— I ты, Стася, супроць мяне? Што я зрабіла каму благога?
Стася паспепша яе супакоіла:
— Я на цябе не наракаю... Гэта — ваша асабістае... Я проста хачу пагаварыць...
Вера падсела бліжэй да яе і прашаптала з непадробленай ласкай і болем:
— Я так шкадую яго... Я, здаецца, усё б зрабіла, каб толькі яму лягчэй было... Я праўду кажу, Стася...
I яна нават прытулілася да Стасі і пяшчотна гладзіла яе руку, нібы гэта сядзела не Стася тут, а Стасін бацька.
Стася, мабыць, наважыла, што цяпер самы зручны момант пачаць «рашучую» размову, і, надаўшы голасу свайму глыбокую, мала не трагічную суровасць, запытала:
— Скажы, ты яго любіш?
I чыстая, бязвінная, як дзіця, Вера Засуліч з анёльскай шчырасцю ёй адказала:
— Я не ведаю, Стася...
Стася здзіўлена паглядзела на яе і гаварыла далей тонам старэйшага дасведчанага чалавека, які размаўляе з малым:
— Ну, як жа так — не ведаю... Каханне — гэта пачуццё такое... такое яснае... Заўсёды адчуваеш, ці кахаеш ты чалавека, ці не... Нават і калі дрэнна з ім... ну, калі паспрачаліся... калі разышліся нават... а ўсё роўна нешта ёсць да яго не такое, як да іншых людзей... Усё роўна цягне да яго, хочацца зноў сустрэцца з ім... хоць ведаеш, што гэта непатрэбна... немагчыма...
Тут Стася нават ціхенька, неўзаметку для Веры, уздыхнула, адылі схамянулася, што нагаварыла многа лішняга, і скончыла суха, разважна:
— Раз няма яснага пачуцця паміж людзей, дык і не можа быць у іх ясных стасункаў.
Вера слухала яе ў глыбокім замяшанні. Яна з хвіліну вагалася сама з сабой, а тады ціха, нясмела праказала:
— У нас... стасункі... у нас усё ясна...
Стася строга перапытала яе:
— Як гэта ясна?
— Бачыш, Стася... Я выйшла. Я выходжу замуж...
— За тату?
Вера яшчэ больш замяшалася:
— Не... За Шыбянкова... За Андрэя Шыбянкова...
Стася глядзела на яе вялікімі, поўнымі здзіўлення вачмі.
— А тата ведае?
— Не... Ён не ведае... Я не казала яму... Я не магла сказаць яму...
Стася, з усіх сіл хаваючы сваю раптоўную радасць, дзелавіта заявіла:
— Дык я сама скажу яму. Добра?
Вера ў радасным захапленні кінулася да яе:
— Стасечка, любая, скажы... Я так шкадую яго... Я так шкадую...
Яна парыўчата абнімала Стасю, а ў яе вялікіх цёмна-цёмна-сініх вачах блішчалі слёзы. Стася ўважна паглядзела на яе і шчырым прыяцельскім тонам зазначыла:
— Вера, ведаеш, што я скажу табе... Ты — хоць вялікая шэльма, але папраўдзе слаўная дзеўка.
Вера Засуліч шчасліва ўсміхнулася.
13
Справа Сымона Карызны, Пацяроба і яшчэ некаторых найбліжэйшых іхніх паплечнікаў разглядалася на пашыраным, спецыяльна для гэтае мэты скліканым пасяджэнні бюро райкома.
Сымон Карызна прыехаў у раён змрочны, пахмуры і праз увесь час, пакуль не пачалося пасяджэнне райкома, туляўся ў баку ад усіх, глуха зацяты ў жорсткім, амаль варожым да ўсіх маўчанні. Гэтая пахмурасць яго была заслонай, за якой ён хаваў сваё замяшанне і якой адгароджваўся ад сутычак з прыяцелямі, поўных немінучага ў гэткіх выпадках фальшу і двузначнасці.
Зусім іначай паводзіў сябе Пацяроб. Гэты і тут не страціў рызыкі і, горда замкнёны ў сваёй адумыслава-пацяробаўскай вялічнасці, звысака кідаў на ўсіх пагардліва-зачэпныя погляды, якія мусілі азначаць, што калі ён і не лічыць сябе пераможцам, дык у кожным разе яшчэ і далёка да таго, каб палічыў сябе за пераможанага.
— Яшчэ паглядзім, хто на чыё пераверне!
Пасяджэнне пачалося з даклада старшыні камісіі, што з даручэння райкома ездзіла ў Сівец дзеля азнаямлення на месцы з усімі дэталямі справы.
Карызна слухаў даклад з глыбокай напружанай цікавасцю. Канкрэтныя факты, якія з спакойнай, нават троху педантычнай стараннаспю выбіраў з сваіх бяздонных матэрыялаў дакладчык, паўставалі перад Карызнавай свядомасцю ў дзіўнай навізне, набываючы зусім новае, нечаканае для яго значэнне. Так часам якая-небудзь непрыкметная, нудная, абыклая для вока рэч, апынуўшыся ў руках чужога чалавека, раптам здзіўляе гаспадара незаўважанай дасюль яскравасцю.
I Карызну пачало здавацца, што справа ідзе тут зусім не аб ім, што гэта зусім не яго пералічаюцца тут сапраўды цяжкія, сапраўды невыбачныя злачынствы.
...Скрыўленне партыйнай лініі ў справе калектывізацыі, злоснае нарушэнне прынцыпу добраахвотнасці...
...Заціск здаровае ініцыятывы бядняцка-серадняцкай часткі насельніцтва...
...Парушэнне прынцыпу — «ліквідацыя кулацтва толькі на базе суцэльнае калектывізацыі» і скарыстанне раскулачвання з выключнай мэтай тэрарызацыі насельніцтва...
Читать дальше