Гэта быў Сівец ці, праўдзівей, тое месца, дзе стаяў цяпер гэты шэры, нязграбны, загрузлы ў непралазным брудзе Сівец. Тыя самыя ўзгоркі, тая самая паміж іх вілаватая вёрткая рэчка, той самы шырокі шлях у гонкія засівецкія далі.
Але ж чаго толькі не нагарадзіла туг гарэзная фантазія непакойнага чалавека!
Роўныя, чыстыя, асветленыя электрычнасцю вуліцы, новыя вялікія дамы дзіўнай, у свеце нябачанай архітэктуры, старанна дапасаванай да найбольшае выгоды жылля.
Сярод мястэчка, дзе цяпер самае балота,— гладкі раскошны пляц, навокал якога размешчаны розныя грамадскія і культурныя ўстановы.
Зводдаль ад жыллёвых будынкаў — цэлая сістэма будынкаў гаспадарчых: свірны, адрыны, хлявы — усё з электрычнасцю, з ацяпленнем, з авадненнем, з рознымі атрыбутамі найноўшае будаўнічае тэхнікі.
А навокал — шырокімі палатнінамі паслалася калгаснае поле, парэзанае на роўныя квадраты сеткай палявых дарог, упарадкаванае паводле правіл найдасканалейшага севазвароту.
Гэта была папраўдзе цудоўная работа, галоўна каштоўная тым, што ўся яна была зроблена на аснове рэальных разрахункаў, на аснове дакладных планаў, на якія клаў астатнія рэшткі сваіх надламаных сіл другі непакойны чалавек — чырвоны інвалід Якуб Лакота.
Але і тут не абышоўся стары Галілей без вечнага свайго дзівацтва — сярод усяе гэтае раскошы, як барадаўка на чыстым здаровым целе, тырчала ў поўнай сваёй красе мізэрная, убогая Галілеева хацёнка, і над ёй, як дзікі недарэчны ўбор на галаве вар'ята, узнасіліся непамерна вялікія, грамоздкія крыллі ветрака.
Што хацеў паказаць стары мудрагель гэтым сваім дзівачлівым жартам?..
З вялікімі патугамі ўдалося, нарэшце, навесці ў зале сякі-такі парадак, і Якуб Лакота зноў пачаў гаварыць:
— Таварышы! Перш чым рабіць далей свой даклад, я павінен адзначыць, што гэтая надзвычайна каштоўная і навучальная выстаўка, якую вы ўсе будзеце мець магчымасць тут аглядаць, збудавана выключна рукамі вядомага вам усім селяніна-бедняка Ахрэма Данілавіча Пунціка, або, як мы прывыклі зваць яго, Галілея. Ад імя ўправы калгаса я выказваю яму шчырую падзяку і прапаную абраць яго ў прэзідыум нашага сходу.
Зала выбухнула дружнымі воплескамі, і ўсе пачалі шукаць вачмі хударлявае фігуры старога вынаходцы.
Але Галілея ў зале ўжо не было: ён уцёк, скарыстаўшы агульнае замяшанне.
На цёмнай сівецкай вуліцы Галілея дагнаў яго прыяцель аптэкар Плакс — ён жа кіраўнік драмгуртка і местачковы філосаф.
— Гэта — тэхніка, Галілей? Га?..
Галілей, не сунімаючы свае дробнае лёгкае хады, адказаў:
— Кхе-кхе... Тэхніка, доктар... ага... тэхніка...
— А дзе ж там твой чалавек, Галілей? Я не бачыў там чалавека... Чаму ты, Галілей, якога новага чалавека сабе не прымудраваў, га?
Гэта падступнае запытанне сівецкага мізантропа, відаць, дадзела старому, і ён з навучальнай строгасцю прабурчаў:
— Няможна, доктар, так казаць пра людзей... ага... няможна... Новых людзей не трэба... Гэтыя людзі будуць новыя... Трэба, доктар, чалавека любіць... ага... трэба любіць...
Аптэкар Плакс хацеў быў яшчэ нешта сказаць, адылі абмежаваўся адным невыразным гукам, у якім не было нават досыць прыкметнае дозы звычайнага плаксаўскага скептыцызму.
I тут прыяцелі разлучыліся: Галілей патрусіўся некуды па цёплай сівецкай вуліцы, а кіраўнік драмгуртка і местачковы філосаф вярнуўся ў нардом паказваць калектывізаванаму сівецкаму грамадзянству сваю чарговую пастаноўку.