Стар. 176. … салдаты ў мышастых шынялях . — У ранейшай рэдакцыі далей ішло:
«Камісар першы ўчуў нядобрае і першы ўстрапянуўся. Узнімаючы коламі снег, машыны імчалі па полі і, здавалася, кіравалі проста на іх. Вядома, першае, да чаго памкнуўся чалавек, — бегчы. Але бегчы ўжо было позна, і камісар зноў выцягся ў доле, нешта шапнуўшы таварышам. Валодзькін ляжаў ціха, а Івашоў раптам усхапіўся і кульгава падаўся да адхону. Зразумеўшы, што далей ляжаць нельга, камісар вылаяўся і таксама ўсхапіўся, за ім Валодзькін, і яны пабеглі.
Правальваючыся ў снег, Валодзькін ужо ведаў, што гэта прыйшоў канец. Ён стараўся толькі, каб не адстаць ад камісара, і вельмі шкадаваў, што не меў зброі. Вельмі балюча і крыўдна паміраць без карысці — паміраць няўдакам. Але болей рабіць было нечага.
Так яны беглі, аж пакуль ззаду не загрукалі стрэлы.
Недзе побач коратка фыркнулі кулі — Валодзькін сцяўся нутром у тугі балючы камяк і азірнуўся на ворагаў. Калі ён зноў павярнуўся бегчы, камісар ужо бездапаможна курчыўся ў снезе.
І Валодзькін не пабег далей, не збаяўся, што яго заб’юць тут — ён спыніўся ля чалавека, які запалоніў яго сэрца за жахлівыя тыдні ўцёкаў… Да іх беглі ворагі, яны раўлі, крычалі нешта, а хлопец роспачна туліўся да параненага, бы хацеў пераняць частку яго пякельнага болю. Камісар ад пакут і злосці скрыгаў зубамі, тузаўся на снезе і ціха шаптаў:
— Эх, чорт… не дай-ш-ш-ш-лі… не су-м-м-м-елі…
Хлопец хацеў памагчы таварышу, але неўзабаве яго адарвалі, адкінулі ўбок, потым узнялі, абмацалі кішэні, вопратку. Наўкола гаманілі, насядалі на яго дзесяткі ворагаў, калолі з усіх бакоў ненавісныя позіркі, а ён не прыкмячаў нічога. Усеабдымная журбота ад гэткай няўдачы прыдушыла яго, скавала волю, і пагібель, не далёкая і ўяўная, а ўжо блізкая і рэальная, ва ўсёй сваёй жахлівасці паўстала перад ім. Хлопец адразу адчуў гэта і зразумеў, што на паратунак не асталося ніякай надзеі. І ўсё ж свавольнае сэрца не хацела пагадзіцца з канцом і недарэчна прагла жыць, жыць, не зважаючы ні на што, жыць…»
Стар. 177. Ён трохі варушыўся, зацята пазіраў на ворагаў і, сцяўшы сківіцы, з натугай перасільваў у сабе, відаць, немалы боль. — У ранейшай рэдакцыі: «Знясілены, ён згорбіўся побач, балюча падкурчыўшы хворую нагу, на яго вастраносым, у рудым шчацінні твары застыглі боль і невымоўная туга».
Стар. 180. … ад прыліву слабасці і жалю . — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «Але хцівыя да людскіх пакут ворагі не далі нават зірнуць на чалавека апошні раз — чалавека, які доўгія дні і ночы быў самы блізкі і любы яму».
Стар. 180. … іх празмерная пільнасць здалася яму нават прыемнай . — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «І хлопец, бадай, упершыню за ўсе дні ўцёкаў і страхаў горда і смела закрочыў наперад!»
Стар. 181. … распраўляцца з вінаватымі. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «Каб не атрымліваць балючага штурхаля, ён, аднак, ступаў жвава і ішоў першы. Івашоў ужо, відаць, не меў сілы, каб вытрымаць роўны тэмп хады. Ён некалькі разоў падаў, злуючы тым лёгкага на руку яфрэйтара».
Стар. 182. Не ламайся, не ўпросіш . — У ранейшай рэдакцыі: «Не поўзай, не ўпросіш».
Стар. 182. … Івашоў, распластаны, ніцма ляжаў на снезе, голасна екатаў нешта і плакаў . — У ранейшай рэдакцыі:
«…Івашоў, распластаны ніц, ляжаў у доле. Яго счарнелыя, растапыраныя пальцы бяссільна хапалі і не маглі ўтрымаць яфрэйтаравы боты, якімі той ужо не біў палоннага, а толькі хацеў вызваліцца ад яго. Івашоў голасна екатаў нешта і плакаў. Укормлены мардач бясстрасна жаваў побач, назіраючы за незвычайнай гэтай барацьбой слабасці з лютасцю, чарнявы спрабаваў падняць чалавека».
Стар. 182. … чаго патрабавалі ворагі. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло з новага абзаца: «Ён астаўся адзін і пайшоў далей, усё гэтак жа сашчапіўшы за спінай рукі, стрыманы і маўклівы. Яму было вельмі нялёгка на гэтай завеянай дарозе, але хлопец з усяе моцы стараўся не выдаць ворагам свае стомы. Ззаду, перагаворваючыся, ішлі яго канваіры».
* * *
Стар. 178. О, банкоф Боркі. — О, станцыя Боркі (ням.).
Стар. 186. Ротэ армее сіген! Бліц крыг! — Чырвоная армія пераможа! Маланкавая вайна! (ням.).
Стар. 186. Москаў сіген! — Масква пераможа (ням.).
Загад (стар. 189)
Упершыню — часоп. «Маладосць», 1958, № 12.
Друкуецца паводле: зб. «У глыбі жыцця» / Склад. Б. Сачанка. Мн.: Народная асвета, 1972.
Датуецца 1958 г. паводле зб. «Жураўліны крык». Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960.
Машынапіс апавядання з аўтарскай і рэдактарскай праўкай захоўваецца ў фондзе часоп. «Маладосць»: БДАМЛіМ. Ф. 37, воп. 1, адз. зах. 59, арк. 1—10. Згодна машынапісу можна прасачыць найбольш значныя скарачэнні і праўкі:
Читать дальше