- Ардынарыя? - спыталася яна, рухам галавы паказваючы на мяшок.
- Але! Асьміну жыта за мінулы месяц... з мякінай змяшала... каб ёй косці скруціла!
- Хто? Бахрэвічыха? Ці гэта яна выдавала?
- А яна... ведзьма! Каб ён выдаваў, мякіны б не даў... ды сама з ключамі прыляцела... «Давай, хаме, мяшок!» І насыпала палову жыта, а палову мякіны... каб ёй так хваробаў насыпала...
Калі мужчына гэта расказваў, Хрысціна набліжалася да яго. А спынілася - было відаць, што ўглядаецца ў ягоны твар.
- Ай, Ясюк, Ясюк! Каб яна дзень і ноч сыпала, не насыпала б табе столькі мякіны, колькі слёз вылілася праз яе з маіх вачэй... Вочы я праз яе над сабой і маімі сынкамі выплакала і думала, што за маю крыўду Пан Бог на яе хуткі канец нашле... Не наслаў. Пануе і раскашуе...
Стаяла выпрастаўшыся і трэсла галавой. Мужчына толькі раз абыякава кіўнуў галавой.
- Ага! - буркнуў.
Раптам, аднак, спытаўся:
- Чаго ты туды ляціш? Паглядзець яшчэ хочацца? Калі маладая была, выгнаў, то чаго ўжо зараз у вочы лезці? Лепш бы спала ў хаце на печы!
Усё яшчэ выпрамленая, нерухомым позіркам упёршыся ў чалавека, сціснуўшы падбародак пальцамі правай рукі, кабета сказала:
- Выгнаў, то і выгнаў... Але чаго ён перад тым сватоў, што прыязджалі да мяне, выганяў? Калі не кахаў, то навошта сватоў выганяў?
Прамаўляла яна манатонным, ці то задумлівым, ці то здзіўленым голасам.
І далей працягвала:
- Кажа, бывала: «Хрысця, пачакай толькі! Як вуканомам мяне зробяць, ажанюся з табой». Сватоў праганяў... Ні мяне дружкі на дзяжу садзілі, ні мне спявалі: «Коні цугам! Коні цугам!», ні я зерне ў куты мужавай хаты сыпала, ні мне свякроўка галаву дзяжой накрывала...
Голас яе набіраў гук манатоннага спеву. Ясюк нецярплівым рухам паправіў мяшок на спіне.
- От, - сказаў, - прыпомніла сабе баба дзявочы вечар і плакаць стала...
Але нялёгка было спыніць Хрысцініны прызнанні і скаргі. Не гаварыла, а хутчэй галасіла далей:
- Ніхто мне гараваць не памагаў, ніхто маіх сынкоў на руках сваіх не калыхаў, ніхто маёй галоўкі не пашкадаваў. Сама, адна я жыла, працавала, гаравала , скуру з рук сабе здзірала, босая хадзіла, поснае ела, а ўсё пра сынкоў сваіх...
- Годзе! Годзе! - буркнуў Ясюк. - Хадзі дахаты! Разам ісці весялей будзе!
- Не магу я дахаты ісці, Яська, не магу дахаты! - завяла жанчына. - Мушу я ісці да Бахрэвіча і пакланіцца яму нізка, і пра ратунак для майго Піліпкі прасіць...
- Ага! - прамармытаў мужчына, як быццам цяпер ужо зразумеўшы, чаго Хрысціна ішла да аканома.
- Разумнейшы ён за мяне... можа, злітуецца над сваім уласным дзіцем... можа, парадзіць... можа, паможа... можа, уратуе...
- Ага! - паўтарыў мужчына. І дадаў: - З Богам!
- З Богам! - адказала кабета, і яны разышліся. Расстанне гэтае было раптоўным і развітанне кароткім.
Яму цяжка было стаяць з асьмінай жыта на плячах, ёй трэба было спяшацца прасіць паратунак для Піліпкі. Жылі яны разам ці блізка адно каля аднаго, бо, адышоўшы колькі крокаў, мужчына павярнуўся і спытаў:
- Калі дахаты вернешся?
- Сёння, зараз! Ці ж я тут гуляць буду?
Праз тую самую дзірку трошкі пахіленай брамкі, дзе са сваім мяшком ледзь праціснуўся Ясюк, яна лёгка ўвайшла на цёмны і гразкі панадворак фальварка. Пасярод гэтага панадворка на фоне вячэрняга змроку выдзялялася вялікаю цёмнаю плямай купка невысокіх дрэў: можа, кусты акацый, а можа, бэз. Шырокія палосы святла падалі на іх з двух асветленых вокан невялікага дома, залоцячы і аздабляючы далікатнымі ўзорамі яшчэ голыя, без лісця галіны. Хрысціна стала пад дрэвамі і цалкам злілася з іх фонам. З-за асветленых вокан далятала на панадворак гучная гамана. Грубы і раз'ятраны голас крычаў:
- Не па-нямецку і не па-французску табе казала. Не раз і не дзесяць разоў, але сто разоў, тысячу разоў, мільёны разоў казала: «Як едзеш на імшу ў Рудню, дык прывязі бутэльку пантаку*!» Ці ты калі прывёз? Га? Чаму не прывёз? Узяў з сабою рубель, а дахаты прывёз дзесяць капеек... Як спаць пайшоў, я ўсе кішэні ў сурдуце і ў камізэльцы перавярнула і толькі дзесятку знайшла. А дзе ж рубель падзеўся? Пэўна, за яго для якой каханкі стужак накупляў, а віна для жонкі і дзяцей, каб не сорамна было госця прыняць, шкадуеш...
* Пантак - гатунак чырвонага віна .
Тут гэтая лавіна жаночых слоў была перапынена іншым голасам, таксама жаночым і таксама разгневаным, але гучаў ён маладзей і больш прыемна...
- Мая мамка! Але ж хіба татка думае калі пра нас? Ці ж татка дбае пра тое, што з намі будзе?
Трэцяя жанчына, таксама, відаць, маладая, падхапіла:
Читать дальше