Дык вяселле Турынскае было вельмі гучнае. Паўтараста асоб з розных старон сабралася, і цэлы тыдзень банкетавалі, да нядаўна яшчэ можна было чуць розныя аб ім успаміны. Само сабой, калі далей буду спісываць свае ўспаміны, то яшчэ калісь нешта аб гэтым вяселлі напішу, бо мела яно шмат чаго цікавага з абычаёў вясельных даўных, што цяпер ужо пазабыты. На вяселлі былі і бацькі мае. Была такжа і грабіна [43] Грабіна (польск.) — графіня.
Юдыцкая з дачкой сваёй, паняй Рудзееўскай. Так мая матка, як і пані Юдыцкая, былі Есткоўны з дому і сустрэліся ў Турыне па доўгім часе разлукі з сабой. Вяртаючыся з вяселля, заехаліся яны ў Калатычы і тут найнеспадзяванне для сябе даведаліся, што Зарэчча не іх уласнасць, а што яно належыць да Нерэзыуша.
Увосені народ наш святкуе паганскае яшчэ свята Дзядоў. Хрысціянізм заўсёды шанаваў гэтае свята, каторае ўлівала народу веру ў бяссмерце душы. Вёскі, не зважаючы на непагадзь, пануючую ў гэтым часе, маюць святочны выгляд. Сцены ў гасподах вымыты да бела, каб душы дзядоў маглі з уцехай прыбліжацца да вокан і ўглядацца радасна на бяседуючых сваіх нашчадкаў. Мыслі кружацца і налятаюць, як чалавек аб гэтым падумае: можа гэтаксама налятаюць і кружацца наўкол духі дарагіх нашых нябожчыкаў? Dе Сhаtеаubriand [44] Dе Сhаtеаubriand — Шатабрыян дэ Франсуа Рэнэ (1768—1848) — французскі пісьменнік і палітычны дзеяч, прадстаўнік рэакцыйнага дваранскага рамантызму.
заклінае цені каралёў французскіх, каб не падходзілі да занечышчанай магілы ў S-t Dеnіs і каб не заглядалі ў змарнаваную бацькаўшчыну. Загадвае каралю засягаць муравы вясковых магілак.
Сягнуўшы мыслю, сколькі ж гэта бачыцца сяліб сягоння апаганеных, сколькі ж гэта дзядоў не мае па што заглядаць у дамовыя вогнішчы?! Сколькі ж гэта дзядоў не пазнала б сваёй нашчадзі на тэй зямлі, дзе спачываюць іх косці! Я, дзеля пашанавання сягонняшняга вечару дзядоў, выйшаў на мост, каб падумаць аб памёршай радзіне і прыяцелях. Я саўсім спакоен, нішто маіх думак не трывожыць. Няхай жа думкі мае будуць трызнай хаўтурнай дзедаўскай, маім антэнатам [45] Антэнат (польск.) — продак, прашчур.
.
Прыпамінаецца мне адно здарэнне з далёкай маей мінуўшчыны. Было гэта ў Францыі, з паміж маладзёжы я адзін быў з Беларусі, дык злажыўся праект, што я павінен уладзіць трызну Дзядоў. Ахвоча на гэта прыстаў я і выступіў з пачастункам. Былі пячоныя гусі з грыбкамі, а замест крупніку — добра запраўленае lе vin сhaud [46] Lе vin сhaud (фр.) — цёплае віно.
. Гэта апошняе так гумар успасобіла, а часы былі поўны ясных надзей, што пастанавілі мы зрабіць ваенную муштру, і то не пяхоты, а кавалерыі. Каждае крэсла сталася жэрабцом, капітан Ільдэфонс Коссілоўскі (эмігрант) прыняў каманду, а Валер’ян Калінка, пазнейшы ксёндз і гісторык, гарцаваў наперадзе нас. Суседкі мае думалі, што дом зваліцца, а было гэта на чацвёртым паверсе. Назаўтра меў я візыту паліцыі, але я ўвесь гэты гармідар вытлумачыў як рэч абрадавую, патрыятычную, і на гэтым вышло ўсё.
Пісьменнік-дэмакрат Альгерд Абуховіч
У 1893—1894 годзе, калі я быў яшчэ вучнем трэцяга ці чацвёртага класа Слуцкай гімназіі, мой бацька, вярнуўшыся са службы ў паштова-тэлеграфнай канторы, дзе ён працаваў дробным служачым, папярэдзіў маю маці, што вечарам у нас будзе госць, якога трэба ветліва прыняць.
— Ты, пэўна, чула пра пана Абуховіча? Паны лічаць яго дзіваком, бо ён адрокся ад маёнтка і сям’і, жыве на свой уласны заработак, знаецца з простымі людзьмі і нават піша вершы на простай мове, мове мужыкоў і рамеснікаў. Ён праз сваіх знаёмых гімназістаў даведаўся, што нашы хлопцы абодва вучацца ў гімназіі, і прыйшоў да мяне ў кантору, каб са мною пазнаёміцца, і вельмі мяне і цябе хваліў за тое, што мы так дбаем пра навучанне сваіх дзяцей... Я запрасіў да нас гэтага прыяцеля працоўнага народа, добрага і прыязнага людзям чалавека. Дык, калі ласка, паклапаціся!..
А вечарам таго дня, у агародчыку ля дома, дзе мы жылі, за чайным сталом з рознай закускай, мы мелі госцем гэтага «дзівака» і слухалі яго, Альгерда Абуховіча, вершы на беларускай мове, пераважна байкі. У іх пісьменнік умела, у трапных выразах і словах высмейваў паноў і падпанкаў, заможных сялян і фанабэрыстых шляхцюкоў, ксяндзоў і царскіх «чынадралаў»... Бацька з маткаю з захапленнем слухалі яго творы і часта дружна смяяліся.
Я сядзеў і слухаў, як зачараваны, бо ўпершыню з вуснаў пана, хаця і ў паношанай вопратцы, прытым ад чалавека ўжо са срэбрам у валасах чуў «дзіва» — мілагучныя вершы на той мове, якой я, жывучы да дзевяці гадоў у сям’і дзеда і бабкі, карыстаўся, якую я лічыў прыгожай і якую я ў гімназіі бараніў перад сваімі аднакласнікамі, што яе ганілі і высмейвалі. Пісьменнік у маіх вачах цяпер паўставаў як абаронца мовы свайго народа, як вястун і чараўнік роднага слова.
Читать дальше