Сляды на зямлі (стар. 289)
Упершыню пад назвай «След на зямлі» — часоп. «Полымя», 1960, № 3. У першым кніжным выданні — у зб. «Жураўліны крык». Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960 — пад назвай «Сляды на зямлі». Друкуецца па гэтым выданні. Там жа пазначаны год напісання — 1959.
Падчас падрыхтоўкі кніжнага выдання аўтарам былі зроблены невялікія стылёвыя праўкі, у тым ліку ў апошнім абзацы слова «след» было напісана ў множным ліку, што ў выніку прывяло да карэкціроўкі назвы.
Сабакі (стар. 298)
Упершыню пад назвай «Суседзі» — газ. «Гродзенская праўда», 1963, 3 лют.(?).
Друкуецца паводле машынапісу (8 стар.), які захоўваецца ў Архіве В. Быкава.
Пра гэтае апавяданне В. Быкаў пісаў у лісце да Е. Лось:
«…„Сабакі“ мае — так сабе твор, ад няма чаго рабіць. Пісаўся для „Вожыка“, але там нешта не спадабаўся, таксама, відаць, з-за прэтэнцыёзнай назвы». Зыходзячы з гэтага ліста, можна меркаваць, што год напісання твора, магчыма, — 1960.
Хлебны акраец (стар. 305)
Упершыню пад назвай «Акраец хлеба» — газ. «Літаратура і мастацтва», 1960, 16 снеж. У першым кніжным выданні — зб. «Адна ноч». Мн.: Беларусь, 1965 — пад назвай «Хлебны акраец».
Друкуецца па другім выданні. Там жа пазначаны год напісання — 1960.
Пры састаўленні плана-праспекта Збора твораў у 4-х тт. (Мн.: Мастацкая літаратура, 1980–1982) пісьменнік назаве гэтае апавяданне «Акрайчык хлеба», аднак у канчатковы варыянт 4-га тома яно ўключана не будзе.
Машынапіс апавядання з аўтарскай і нязначнай рэдактарскай праўкай і пад назвай «Трэба разумець» (якая закрэслена, мяркуючы па ўсім, самім аўтарам, зверху напісана: «Акраец хлеба») захоўваецца ў фондзе газ. «Літаратура і мастацтва»: БДАМЛіМ. Ф. 12, воп. 1, адз. зах. 570, арк. 1—10. Напрыканцы машынапісу стаіць подпіс: «В. Быкаў»; ніжэй рукой пісьменніка: «25.8.60 г.».
Чацвёртая няўдача (стар. 314)
Упершыню — часоп. «Маладосць», 1961, № 2.
Друкуецца паводле: зб. «Адна ноч». Мн.: Беларусь, 1965. Там жа пазначаны год напісання — 1961.
Машынапіс апавядання з даволі значнай аўтарскай і рэдактарскай праўкай захоўваецца ў фондзе часоп. «Маладосць»: БДАМЛіМ. Ф. 37, воп. 1, адз. зах. 167, 1—23. Аднак тая праўка падчас падрыхтоўкі першага кніжнага выдання ўлічана не была — апавяданне было апублікавана практычна ў ранейшай рэдакцыі, за выключэннем толькі заканчэння, якое выглядала наступным чынам:
Стар. 335. … не сказаў чалавеку нічога . — Пасля гэтага сказа ішло:
«Толькі не ў стане адолець уладарных турботаў службы Турок запытаўся:
— Не ведаеш, Гаркавенка пытаў пра мяне?
Вартавы пазяхнуў, паглядзеў па-над елкамі ў неба, якое ўжо хутка шарэла ў гэты запознены восеньскі ранак, і сказаў няпэўна:
— А хто яго ведае. Можа, і пытаўся, а, можа, і не. Спіць. І мне змена хутка.
Турок, аднак, не даслухаў гэтага адказу. Вочы яго адразу заплюшчыліся, голаў павісла, увесь ён абмяк, нахіліўся і ўперся ілбом у калені. І ўсе яго сённяшнія начныя турботы — крыклівы Гаркавенка, капітан, якога ён болей не ўбачыў, і той выкрутлівы немец — раптам зніклі, быццам і не было іх зусім. Турок заснуў глыбокім запрацаваным сном пазнаўшага сабе цану чалавека».
* * *
Стар. 314. « Гот міт унс ». — Бог з намі (ням.).
Стар. 324. Брынг маль, Отта, обер філь, дас золь фюр унс бейдэ генюген . — Прынясі яшчэ, Ота, крыху, гэтага мусіць хапіць для нас абодвух (ням.).
Стар. 324. На шон, вірдгемахт . — Калі ласка, зроблена (ням.).
Адна ноч (стар. 336)
Упершыню — часоп. «Маладосць», 1963, № 1. Друкуецца паводле: Зб. тв.: У 6 т. Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. Т. 6.
Адна з першапачатковых назваў — «Забітыя» (машынапіс (36 старонак) захоўваецца ў Архіве В. Быкава; там жа пазначаны год напісання — 1961). Другая назва — «Праклён» — была заменена самім В. Быкавым на «Адну ноч»; машынапіс апавядання з аўтарскімі і рэдактарскімі праўкамі захоўваецца ў фондзе часоп. «Маладосць»: БДАМЛіМ. Ф. 37, воп. 1, адз. зах. 257, арк. 1—38.
Падчас гутаркі з крытыкам В. Аскоцкім аўтар распавядаў пра тое, якім менавіта чынам узнікла ідэя апавядання:
«Одна такая история случилась в полку, в котором я воевал. Произошло это в Венгрии. В погребе оказались немецкий обер-лейтенант и наш солдат. Оба ранены. И оба настороженно следят друг за другом, но не стреляют, потому что не знают, кто наверху. А наверху были немцы. Они и обнаружили в погребе обоих после боя. Немец перевязал нашего и спросил, куда он хочет: в плен или к своим… Конечно, к своим! Его положили на плащ-палатку и перетащили ближе к нашим окопам, а дальше он сам дополз. Попал в госпиталь. И там по секрету рассказал кому-то, что и как с ним приключилось. После этого в полку его уже не видели. Сгинул. Ниточка к рассказу, пожалуй, отсюда».
Читать дальше