Альгерд Бахарэвіч
Ніякай літасці Альгерду Б.
Кнігу складаюць матэрыялы з аўтарскай калонкі ГКК «Будзьма беларусамі!»
© Бахарэвіч А., 2014
© ПВУП «Галіяфы», 2014
© ГКК «Будзьма беларусамі!», 2014
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2015
Улетку 2013 году, вярнуўшыся з Гамбургу ў Менск, аўтар гэтай кнігі пачаў весьці штотыднёвую калёнку на сайце budzma.by. У выніку амаль за год ім было напісана блізу сарака эсэ, прысьвечаных самым розным праявам беларускага жыцьця. Культура і гісторыя, літаратура і кіно, мроі і спадзяваньні, асабістае і грамадзкае, вечнае і надзённае, Беларусь як частка Эўропы і Эўропа як беларускі сон – вось толькі некаторыя з тэмаў, якія зрабіліся вызначальнымі для гэтай кнігі. Кнігі пра сваё, напісанай тут і цяпер.
Калі-небудзь я зраблю гэта. Выдам кніжку пад назваю “Менск у сусьветнай літаратуры”. Квадратную, шурпатую і дарагую – як італійская кафля ў ванны пакой.
Сто невялікіх главаў, дзесяць факталягічных памылак (добра, адзінаццаць), пяць порнаабдруковак на любы густ і просты цагляны мур на вокладцы. Так, яна будзе рудога колеру, мая кніга – колеру бессэнсоўнае працы, колеру менскага сонца, якое заходзіць – на пасадку ў Менск-2 ці проста так, таму што вечар: інстынктыўна . А галоўная памылка і галоўны падман гэтай кнігі будуць у назьве. Бо ніякага Менску ў сусьветнай літаратуры насамрэч няма. Або так мала, што некаторыя згадкі пра яго давядзецца прыдумаць. Разам з загадкамі. Так мая квадратная кніга непазьбежна дэградуе ў кола. Інакш кажучы, у раман.
Калі хтосьці з замежных пісьменьнікаў піша: “Менск” – ён звычайна ня мае на ўвазе нічога пэўнага. Ні вуліц, ні людзей, ні пахаў, ні нават дробнае гатэльнае прыгоды. Уяўляю яго: ён нават праляцець над Менскам ня можа як сьлед, накіроўваючыся па неабавязковай літпатрэбе з Франкфурту ў які-небудзь новасібірскі вырай, гэты самаўпэўнены дурань, а ручонка, бач ты, ужо выводзіць: М-е-е… Менск на старонках замежнай літаратуры почасту – ня больш рэальны за Авалён; з гэткім самым посьпехам ён мог бы звацца Немскам, бо ён нікому нічога не гаворыць. У яго іншая функцыя. Менск – прабірка для пэрсанажаў другога-трэцяга пляну, засунутая ў самы цёмны кут лябараторыі. Менск – гэта імя для пустаты, якая з той ці іншай прычыны спатрэбілася аўтару, бо і пустата часам уваходзіць у рэцэпт – але крамы ўжо не працуюць. Таму – Minsk, Минск. Хто паедзе? Хто праверыць? Усе павераць.
У нейкім сэнсе кожны горад існуе роўна настолькі, наколькі ён існуе ў сусьветнай літаратуры. Любому месцу і любому месту важна мець рэха, быць прамоўленымі. Іншым, не сваім голасам. Важна быць пабачаным, запісаным, пачутым, разьмешчаным у чужых калекцыях, у чужых мовах і каардынатах. У гэтым сэнсе Менск прывідны. Ён трымаецца на сумневе ў сваім існаваньні. Ён трымаецца на адсутнасьці кантролю за праўдай. Магчыма, палова заходніх чытачоў, сустракаючы ў тэксьце назву “Менск”, лічыць, што гэта прыдумка аўтара. Прычым ня самая ўдалая, усё-ткі тры зычныя на канцы – гэта perabor.
Сапраўды, Менск цяжка ідэальна зарыфмаваць. Калі ня браць у разьлік Мцэнск і Васкрасенск, вядома. І Мінск цяжка. Магчыма, таму пра паэзію ў маёй вялікай квадратнай кнізе будзе мала.
Затое проза ў ёй будзе самая першаклясная.
Напрыклад, там будзе Рабэрта Баланьё. І – Умбэрта Эка, які нечакана згадаў Менск у рамане “Праскія могілкі”:
“…Выраблены пяцьдзясят гадоў таму ў Менску дакумэнт з указаньнямі такога мізэрнага кшталту, як, напрыклад, каго яўрэю варта запрашаць на сьвята, а каго не, ні ў якім разе не даводзіў, што гэтыя правілы вызначаюць дзеяньні вялікіх банкаў у Парыжы або Бэрліне. І перадусім: ніколі, ніколі нельга працаваць з сапраўднымі ці напаўсапраўднымі дакумэнтамі!..Чаму, скажыце, калі ласка, вінаградара ў Шампані мусіць хваляваць тое, што яўрэі ў Менску прадпісваюць такім самым яўрэям, як ім ладзіць вясельлі сваіх дачок?…"
Сапраўды, чаму?.. Кантэкст, у які Эка дабрадушна засоўвае Менск, безумоўна, парадуе тых чытачоў, хто перакананы ў арыйскім паходжаньні нашай нацыі. Вядома, можна крыўдаваць, што ў сваім тоўстым рамане Эка не знайшоў для Менску кантэксту гераічнейшага ці хаця б проста сур'ёзьнейшага, але: ну так, не Парыж і не Бэрлін, не Мілян і ня Прага – але ж «прадпісваюць» ня нам, «прадпісваем» мы.
Натуральна, мая кніга пра Менск у сусьветнай літаратуры не абыдзецца і без Набокава.
Читать дальше