I вось сядзіць Зелянюк у глухіх Сівалапах, у хаце селяніна-серадняка Малаха Загароўскага і, апанаваны лютай пяшчотнасцю, піша гарачы бязладны ліст да свае каханае:
«Любая, мілая, слаўная, злосная, дрэнная Стаська!»
Пасля клічніка ён становіць яшчэ адзін клічнік і, здаволены, уяўляе, як «слаўная, дрэнная Стаська» ўзніме здзіўлена бровы, прачытаўшы гэты ўступ, і раздумліва паківае галавой: «О!..»
«Ты думаеш, што я цябе, свайго дарагога зайчыка, не ўспамінаю кожную хвіліну, кожную секунду, кожную... (не ведаю, ці ёсць яшчэ што меншае за секунду) ? Ты думаеш, што я не абнімаю цябе ў думках, не цалую тваіх сярдзітых губак, тваіх зялёных, як у кошкі, вочак? Ты думаеш, што калі рэдка пішу, дык я ўжо і забываюся на цябе? Ведаеш, мая...»
Але ці варта перачытваць смешную сентыментальную пісаніну маладога хлопца, які, працяты нястрыманым палам пяшчотнасці, забываецца на ўсю сваю грамадскую значнасць і станавітасць і пачынае вярзці зусім не стасоўнае глупства!
Адылі другая палавіна Зеленюковага ліста мела зусім інакшы характар, варты ўвагі нават сур'ёзнага чалавека. Зелянюк пісаў пра сівецкія справы:
«...I мяне думка цешыць, што ты, Стаська, сур'ёзна (а я думаю, што сапраўды сур'ёзна) цікавішся гэтым. Дык вось... Пахваліцца асабліва няма чым. Той сход, пра які я табе пісаў, быў нам цэлая катастрофа. Праўда, што на наш актыў ён не зрабіў уплыву — мы працуем, як і раней, і расцём. Па маіх падлічэннях, мы маем цяпер блізка пяцьдзесят гаспадароў, якія зараз жа гатовы пайсці ў калгас і будуць, аб гэтым я не сумняваюся, цвердыя калгаснікі. Але мы ўсё-ткі бяром устаноўку на агульны масавы зрух, і ў гэтым сэнсе той сход падцяў нам ногі. Ён сапсаваў перадачу. Ты ж ездзіш на веласіпедзе, дык ведаеш, што гэта значыць, калі не працуе перадача. Малое кола круціцца як след, а вялікага не рушыць. Так пакуль што і мы. Ды мала таго — яшчэ спрабуюць яго, гэтае кола, крутнуць назад, бо сход той дужа паспрыяў кулацкай зграі, даў глебу для іхняй падкалоднай працы. У некаторых вёсках, дзе ўжо зарганізаваныя калектывы, павеяла халадком: сярод калгаснікаў з'явіліся дрэнныя настроі. Але ўсяму гэтаму мы дамо рады. Энергіі ў нас досыць, мэта ў нас ясная, будзем працаваць як мага — і свайго дойдзем. Праўда, Стаська, ці не?
Найбольш засмучаюць мяне нашы стасункі з сакратаром ячэйкі. У нас яшчэ, здаецца, не дайшло да адкрытае сваркі, але сутычкі былі жорсткія. Як табе вядома, ён больш за ўсіх вінаваты ў правале таго славутага сходу, і вось я ніяк не ўцямлю, ці ўсведамляе ён гэта як след, ці падманвае сябе шкоднай бравацыяй пад дудку старшыні сельсавета, з якім ён блізка таварышуе. Наогул, мяне вельмі цікавіць гэты чалавек, і я да яго прыглядаюся, можа, троху больш, чым трэба. Здаецца,што ён прымячае гэта і злуецца. Але я маю на гэта свае асаблівыя прычыны, аб якіх ён і не дагадваецца.
Я табе, Стаська, пісаў ужо неяк пра гэтага чалавека. Ён перажывае цяпер сямейную трагедыю ці, праўдзівей, робіць яе, і гэта так шчытна ўплятаецца ўва ўсё ягонае жыццё, у тым ліку і ў грамадскую працу, што нават цяжка азначыць, што на што робіць уплыў і што чаму спрычыняецца.
Я добра ведаю яго жонку. Гэта вельмі сімпатычная жанчына, больш глыбокая, чымся гэта можа здацца з першага погляду. Ён, безумоўна, недаацэньвае глыбіні яе перажыванняў, бо, каб ведаў ён пра ўсе захаваныя мучэнні яе, ён бы, напэўна, прыспяшыў які-небудзь канец. Яна ніколі не скардзіцца, унікае ад усякіх гутарак на гэтую далікатную тэму (прынамсі, са мной), але я часам бачу ў яе ў вачах ціхую надзею на нейкую староннюю дапамогу, на нейкі ратунак. Можа, я дрэнна раблю, што старанна трымаюся ў баку ад іхніх сямейных непаразуменняў? Але я бачу па ім, што было б горай. Ён мае хваравіты гонар, які не дасць яму спакойна сцерпець чыйго-небудзь утыкання ў ягоныя справы. Гэта больш толькі раздражніць яго і пагоршыць справу. Адно, што мы робім, гэта ўцягваем паступова яе ў грамадскае жыццё (ёсць тут на гэта адна надзвычай сімпатычная, разумная і спрытная жанчына) і маем поспех у гэтым. Новае захапленне патроху адводзіць яе ад пастаянных згрызот.
Ну, але я табе, Стаська, цэлы ўжо рапарт выпісаў і, мабыць, добра табе надакучыў. Таму прашу прабачэння і, каб развесяліць цябе, горача цалую тысячу разоў. Не адбівайся, усё роўна рады не дасі. Тысячу разоў — не менш.
Пішы мне, любая, часцей, нават калі не атрымліваеш лістоў ад мяне. Калі я і не пішу, дык не таму, што не хачу (мне ж гэта — усё роўна што пагаманіць з табой, мне пісаць табе — шчасце), а таму, што літаральна няма на гэта паквольнай хвіліны.
Читать дальше