Стар. 106. Брыгадзір зноў пачаў лаяць хлопца, — тады Мішка, відаць, задаволіўшыся ягонай злосцю, крыкнуў… — У ранейшай рэдакцыі:
«— Я праверу. Але ж мне ў зводку трэба ўпісаць. У праўленне еду.
Я ж кажу — не.
Вось лайдак. Ну, чакай, я дабяруся да цябе, — раззлаваўся брыгадзір. Звыклы да ягонай злосці, Мішка пачакаў крыху, пакуль той уладкуецца на возе, і тады крыкнуў…»
Стар. 106. —Ну, глядзі, а то я пажартую … — У ранейшай рэдакцыі: «Ах, ты блазан! Я табе пажартую!»
Стар. 107. Нядаўна яны прадзіравілі дзядзькаў човен, і стары, не ўмеючы плаваць, ледзь не ўтапіўся ў возеры. Пасля той човен зусім знік недзе, і да рыбацкіх паслуг старога засталася на возеры старэнькая, немаведама чыя дубіца. Учора яна спатрэбілася Мішку — хлопец сагнаў яе ў затоку і схаваў у трысці. — У ранейшай рэдакцыі:
«Вялікай прывабай для гэтага чалавека была рыба, на здабычы якой ён прападаў усе летнія дні, але аднойчы, гады са два таму, з чалавекам здарылася хіба.
Справа ў тым, што стары, не зважаючы на азёрную любоў, не ўмеў добра плаваць, і вось вясковыя свавольнікі захапілі аднойчы несамавіты дзядзькаў човен і прарабілі ў ім патайную дзірку. Яе ніяк нельга было ўгледзець зверху, і, нічога не ведаючы, Алёкса надвячоркам выправіўся ў возера. І ледзь не ўтапіўся. З таго часу дзядзька вельмі баяўся глыбокіх мясцін і ненадзейнай пасудзіны. Прынамсі, з гэтым апошнім клопату яму стала меней, бо той яго човен даўно ўжо знік недзе, новых на возеры не было. І ўсе, у каго здаралася якая патрэба, карысталіся адзінай старэнькай дубіцай, невядома калі і кім зробленай. Гэтая дубіца нядаўна спадабалася Мішку — на правах уласніка ён учора сагнаў яе ў затоку і схаваў у трысці».
Стар. 107. « Выедзем на сярэдзіну, і ўжо ж я выкупаю яго… » — У ранейшай рэдакцыі: «Вось будзе пацехі, калі я баўтну гэтага хрыча. У затоцы там неглыбока, нічога не здарыцца».
Стар. 108. Хіба можна бацькі адцурацца? — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «Што ты! Не, ён не зробіць гэтага. Ён мяне любіць, бо і я-ж яго любіў».
Стар. 110. У той жа час Мішка шчыра ненавідзеў Восіпа і, праўду кажучы, трохі не разумеў Алёксу, які, здавалася хлопцу, дарэмна аберагаў сына. Нейкія ўжо дужа невыразныя былі іх адносіны, але затое было відавочна, што стары насіў у сабе немалое гора. — У ранейшай рэдакцыі:
«Хлопцу цяпер недарэчным здаўся ягоны нядаўні свавольніцкі намер. Бадай, упершыню так глыбока ў яго душу зірнула чалавечае гора, гэтак патайна і няхітра замаскаванае. Ды і хіба можна было схаваць яго, калі вунь яно ўсімі прыкметамі ляжыць на касмылявым твары чалавека, хоць той і кажа зусім іншыя, добрыя словы».
Стар. 111. … паверыў у яго словы пра сына. — У ранейшай рэдакцыі: «паверыў у тое, чаго хацеў чалавек».
Апендыцыт (стар. 113)
Упершыню — газ. «Звязда», 1957, 25 жн.
Друкуецца паводле: зб. «Ход канём». [Без м.], 1960 (Бка «Вожыка». № 4).
Датуецца годам апублікавання.
Падчас падрыхтоўкі кніжнага выдання ў твор былі ўнесены невялікія праўкі, у тым ліку наступныя:
Стар. 115. Безабразія, доктар! — У ранейшай рэдакцыі: «Саромейцеся!»
Стар. 115. Нейкі кіраўнік, відаць, з вобласці … — У ранейшай рэдакцыі: «Нейкі кіраўнік, відаць, з раёна».
Стар. 115. — Ці не з аўтаінспекцыі, — гадаў шафёр . — У ранейшай рэдакцыі: «— Ці не з аўтаінспекцыі? — гадаў шафёр. — Там фанабэр многа».
Стар. 115. — Хвацкі чалавек, гэта так, — згадзіўся шафёр . — У ранейшай рэдакцыі: «— Незвычайны чалавек, гэта так, — згадзіўся шафёр».
Стар. 116. … чалавек мае вялікія заслугі, мо’ нават славу і займае пасаду не меней, чым абласнога маштабу . — У ранейшай рэдакцыі: «чалавек мае вялікія заслугі».
Стар. 117. — Безабразія! Куды глядзяць гэтыя медыкі! Паклічце доктара! — У ранейшай рэдакцыі: «Паклічце доктара!»
Стар. 117. Хварэць трэба ціха . — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «Сварлівы чамусьці насупіўся і залез пад коўдру.
А я сынка твайго сустрэў учора. Такі ладны хлопчык, вялікі ўжо, — казаў новы, пакутліва сядаючы на ложак».
Стар. 118. Усё толькі сварыцца ды скаргі піша. — У ранейшай рэдакцыі: «Двух жонак кінуў, дзяцей адцураўся, усё толькі сварыцца ды скаргі піша».
Стар. 118. … а зараз не працуе . — У ранейшай рэдакцыі: «…а цяпер не працуе. Каб аліментаў не плаціць, нідзе і не працуе».
* * *
Стар. 113. « Залатое цяля ». — Раман І. Ільфа і Я. Пятрова.
Дапякло (Скарга раскрытыкаванага старшыні) (стар. 119)
Упершыню пад назвай «Дапякло: Скаргі раскрытыкаванага старшыні» — часоп. «Вожык», 1957, № 23.
Читать дальше