— Хлопцы, на сёння ўсё! — прапанаваў Кёстэр. — За дзень зарабілі дастаткова. Нельга дражніць бога. Давайце выедзем на «Карле» і патрэніруемся перад гонкамі.
Юп ужо пакінуў калонку без прыгляду. Ён усхвалявана выціраў рукі.
— Пан Кёстэр, тады пакуль што тут камандаваць буду я, добра?
— Не, Юп, — са смехам адказаў Ота. — Едзем з намі!
Мы спачатку паехалі ў банк і абмянялі чэк. Ленц ніяк не мог супакоіцца, пакуль не ўпэўніўся, што ўсё ў парадку. Потым мы панесліся так, што аж іскры пасыпаліся з вачэй.
Я стаяў насупраць сваёй гаспадыні.
— Дзе гарыць? — спытала фраў Залеўскі.
— Нідзе, — адказаў я. — Я проста хачу заплаціць за кватэру.
Да тэрміну было яшчэ тры дні, і фраў Залеўскі ледзь не звалілася з ног.
— Тут нешта не тое, — з падазрэннем вымавіла яна.
— Не бойцеся, — адказаў я. — Дазвольце мне сёння ўвечары ўзяць два крэслы з вашай гасцёўні.
Гатовая рынуцца ў бой, яна ўпёрла рукі ў магутныя сцёгны.
— Вось табе і маеш! Вам ужо не падабаецца ваш пакой?
— Падабаецца. А яшчэ больш — крэслы з вашай гасцёўні.
Я растлумачыў ёй, што, магчыма, да мяне ў госці прыйдзе кузіна, а таму хацелася б зрабіць пакой больш утульным. Яна засмяялася, аж грудзі закалыхаліся.
— Кузіна, — паўтарыла яна з пагардай. — А калі ж тая кузіна з'явіцца?
— Гэта яшчэ не дакладна, — сказаў я. — Але калі прыйдзе, то не позна, на вячэру… Чаму вы не верыце, што гэта кузіна, фраў Залеўскі?
— Няхай сабе, — адказала яна. — Але кузінам не пазычаюць крэслаў.
— А я пазычаю, — настойваў я. — Ведаеце, я вельмі шаную сваяцкія адносіны.
— Відаць па вас! Ветрагоны вы ўсе! Вазьміце крэслы. У гасцёўню пастаўце пакуль што чырвоныя плюшавыя.
— Вялікі дзякуй! Заўтра ўсё прынясу назад. І дыван таксама.
— Дыван? — Яна павярнулася да мяне. — Хто тут хоць слова гаварыў пра дыван?
— Я. І вы таксама. Толькі што.
Яна глядзела на мяне бездапаможна.
— Гэта ж як камплект, — сказаў я. — Крэслы ж стаяць на дыване.
— Пан Локамп, — велічна заявіла фраў Залеўскі, — не перабірайце цераз край. Мера ва ўсім — так гаварыў нябожчык Залеўскі. Нялішне было б засвоіць і вам.
Мне было вядома, што нябожчык Залеўскі, нягледзячы на гэтае правільнае выслоўе, памёр ад перапою. Яго жонка сама пры іншых абставінах даволі часта расказвала мне пра гэта. Тым не менш яна карысталася сваім мужам, як іншыя Бібліяй: каб цытаваць. І чым больш часу мінала пасля яго смерці, тым больш яна прыпісвала яму. Ён быў прыгодны цяпер да любога выпадку — як і Біблія.
Я ўзяўся прыбіраць сваю каморку. Паполудні я патэлефанаваў Патрыцыі Хольман. Яна хварэла, і я не бачыў яе цэлы тыдзень. Цяпер мы дамовіліся сустрэцца ў восем гадзін, і я прапанаваў ёй павячэраць у мяне, а потым пайсці ў кіно.
Крэслы і дыван мелі шыкоўны выгляд. Але асвятленне страшэнна не пасавала да іх. Таму я пастукаўся ў суседні пакой да сям'і Хасэ, каб пазычыць настольнай лямпы. Фраў Хасэ, змораная, сядзела каля акна. Муж яшчэ не прыйшоў. Ён кожны дзень адну-дзве гадзіны працаваў звышурочна, толькі каб не звольнілі. Фраў Хасэ была падобная да падбітай птушкі. У яе невыразных старэючых рысах усё яшчэ можна было ўбачыць вузкі твар дзіцяці — расчараванага, сумнага дзіцяці.
Я сказаў, чаго прыйшоў. Яна ажывілася і прынесла мне лямпу.
— Дарэчы, — сказала яна, уздыхаючы. — Калі пачынаеш прыпамінаць, раней…
Гісторыя была не новая. Гаворка ішла пра перспектывы яе жыцця, калі б яна не пайшла за Хасэ. Гэтая гісторыя была вядомая мне і ў іншым варыянце: як яе расказваў Хасэ. Тут гаворка ішла пра перспектывы яго жыцця, калі б ён застаўся халасцяком. Гэта, відаць, была самая тыповая гісторыя ва ўсім свеце. І самая бесперспектыўная.
Я хвілінку паслухаў, падаў некалькі нязначных рэплік і падаўся да Эрны Бёніг, каб узяць грамафон.
Фраў Хасэ пра Эрну гаварыла толькі як пра жанчыну, «што жыве па суседстве». Яна пагарджала ёй, бо зайздросціла. А мне яна падабалася. Яна цвяроза ставілася да жыцця і ведала, што трэба ўстойліва стаяць на нагах, каб урваць кавалачак таго, што называецца шчасцем. Яна ведала таксама, што за яго трэба плаціць падвойную і патройную цану. Шчасце — самая ненадзейная і самая дарагая па цане рэч у свеце.
Эрна ўкленчыла каля сваёй валізкі, выбіраючы мне пласцінкі.
— Хочаце факстроты? — спытала яна.
— Не, — адказаў я. — Я не ўмею танцаваць.
Яна здзіўлена зірнула на мяне.
— Не ўмееце танцаваць? Дык а што вы робіце ў вольны час?
— Я танцую глоткай. Нядрэнна атрымліваецца.
Читать дальше