўшыся адзін у вячэрнім ветраным полі, Фішар нейкі час слухаў далёкую страляніну за лесам, глядзеў на палахлівае мігценне ракет і думаў, што іх справы тут, відаць, кепскія. Калі ўжо немцы зайшлі з тылу, дык утрымаць тую дарогу наўрад ці будзе магчыма. Праўда, зайсці ў тыл магла і невялікая група фашыстаў, асноўныя ж іх сілы не мінуць гэтай адзінай, прыгоднай для аўтамабіляў дарогі. Калі толькі рынуцца яны і якія гэта будуць сілы, ці ўдасца ім, шасцярым байцам, утрымаць пераезд на суткі? — вось гэтыя думкі-сумненні ўсё настойлівей турбавалі байца.
Калі страляніна за лесам сціхла, Фішар схамянуўся ад свае трывожнай задуменнасці і схапіў лапатку. Ужо зусім сцямнела: неба, поле, дарогу з бярозамі завалакло туманным змрокам, трохі відаць было ржышча ля ботаў і ў ім — няроўная баразёнка старшыновай адмеціны акопа. Фішар узяўся капаць — імпэтна, бязладна разгортваць у бакі мяккую ад вільгаці глебу з іржышчам. Неўзабаве ў яго атрымалася нейкая ямка, накшталт невялічкай варонкі, далей зямля стала цвярдзейшая і зусім не хацела паддавацца. Баец парадкам змарыўся, расшпіліў папружку, зняў процівагазную сумку, паслухаў трохі, адпачыў і ўжо далей пачаў працаваць спакойней.
Ад тае аднастайнай працы і ветранай начной цішыні да Фішара прыйшла прывычная патрэба разважаць — дабірацца да сэнсу з’яў і акалічнасцей яго вайсковага лёсу. Супярэчлівае і незразумелае пачуццё мроілася ў ім у адносінах да старшыны Карпенкі. Фішар не паважаў гэтага чалавека, яго прыгнятала пастаянная нязменная патрабавальнасць старшыны, крыклівая злоснасць яго салдацкай натуры. Часта, калі старшына грубым, бесцырымонным тонам за якія-небудзь дробязі крычаў на байцоў, Фішару карцела абурыцца, патрабаваць добразычлівых, роўных адносін да людзей. Карцела, але ні Фішар, ні хто іншы з тых, што сам сабе абураўся старшыновымі наскокамі, не наважыўся зрабіць гэта. Самаўпэўненасць старшыны абяззбройвала, блакіравала волю, і Фішар адчуваў часам, што ён проста пабойваецца ўзводнага. Карпенка, відаць па ўсім, не любіў інтэлігентаў-разумнікаў і, як натура элементарна простая, ніколі не таіў гэтых сваіх адносін. Фішар часам пагарджаў старшыной, часам ненавідзеў, але варта было таму хоць на хвіліну проста, па-людску падысці да яго, стаць Карпенкам-таварышам — і Фішар ужо забываўся на сваю непрыязнасць і гатовы быў дараваць яму ўсе ранейшыя крыўды.
Читать дальше