I Рачкоўскі з уласцівай яму грубай пачуццёвасцю стаў найчарнейшымі фарбамі маляваць учынкі Карызны, якія з кожным словам яго — важкім, цвёрдым, як удар молата, паўставалі ўсё ў страшнейшым выглядзе.
Карызна кіпеў шалёным абурэннем, перамяшаным з злараднасцю.
«Ага! Ты гэтак? Ты такі тон узяў да мяне? Пастой жа, браток…»
I ён толькі чакаў, пакуль кончыць Рачкоўскі, каб зараз жа ўстаць і кінуць проста ў твар яму — жорстка, бязлітасна:
«А ты? А ты хто такі, калі я здраднік? Ці не з табой разам рабілі мы палавіну тых грахоў, за якія ты ганьбіш мяне? Ці не ты вёў мяне на іх, ці не ты кіраваў. А цяпер што, га?.. Можа, твая рызыка, твой задор і штурхнулі мяне на новыя злачынствы? Ты забыўся, як сам пад'юджваў мяне, як заклікаў мяне біць, варушыць усё да грунту, пераварочваць свет? Ага, ты забыўся?..»
Рачкоўскі нібы адгадаў Карызнаў намер і папярэдзіў яго:
— Мы ўсе памыляемся. У кожнага бываюць памылкі. Я таксама рабіў іх... Так, рабіў... Партыя ведае пра іх, ад партыі нельга хаваць ніводнага свайго кроку, як бы ты ні зрабіў яго: свядома ці несвядома...
Ён перавёў погляд на сяброў райкома, нібы беручы іх у сведкі правільнасці сваіх слоў, і гаварыў далей яшчэ з большай сілай і нават урачыстасцю:
— Партыя ведае пра мае грахі... Але партыя ведае і тое, што я гэтыя свае грахі — во...
Ён зрабіў рэзкі размашысты жэст, які выразней за слоў паказаў, як ён сцёр з твару зямлі нават апошні след сваіх грахоў.
— Адным ударам... Помніш, я казаў табе, га? Адным ударам! Во!..
I ўдар, які ён зрабіў кулаком аб стол, папраўдзе быў настолькі рашучы і моцны, што ўсё на стале задрыжала і заенчыла ў раптоўным сполаху.
Карызна далей не слухаў. Нечаканае прызнанне Рачкоўскага ашаламіла яго, выбіла з рук у яго апошні козыр і пагасіла ўсё ягонае абурэнне. Ён адно падумаў, як калісьці падчас прыезду свайго да Рачкоўскага: «Што гэта: хітры манеўр ці простая праўдзівая дарога наперад?»
Адылі адказу на гэтае сваё запытанне ён не шукаў — яго агарнула бяздонна-глыбокая апатыя. Ён не сачыў нават больш за ходам пасяджэння — сядзеў моўчкі ў сваім кутку, акунуўшыся ў збавіцельную бяздумнасць. I калі яму раптам прапанавалі слова, ён устаў і беспарадна пазіраў навокал, не ведаючы, пра што гаварыць. I сказаў зусім выпадковае, чаго не меў на мэце казаць, што неяк само па сабе ўсплыло на думку:
— Я старауся рабіць так, каб было добра...
I тут жа злавіў сам сябе на падступнай двузначнасці свайго сказу: «Каму добра — партыі ці сабе?»
Яго словы зрабілі на прысутных дрэннае ўражанне, бо ўсе чакалі ад яго шчырага прызнання памылак і ўсе зразумелі, што ён ад гэтага прызнання пастараўся ўнікнуць. Ён адчуў гэта і хваравіта ўсміхнуўся з свае незадачы.
«Смешна б было адмаўляць віну... бязглузда... Трэба было сказаць... Трэба сказаць...»
Але гаварыць было позна.
Сакратар райкома т. Гайдук — мізэрны, хударлявы чалавек, з смарчкаватым тварам, з даўгім, ды не надта паважным носам — у кароткіх і, здаецца, зусім малазначных словах падагуліў сэнс усяе справы, унітаваўшы яе — дробную, выпадковую — у шырокі размах усяго ўсёабдымнага руху эпохі. I ўсім ясна было, што гэтая агідная сівецкая пацяробаўшчына не ў адным Сіўцы завялася, што гэта — звычайная шума на магутных бурнапеністых хвалях рэвалюцыі.
I ўсім ясна было, што ні Карызну, ні Пацяробу няма больш месца ў бальшавіцкай партыі.
Далей былі толькі неабходныя фармальнасці.
Паклаўшы на стол партбілет, Сымон Карызна паспешна, каб унікнуць нязноснай яму ў гэты момант кампаніі Пацяроба і іншых сваіх таварышаў, выйшаў з райкома. Адылі, збегшы з высокіх ганкаў райкомаўскага дома, ён суняўся і з хвіліну стаяў на адным месцы — не таму, што не ведаў, куды ісці, а таму, што не чуў ніякай патрэбы ў тым, каб ісці куды-небудзь, каб рухацца, каб што-небудзь наогул распачынаць у гэтым новым, трагічна-пустым і невыразным сваім жыцці.
На дварэ патыхала ўжо блізкай вясной, і вільготны ветрык, мякка выпырхнуўшы з цемры, шаптаў на вуха даўнія наіўна-салодкія казкі, сабраныя недзе па маладзенькіх, палахліва прытоеных сярод брудных снягоў, праталінках.
I ў маўклівую пустату Карызнавага нутра прынёс раптам гарэзлівы вясновы ветрык шчымлівае і простае, як даўнія салодкія казкі, пачуццё.
Карызну стала сумна. Проста сумна, маркотна, як чалавеку, які разлучыўся з блізкімі людзьмі, як дзіцяці, што асталося без маткі. Гэта было першае адчуванне Карызны ў новым жыцці, і яно вярнула яго думкамі на хвіліну назад, у райком, адкуль павеяла на яго цудоўнай цеплынёй неўзваротнае дружнасці і сяброўства. Але яно і адштурхнула яго ад ганкаў райкомаўскага дома, бо ён ужо ведаў, што яму трэба ісці зараз у мізэрную чорную каморку заезнага дома і перажываць там першыя глухія гадзіны свае самоты.
Читать дальше