Пасля некалькіх трэніровак яго залічылі ў юнацкую футбольную каманду раёна, якая затым у спаборніцтвах на першынство горада заняла першае месца. Здымак каманды-пераможцы надрукавалі ў мясцовай газеце. Алік у рашаючым матчы забіў два галы і адчуў у сабе такое, быццам ён намнога пасталеў за свае 16 гадоў. Яго перасталі цікавіць аднакласнікі і нават настаўнікі, якія выказвалі да юнака-спартсмена прыкметную ўвагу. Ён убачыў, як дзяўчаты пазіралі на яго закаханымі вачыма і таварышы згаралі ад зайздрасці да яго поспехаў. Усё гэта прыемна казытала яго пачуцці, і Алік пачынаў ужо думаць, што знайшоў сваю каляіну ў жыцці, калі ў пачатку лета на іхнюю каманду пасыпаўся шэраг няўдач. Тры разы запар на адказных спаборніцтвах яны ганебна прайгралі, аднойчы Аліка вывелі з ігры за грубасць і ўрэшце замянілі другім хлопцам.
Доўга пасля таго Аўсееў самотна перажываў свае жыццёвыя няўдачы, але маці суцяшала сына, даводзячы, што ён вельмі здольны, усебакова таленавіты, трохі ленаваты, а калі пастараецца, то будзе проста геніяльны чалавек. Гэты засвоены з дзяцінства довад пакрысе супакойваў Аліка, напаўняў яго пагардай да іншых і даваў падставу глядзець на сябе як на выключнасць. Але людзі чамусьці ўпарта не хацелі заўважаць выключнасці Аўсеева і зусім не так, як таго патрабавала яго натура, ставіліся да маладога чалавека. Асабліва гэта праявілася, калі Алік Аўсееў прыехаў у Ленінград і паступіў у артылерыйскае вучылішча.
Вучачыся ў дзесятым класе, Алік зразумеў, што мастацтва — музыка, жывапіс, а таксама спорт — гэта не яго стыхія, бо там трэба фанатычныя бязлітаснасць да сябе, упартасць і праца. А ўсё тое, што даецца вялізным намаганнем, праз цяжкасці, тое — ведаў Аўсееў — перастае несці асалоду, радасць таго засмучаецца цяжарам дасягнення. Вайсковае ж вабіла яго рамантыкай быту і прыгажосцю формы. Ён любіў глядзець на чырвонаармейскі строй у час парадаў, яму падабаўся зухаваты выгляд маладых камандзіраў, апяразаных рамянямі, з сумкамі і пісталетамі на баку, любіў магутнасць баявых машын і захапляўся пазнанымі з кніг геройскімі ўчынкамі ў часе вайны. Бацька не пярэчыў супраць гэтай схільнасці юнака Аўсеева, маці ж, ва ўсім дагаджаючы сыну, саступіла са сваіх ранейшых жаданняў наконт яго бліскучай мастацкай будучыні, і за год да вайны Аўсееў стаў курсантам ваеннага вучылішча.
Але сталася так, што з першых жа дзён свайго вайсковага жыцця курсант Аўсееў адчуў расчараванне. Камандзірам аддзялення, у якое залічылі Аўсеева, назначылі мешкаватага тугадума Тодарава. Гэты няўклюдны чалавек з тупой упартасцю і асаблівым стараннем імкнуўся выканаць усё, што ад яго патрабавалася, не зважаючы ні на чые і ні на якія перавагі. Ён зусім не хацеў бачыць, што Аўсееў разумнейшы за яго і за шмат каго з курсантаў, што ён болей развіты і спрытнейшы, куды лепш выхаваны. Дарэчы, гэтага не хацелі заўважаць і старшына, і камандзір узвода — яго школілі так, як і ўсіх. I калі ён спрабаваў вылучыцца, паказаць свае веды і здольнасці, даказаць, што ён варты лепшага, тады яго не злюбілі таварышы.
Праўда, тыя нягоды хутка скончыліся. Улетку, калі пачалася вайна, яго ў ліку вялікай групы курсантаў адклікалі з вучылішча і з маршавай ротай накіравалі на фронт. Аўсееў спачатку ажно ўзрадаваўся і, па пыльных дарогах дабіраючыся да перадавой, быў поўны рашучасці на які-небудзь геройскі ўчынак, усё карцела яму паказаць людзям, на што здатны Аўсееў. Але ў першым жа баі яго аглушыла грымоццем страляніны, асляпіла страхам блізкае смерці, апаліла болем няўдачы і разгрому. «Не, — сказаў сабе Аўсееў, — гэта не для мяне» — і далей ужо толькі і дбаў, каб як уцалець.
Дагэтуль яму сяк-так шанцавала, але, здаецца, прыйшоў канец яго ўдачам. Аўсееў вельмі непакоіўся, чула яго сэрца — будзе непапраўнае ліха, і ўсё думалася, што зрабіць, каб як абмінуць пагібель.
Так, стоячы пад застрэшкам і марна думаючы, як выйсці цэлым з гэтай бяды, Аўсееў і не заўважыў, калі сціх дождж. Уначы пацішэла, перасталі ляскатаць кроплі па даху, здаецца, патроху сунімаўся і вецер. Невядома, колькі было часу, Аўсееў адчуваў млявую знямогу ва ўсім целе і, злосна падумаўшы пра тых, у старожцы, якія гэтулькі часу не змяняюць яго, адчыніў дзверы.
Са старожкі шуганула цяплом, дымам, кіслай парнасцю мокрых салдацкіх шынялёў. Не пераступаючы парога і трымаючы насцеж расчыненыя дзверы, Аўсееў запытаў:
— Ну што? Вы мяне зменіце сёння?
— Нешта ты хутка, — сказаў з тапчана Карпенка. — Яшчэ, мабыць, і дзвюх гадзін не мінула.
Читать дальше