Стар. 22. … гэта недзе адкрылася рана. — Пасля гэтага сказа ў машынапісе ішоў абзац, які быў зноў жа скарочаны ў абодвух публікацыях: «Чалавек бачыў, як сцякло ў траву некалькі буйных кропель, але цяпер ужо яму не шкада было сваёй крыві. Ён не выцер руку, нават не звярнуў на тое ўвагі, толькі для адзінай мэты трацячы зараз небагатыя свае сілы».
Стар. 27. Так памёр Чалавек . — Гэты апошні сказ у машынапісе адсутнічае. У «ЛіМе» апавяданне заканчвалася наступным чынам: «Чалавек і мёртвы змагаўся…»
Абознік (стар. 28)
Упершыню пад назвай «Абознік» — газ. «Гродзенская праўда», 1957, 26 мая. Пад назвай «Уначы» — газ. «Літаратура і мастацтва», 1957, 14 снеж.
Друкуецца паводле: зб. «Жураўліны крык», Мн.: Дзяржвыд БССР, 1960. Там жа пазначаны год напісання — 1951.
У фондзе газ. «Літаратура і мастацтва» захаваўся машынапіс апавядання пад назвай «Уначы»: БДАМЛіМ. Ф. 12, воп. 1, адз. зах. 244, арк. 1–9. Шматлікія рэдактарскія праўкі датычацца толькі стылю і не ўплываюць на сэнс і змест твора.
Страта (стар. 36)
Упершыню — часоп. «Маладосць», 1956, № 10; «Нёман»: Зб. твораў пісьменнікаў Гродзенскай вобласці. Гродна, 1956.
Друкуецца паводле: Зб. тв.: У 6 т. Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. Т. 6. Там жа пазначаны год напісання — 1956.
В. Быкаў прыгадваў: «Гэта падвойная ўдача адразу ўзняла аўтара ў яго ўласных вачох, хаця зьнешне я стараўся быць як мага спакайнейшым. Мабыць, баяўся спалохаць нечаканую ўдачу. Тым болей што, прачытаўшы абодва тэксты, знайшоў там масу слабіны і нават недарэчнасьцяў, з чаго доўга пакутваў. Тыя перажыванкі імкнуўся заглушыць працай над новымі рэчамі, калі, здавалася, напішацца лепш. Бо ўжо займеў нейкі вопыт.
На жаль, лепей усё не пісалася».
Падчас падрыхтоўкі 4-томнага Зб. тв. (Мн.: Мастацкая літаратура, 1982) В. Быкаў унёс у апавяданне некаторыя змены, якія ў асноўным датычыліся стылю, аднак было і некалькі прыкметных правак. У шасцітомніку твор быў апублікаваны ў гэтай новай рэдакцыі.
Стар. 36. Над шэрай кучай зямлі пад плотам перасталі ўзлятаць угору дробныя камякі і паказалася аблезлая пілотка і кірпаты, апечаны сонцам твар. — У ранейшай рэдакцыі: «Малады баец Матузка капаў свой акопчык. Ён углыбіўся ў зямлю так, што не відаць было нават аблезлай яго пілоткі і толькі высока ўгору ўзляталі гліністыя камякі зямлі. Але воклік прымусіў яго спыніць працу, і над брустверам паказаўся запэцканы зямлёю кірпаносы твар».
Стар. 36. … ён спрытна выскачыў з акопчыка … — У ранейшай рэдакцыі: «ён спрытна выкінуў з акопчыка гнуткае цела».
Стар. 37. … будзе нешта сур’ёзнае . — У ранейшай рэдакцыі: «будзе сапраўдны бой».
Стар. 37. «Міны», — падумаў Матузка і здзівіўся … — У ранейшай рэдакцыі: «„Міны“, — падумаў Матузка, услухоўваючыся, як халадзее на сэрцы, а праз момант здзівіўся».
Стар. 37. … на спустошанай вайною зямлі . — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «Лясны маладняк таксама карыстаўся людской няўвагай і спакваля падступаў да лазні. Узмежак, што цягнуўся ад яе да лесу, ужо быў добра абжыты кустамі лазняку і алешнікам».
Стар. 39. … ён перастаў турбавацца . — У ранейшай рэдакцыі: «ён перастаў дрыжэць».
Стар. 42. Ён дастаў з рэчавага мяшка пагнуты кацялок і павольнай хадою падаўся за лазню . — У ранейшай рэдакцыі: «Ён дастаў з рэчавага мяшка пагнуты абдзёрты кацялок і непаспешлівай хадою дужага чалавека падаўся за лазню».
Стар. 43. … лясныя абшары . — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «Нервы ў нечалавечым напружанні ледзь вытрымлівалі гэтую д’ябальскую пробу металам. Амаль фізічны боль пранізваў усю істоту, і, хоць не было ран, Матузка дрэнна адчуваў, жывы ён, ці ўжо мёртвы».
Стар. 46. … сутаргавай ліхаманкай . — У ранейшай рэдакцыі далей ішло: «Матузка не адняў пальца ад спуску, пакуль парожні дыск не спыніў чаргі».
Тупое пяро (стар. 49)
Упершыню — газ. «Літаратура і мастацтва», 1956, 15 верас.; «Нёман»: Зб. твораў пісьменнікаў Гродзенскай вобласці. Гродна, 1956.
Друкуецца паводле другога выдання. Датуецца годам апублікавання.
У фондзе газ. «Літаратура і мастацтва» захаваўся машынапіс апавядання з падзагалоўкам «Апавяданне былога селькора» і рэдакцыйным штампам на першым аркушы зверху: «АТРЫМАНА 5 верасня 1956 г . № 969 Подпіс [ неразб .]». Захоўваецца: БДАМЛіМ. Ф. 12, воп. 1, адз. зах. 125, арк. 1–5. Напрыканцы тэкста В. Быкавым напісана:
«[г. Гродна,] рэдакц. „Гродзенскай праўды“».
Зыходзячы з машынапісу, можна прасачыць, якія змены былі зроблены ў апавяданні падчас падрыхтоўкі яго да друку ў альманаху «Нёман». Аднак тая акалічнасць, што тэксты ў «Нёмане» і «ЛіМе» ў асноўным супадаюць (адрозніваецца толькі канцоўка — у «ЛіМе» яна скарочана, у альманаху адпавядае машынапісу), дазваляе меркаваць, што твор мог быць дапрацаваны самім аўтарам. Ніжэй прыводзім найбольш значныя скарачэнні, якія былі зроблены падчас першых публікацый:
Читать дальше