Карызна яшчэ бліжэй нахіліўся да Веры, з незразумелым благаннем зазірнуў ёй у вочы.
— Вера... Цяпер мой вораг — ведаеш хто? Мой родны бацька...
I раптам зацяўся ў наўмыснай безуважнасці і з цалкам спакойным выглядам зманіў:
— Майго бацьку раскулачылі і выслалі як злоснага кулака. Ты спалохалася, Вера? Баішся? Пра гэта яшчэ ніхто не ведае тут... Я не хочу, каб ведалі... Ты не скажаш?.. Праўда, Вера, не скажаш?..
Вера сапраўды збялела і глядзела на яго шырокімі няўцямнымі вачмі. Яна, небарака, не ўяўляла сабе нічога страшнейшага як сацыяльнае паходжанне, бо гэта ў яе было самае балючае месца. Але яна ўбачыла, якой мукай адбіваўся на ім яе інстынктыўны спалох, і ў нясцерпным сораме затуліла далонямі твар.
— Я — не... Я так сабе... Я не баюся...
I, канчаткова заблытаўшыся, ускочыла з месца, але зараз жа села зноў, потым у раптоўным парыванні схапіла яго за руку і крыкнула ў роспачы, са слязьмі на вачах:
— Карызна! Не злуйся... Проста ты сказаў неяк раптам, такім голасам... Я не баюся... Чаго мне баяцца?..
I дадала наіўна тонам:
— Я нікому не скажу пра гэта... Не трэба, каб ведалі тут...
Карызна моўчкі глядзеў на яе, усміхаючыся ўдзячнай і разам з тым разгубленай, няпэўнай усмешкай. На яго сышла цяпер глыбокая ціхасць, у якой суняліся ўсе адчуванні яго, сунялося ўсё жыццё, распусцілася ў мяккім пявучым трымценні нерваў. Нічога не турбуе, няма куды спяшацца, бо ў гэтай ціхасці нешта спакойна-застылае, непазбыўнае.
Дзе зазнаў ён раней такі салодкі настрой?
Ён напружвае знясіленую памяць, але ніяк не можа перамкнуцца туды — у блізка-знаёмае ды забытае. Яно лунае зусім вось тут, ля самага краю свядомасці, звінуўшыся ў адзін няясны хімерны вобраз — у вобраз нейкага аднастайнага бязмежна-цягучага гуку. Ён выразна чуе гэты гук — ён звініць увушшу тонкаю пчалінаю песняй.
Ага! Гэта ж пяе верацяно ў худых карабатых матчыных пальцах.
Цьмяная закураная хата... Лямпа, увабраная ў пажоўклую выразаную паперу... Аброслая копатам талерачка... Пануры бацька ў сваім глыбокім маўклівым адпачынку... Цёплая прытульная печка... кошка... тараканы...
I вечнае, неадступнае, ціха пявучае верацяно...
Карызна зморшчыўся ад унутранага болю.
— Я не магу іх ненавідзець, Вера, чуеш? Я не магу іх ненавідзець...
Яго працяў пякучы жаль, на вочы накаціліся слёзы. Каб схаваць іх, ён узлёгся локцямі на стол, паклаў галаву на далоні.
Вера ціха дакранулася рукой да яго валасоў і смешна, па-дзяцінаму суцяшала:
— Не трэба так... Гэта ў кожнага бывае. Ведаеш, я ж таксама шкадавала... Да мяне прыходзіла Гвардыяніха—такая простая няшчасная жанчына. Яны ж дык — ого, якія злосныя кулакі, а мне ўсё роўна шкада было яе... Папраўдзе... А ў цябе бацькі... Бацькоў заўсёды шкода бывае...
I яна дзелавіта ўздыхнула.
Карызна ўзняў галаву, зірнуў на Веру бліскучымі вачмі. Яна стаяла над ім — дужа сур'ёзная, заклапочаная. Сашчэмленыя вусны міла, па-дзяцінаму выпнуты наперад, лоб зморшчаны да немагчымасці, аксамітныя броўкі спаўзліся ўместа, затуліўшы вялікія не то цёмна-карыя, не то зусім чорныя вочы. І ўся яна празрыста-чыстая, светлая, як крынічка.
Карызна ўзяў яе маленькую руку і нязграбна, у прагавітай паспешнасці прыціснуў да сваіх вуснаў. Яе прыгожыя аксамітныя броўкі ўзняліся ў ціхім здзіўленні. Рукі яна не адбірала, а ўважна, з дзіўнай цікавасцю глядзела, як цалуе яе Карызна. Потым на твары ў яе засвяцілася сарамлівая давольнасць і ласка — яна абшчапіла яго вольнай рукой за шыю і пяшчотна прытуліла да сваіх грудзей.
...Карызна ўсю тую ноч перабыў у Веры Засуліч і з прыемнасцю пераканаўся, што ў гэтае разумнае палітычна свядомае, бадай што першае на ўвесь Сівец актывісткі не менш, а можа, і больш цёплае, простае жаноцкае ласкі, чымся ў іншае звычайнае жанчыны. А таксама ўбачыў ён і тое, што вочы ў Веры Засуліч зусім не цёмна-карыя і не чорныя, а цёмна-цёмна-сінія, цудоўна-прыгожага, якога ён ніколі не бачыў у жыцці, колеру.
...I праз усю тую ноч стаяла, укленчыўшы на канапе, перад акном Марына Паўлаўна і глядзела ў чорную бязлітасную цемру.
1
Хоць брыгадзір Зелянюк і паказваецца ў гэтым апавяданні як цалкам станоўчы, мала не ідэальны герой сучаснасці, але і ён, як кожны жывы чалавек, меў свае слабасці. Так, напрыклад, ён кахаў дзяўчыну. Кахаў пягчотна, горача, прагавіта, як ткі і кожны хлопец гадоў у дваццаць ці троху болей, што не ўправіўся яшчэ марна растрэсці жыватворчы агонь свайго маладога сэрца.
Читать дальше