Мяркуючы па ўсім, спачатку В. Быкаў прапаноўваў апавяданне ў часопіс «Полымя» — ён прыгадваў: «…грамадства, а найперш нашая рэдактура не былі гатовыя прыняць падобныя тэмы, ад якіх патыхала непрымальным для іх пацыфізмам. Тагачасны рэдактар „Полымя“ Максім Танк адмовіў аўтару ў публікацыі таго апавяданьня з прычыны „невыразнасці“, як ён напісаў, ідэі. Думаецца, ідэя была выразная, як надта выразнымі былі і партыйныя ўстаноўкі ў адносінах да яе.
Во ўжо гэтыя партыйна-кадэбоўскія адносіны!».
Змена назвы з «Праклёну» на «Адну ноч» у нейкім сэнсе была матывавана, паколькі падчас рэдагавання была скарочана канцоўка пазнейшага варыянта твора, якая, зрэшты, і тлумачыла назву «Праклён»: «— Што ж гэта? Чаму так?.. Завошта? Каты! Душагубы!.. Сволачы!.. Будзьце вы навек пракляты…» — гэтых слоў Івана Валокі ў канчатковым варыянце не застанецца.
Наогул, падчас падрыхтоўкі апавядання да публікацыі ў «Маладосці» В. Быкавым былі вымушана зроблены значныя змены і скарачэнні, якія, дарэчы, у пазнейшых выданнях аўтар не ўлічваў — прытрымліваўся ранейшых рэдакцый твора, і таму ў гэтых каментарах яны не разглядаюцца (за выключэннем аднаго прыклада), паколькі мелі, так бы мовіць, часовы характар. Звернемся толькі да тых прыкметных змен, якія былі зроблены падчас падрыхтоўкі апошняга прыжыццёвага выдання:
Стар. 339. Т олькі Валока не выпускаў яго, ямчэй прыналёг плячом, ухапіў пяцярнёй горла і ціскануў. — У першай рэдакцыі: «Але Іван не выпускаў яго і душыў. І тады вораг, яшчэ трапятнуўшыся некалькі разоў, неяк злаўчыўся і ўхапіў зубамі яго руку.
Іван не чакаў такога знянацкага болю, які імгненна пранізаў яго да пляча. Пальцы яго не ўтрымалі, немец ураз крутнуўся, вырваўся і адскочыў у цемру.
Змораны да непрытомнасці, Валока ўхапіў ротам паветра і, разлютаваны барацьбой, памкнуўся ў цемру за ворагам».
Стар. 341. … не давялося і душыць … — У абедзвюх ранейшых рэдакцыях: «не давялося душыць гэтую гадасць».
Стар. 342. Што ж рабіць, — як вылезці… — У ранейшых рэдакцыях: «Паволі ў Івана нарастаў устрывожаны клопат як вылезці…»
Стар. 344. Аднак нейкае чалавечае велікадушша штурхнула дапамагчы, бо была ў тым патрэба . — У першай рэдакцыі: «…але ўжо такую меў чалавек натуру, што пры патрэбе пасабляў бліжняму».
Стар. 348. — Навэрх, — грубавата перадражніў Валока. У абедзвюх ранейшых рэдакцыях: «— Дзівак! — бы з малога падзівіўся Валока».
Стар. 353. Во як: не гут! Чаму ж ты гэта не скажаш свайму фюрэру? — У ранейшых рэдакцыях: «Во як: не гут! А дзе ж вы раней былі? У сорак першым? Чаму ж не турнулі пад зад вашага фюрара. Вот і быў бы гут».
Стар. 354. … ажно ўпіўся ў гэта вачмі. — У ранейшых рэдакцыях далей ішло: «вядома, тое жытла не раўна было яго хаце з пазелянелаю ад моху страхою, як-колечы абшалёванай не столькі для прыгоства і ладу, колькі для таго, каб захінуць ад непагоды дзіркі. А была яна ў іх вёсцы не самая горшая, Іван жа мог і падрамантаваць і дагледзець, не тое што ў якіх там удоў ці нягеглых нядбайных гаспадароў».
Стар. 354. … аб сваіх там, дома … — У ранейшых рэдакцыях далей ішло: «— чатырох блазнотках-дзяўчынках, якія цяпер там і аралі і сеялі. Такая малеча з адною маткаю, без яго».
Стар. 354. Унутры ў ім усё запратэставала супраць гэтага абразлівага варожага спачування. — У першых рэдакцыях: «Невядома чаму, але гэта абражала. Яго сапраўднашная беднасць, галодныя гады ў калгасе цяпер невыказнаю прыніжанасцю бянтэжылі Івана, і ўнутры ўсё ў ім запратэставала супраць гэтае беднасці і спачування ворага».
Стар. 355. … нагледзеўся рознага. Але ўсё роўна Валока не хацеў здацца. — У ранейшых рэдакцыях: «нагледзеўся на калгаснае жыццё. Але ўсё роўна Валока не хацеў здацца і ўхапіўся за хлусню, як за паратунак».
Стар. 355. … была ўвасабленнем параўнаўча высокага дастатку. Ва ўсякім разе за гэтыя грошы можна было купіць добрую карову. А гэта было ўжо нямала . — У ранейшых рэдакцыях: «была ўвасабленнем найбольшага з магчымага. Гэтым коштам сяляне яго вёскі мералі самы высокі набытак, марылі пра яго ўсё жыццё, але мелі, толькі прадаўшы самае дарагое з свайго майна — карову».
Што датычыцца значных правак, якія былі зроблены падчас падрыхтоўкі твора да друку ў «Маладосці», прывядзём адзін толькі прыклад. Так, аўтар быў вымушаны скараціць значную частку дыялога Івана Валокі з Фрыцам Хагеманам пра калгасы — да слоў: «Матацыкл? Матацыкл што?». Закрэсліўшы больш за старонку тэкста, В. Быкаў злева зверху коратка дапісаў:
Читать дальше