Яна пахітала галавой.
— З мужчынам, які не ўмее танцаваць, у мяне не было б ніякіх варункаў.
— У вас строгія прынцыпы, — адказаў я. — Але ж ёсць і іншыя пласцінкі. Нядаўна вы ігралі вельмі прывабную… гэта быў жаночы голас пад гавайскую музыку ці нешта такое…
— Ах, тая пласцінка — чароўная. «Як бы я жыла без цябе…» — гэтая?
— Правільна! Чаго толькі не прыйдзе ў галаву паэтам-песеннікам. Мне здаецца, што толькі яны рамантыкі, якія засталіся.
Яна засмяялася.
— А чаму і не? Вось такі грамафон — таксама свайго роду кніга для запісаў. Даўней вершы запісвалі ў альбом, сёння дораць грамафонныя пласцінкі. Калі мне хочацца пра нешта ўспомніць, мне варта толькі зайграць пласцінку таго часу, і зноў усё ажывае.
Я паглядзеў на стосы пласцінак, што ляжалі на падлозе.
— Калі судзіць па пласцінках, Эрна, то ў вас процьма ўспамінаў.
Яна ўстала і адкінула рыжаватыя валасы.
— Так, — сказала яна, адсунуўшы пласцінкі нагой, — але мне хацелася б нечага сапраўднага…
Я распакаваў усё, што купіў на вячэру, і расставіў на стале як змог. З кухні дапамогі чакаць не выпадала — занадта дрэнныя адносіны былі ў нас з Фрыдай. Яна магла б толькі нашкодзіць мне. Але добра было і так, і неўзабаве мая старая каморка заблішчала да непазнавальнасці. Крэслы, лямпа, накрыты стол… я адчуваў, як ува мне расце трывожнае чаканне. Я адправіўся на сустрэчу, хоць у мяне было яшчэ больш за гадзіну часу. На дварэ дзьмуў вецер, моцнымі парывамі вылятаючы з-за вуглоў дамоў. Ліхары ўжо свяцілі. Змярканне паміж дамамі сінела, як мора. «Інтэрнацыяналь» плыў у ім, як ваенны карабель з прыбранымі ветразямі.
Я заскочыў у яго.
— Гоп-ля, Роберт, — сказала Роза.
— Што ты тут робіш? — сказаў я. — Чаму не выходзіш?
— Яшчэ ранавата.
Бясшумна падышоў Алоіс.
— Аднапавярховы? — спытаў ён.
— Трохпавярховы, — адказаў я.
— Пачынаеш магутна, — выказала думку Роза.
— Для смеласці, — сказаў я і выпіў ром.
— Можа, сыграеш? — спытала Роза.
Я пахітаў галавой.
— Няма ахвоты сёння. Занадта ветрана сёння, Роза. Як пажывае малая?
Яна заўсміхалася на ўсе свае залатыя зубы.
— Каб не сурочыць, добра. Заўтра зноў паеду да яе. На гэтым тыдні добра зарабіла. Старыя казлы адчулі ўжо вясну. Завязу ёй новае паліто. Шарсцяное, чырвонага колеру.
— Апошні крык моды, — сказаў я.
Роза заззяла.
— Ты — джэнтльмен, Робі.
— Каб ты толькі не памылілася, — сказаў я. — Давай вып'ем разам. Анісаўкі, ці што?
Яна згодна кіўнула. Мы чокнуліся.
— Скажы, Роза, як ты адносішся да кахання? — спытаў я. — Ты ж разбіраешся ў гэтай справе.
Яна гучна зарагатала.
— Кінь ты, — сказала яна. — Каханне! Ах, мой Артур… калі я думаю пра нягодніка, я і цяпер адчуваю слабасць у каленках. Я табе скажу, Робі, сур'ёзна: жыццё чалавека занадта доўгае для кахання. Проста занадта доўгае. Гэта мне даказаў мой Артур, калі змыўся. І гэта так. Каханне — гэта цудоўна. Але бывае, аднаму здаецца, што яно зацягнулася. А другі сядзіць і ўпарта чакае. Чакае, як вар'ят.
— Зразумела, — сказаў я. — Але ж і без кахання ты як нябожчык на адпачынку.
— Бяры прыклад з мяне, — адказала Роза. — Нажыві дзіця. У цябе будзе каго любіць, і ты супакоішся.
— Разумна, — сказаў я. — Толькі гэтага мне і не хапала.
Роза задумліва захітала галавой.
— Якой лупцоўкі я паспытала ад свайго Артура… і ўсё роўна, калі б ён зараз увайшоў… капялюш на патыліцы… Дарагі мой! Толькі ад думкі пра яго я дрыжу ўся.
— Вып'ем за здароўе Артура! — сказаў я.
Роза засмяялася.
— Няхай жыве блядун! Будзь здароў!
Мы выпілі.
— Да пабачэння, Роза. Жадаю поспеху ўвечары.
— Дзякуй! Да пабачэння, Робі!
Стукнулі дзверы ў калідоры.
— Прывітанне, — сказала Патрыцыя Хольман. — Так глыбока задумаўся?
— Ды не. Але… як пажываеце? Паправіліся? А што балела?
— А-а, нічога асаблівага. Прастудзілася, паднялася тэмпература.
Яна не выглядала хворай і зняможанай. Наадварот, яе вочы, здавалася, яшчэ ніколі не былі такія вялікія і ззяючыя. Твар крыху расчырванеўся, а рухі былі плаўныя, як у маладога прыгожага звярка.
— У вас цудоўны выгляд, — сказаў я. — Зусім здаровы! Мы можам зрабіць процьму цікавых спраў.
— Гэта было б выдатна, — адказала яна. — Але не сёння. Сёння я не магу.
Я ўтаропіўся на яе, не разумеючы.
— Вы не можаце?
Яна адмоўна пахітала галавой.
— На жаль, не магу.
Я ўсё яшчэ не разумеў. Мне здалося, што ёй не падабаецца мая каморка і таму яна вырашыла павячэраць у іншым месцы.
Читать дальше