Згодна машынапісу можна прасачыць, якія дзве змены былі зроблены падчас першых публікацый твора:
Стар. 161. … у імя рэвалюцыі. — Пасля гэтага сказа ішлі два наступныя, якія былі скарочаны: «Яна гатова была пакланіцца гэтаму ўпартаму юнаку, яго подзвіг клікаў кудысьці, не даваў спакою ні ўдзень, ні ўначы. Дзён колькі запар Ірынка нічога не чытала, ні аб чым не думала, неяк хадзіла, нешта рабіла, адказвала на людскія пытанні, але ўсё гэта было, нібы ў сне».
Стар. 164. … чалавечай сілы і смеласці . — Заканчэнне сказа: «яна захапіла ўсю істоту — іншаму ўжо не заставалася ніякога месца».
* * *
Стар. 161. … страшэннай сілы вобраз далёкага Мексіканца . — Герой апавядання Дж. Лондана «Мексіканец».
Стар. 169. … на агнявокага, адзінокага Рыверу … — Героя апавядання Дж. Лондана «Мексіканец».
Дваццаты (стар. 172)
Упершыню пад назвай «Дваццаты» — часоп. «Полымя», 1958, № 10. Пад назвай «Трое» — «Нёман»: Зб. твораў пісьменнікаў Гродзенскай вобласці, Гродна, 1958.
Друкуецца паводле: зб. «Жураўліны крык». Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960, дзе апавяданне апублікавана пад назвай «Дваццаты». Там жа пазначаны год напісання — 1958.
Яшчэ ў 1959 г. В. Бурносаў пісаў у выдавецкай рэцэнзіі:
«Да апавядання „Трое“ я хачу даць параду — альбо рэзка скараціць колькасць нямецкіх выразаў альбо зусім іх апусціць, але пры любой іх колькасці пераклад нямецкіх выразаў даваць не ў канцы апавядання, а ў кожным асобным выпадку на адной і той жа старонцы ўнізе». Аднак скарачэнне не было зроблена — пераклад нямецкіх выразаў быў пададзены ўнізе (як і падчас публікацыі ў альманаху «Нёман» — у адрозненне ад «Полымя», дзе нямецкія выразы, за рэдкім выключэннем, адсутнічаюць, — яны падаюцца адразу на беларускай мове). Да таго ж В. Бурносаў заўважаў: «На старонцы ІІ апавядання „Трое“ ёсць частка фразы — „на ўсходзе нямецкія арміі акружалі Маскву“. Прычым адчуваецца, што тут і пункт гледжання аўтара. Трэба гэты выраз удакладніць, бо ён пакідае непрыемнае ўражанне і пярэчыць логіцы падзей». І калі ў першых публікацыях гэтая фраза гучала сапраўды менавіта так, дык у кнізе будзе выглядаць наступным чынам: «…на ўсходзе нямецкія арміі падыходзілі да Масквы».
Пры параўнанні часопіснай і кніжнай рэдакцый звяртаюць на сябе ўвагу скарачэнні, якія былі зроблены ці самім аўтарам, ці рэдактурай:
Стар. 172. … халодных вострых каленяў . — У ранейшай рэдакцыі пасля гэтага сказа ішоў наступны: «Памарожаныя рукі ён засоўваў у рукавы, прыціскаў да грудзей і так заміраў на хвіліну ад знясілення і сцюжы».
Стар. 173. … нясмелага позняга світання . — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «Камісар цяжка ступаў у снег цвёрдымі, як косць, прамёрзлымі ботамі, за ім, хістаючыся ад слабасці, выпраўляліся астатнія».
Стар. 173. … зноў адсталі ад свайго дужэйшага таварыша. — У ранейшай рэдакцыі далей ішло з новага абзаца:
«Валодзькін з апошняе сілы стараўся ступаць за камісарам, але з кожнай гадзінай усё цяжэйшай рабілася дарога і ўсё болей даймала стома. Хаваючы ў рукавах змерзлыя рукі, ён ледзьве брыў, не падымаючы галавы. Унізе віліся снегавыя струмені, яны на дзіва хутка зараўноўвалі неглыбокія камісаравы сляды. Ад іх няспыннага руху хмельна круцілася ў галаве і так хацелася спаць. Ужо не ежы, не цяпла, а толькі спакою прагнула знясіленае хлопцава цела».
Стар. 175. … з надзеяй пазіраў на яго . — У ранейшай рэдакцыі далей ішло з новага абзаца: «Трэба было памагаць слабейшаму, але і сам Валодзькін быў такі нядужы, што не адразу адважыўся сысці ўніз. Засопшыся, нейкі час хлопец стаяў на адхоне і думаў, як гэтая хада па снезе выматала яго сілы. Як хацелася прайсці па дарозе — не ехаць нават, а толькі ісці — па роўнай, цвёрдай, уезджанай… Але дарог яны пазбягалі пасля таго, як аднойчы іх дагналі паліцэйскія. Тады яны страцілі сем чалавек і далей ужо ішлі ўтрох. Гэта было страшэнна цяжка, але інакш не выпадала. У вёскі і хутары яны заходзілі ўначы — прасілі кавалак хлеба і ішлі далей. Людзі сустракалі па-рознаму: з жалем і гатоўнасцю памагчы ці, здаралася, цкавалі сабакамі і спрабавалі злавіць. Яны трывалі ўсё: хаваліся ці ўцякалі — адбівацца не было як, у іх скончыліся патроны. Учора яны перайшлі Буг, а наперадзе іх чакаў доўгі небяспечны шлях».
Стар. 175. — Канец… Усё роўна канец… Усім, усяму… — чулася яго надрыўная роспачная скарга. — У ранейшай рэдакцыі: «— Навошта… Навошта было тое? — чулася яго надрыўная роспачная скарга. — Біўся, змагаўся, пакутваў, цярпеў… Навошта? Усё роўна канец… Пагібель усім».
Читать дальше