Я закусіў вусны. Я ніколі яшчэ не чуў, каб яна так гаварыла. Яна заўсёды была сарамлівая, і яе прыхільнасць выяўлялася хутчэй у жэстах і позірках, чым у словах.
— Я пастараюся прыехаць да цябе, Пат, — сказаў я.
— Праўда, Робі?
— Праўда. Магчыма, у канцы студзеня.
Я ведаў, што гэта, напэўна, будзе немагчыма, таму што з лютага трэба будзе плаціць за санаторый. Але я сказаў ёй так, каб падбадзёрыць яе. Потым будзе няцяжка адкласці прыезд, пакуль яна не вернецца.
— Бывай, Пат, — сказаў я. — Жадаю табе ўсяго найлепшага. Будзь сёння вясёлая.
— Добра, Робі. Сёння я шчаслівая.
Я зайшоў за Георгі, і мы з ім пайшлі ў кавярню «Інтэрнацыяналь». Стары пракураны шынок было не пазнаць. Гарэла калядная ёлка, і яе цёплае святло адбівалася ва ўсіх бутэльках, шклянках, у нікелі і медзі стойкі. Прастытуткі ў вячэрніх сукенках, увешаныя падробнымі каштоўнасцямі, сядзелі за столікамі, чакаючы.
Роўна ў восем у зале з'явіўся аб'яднаны хор гандляроў жывёлай. Каля дзвярэй яны разбіліся на галасы: справа — першы тэнар, злева — другі бас. Стэфан Грыгаляйт, удавец і гандляр свіннямі, дастаў камертон, даў першую ноту, і спеў на чатыры галасы пачаўся.
Дай паломніку спакой,
Божа, у святой начы.
І анёльскаю рукой
Боль сардэчны палячы.
У блакітным моры
Ярка свецяць зоры,
Палячу без зморы
Да цябе душой.
— Як люба, — сказала Роза і выцерла слёзы з вачэй.
Адгучала другая страфа. Гучныя воплескі. Хор у падзяку пакланіўся. Стэфан Грыгаляйт выцер спацелы лоб.
— Бетховен ёсць Бетховен, — заявіў ён.
Ніхто не запярэчыў. Стэфан схаваў хусцінку.
— А зараз — да зброі!
Стол быў сервіраваны ў вялікай зале, дзе звычайна збіраліся члены саюза. Пасярэдзіне на срэбных блюдах, якія стаялі на маленькіх спіртоўках, красаваліся двое парасят, запечаныя да рудаватай скуркі. У лычах у іх былі лімоны, на спінках маленькія запаленыя ёлачкі. Яны ўжо з нічога не дзівіліся.
З'явіўся Алоіс у фраку, падарунку ад гаспадара. Ён прынёс з паўтузіна збаноў з віном і наліў. З ім прыйшоў Потэр з таварыства крэмацыі, які толькі што кіраваў спальваннем нябожчыка.
— Мір на зямлі! — сказаў ён з гонарам, падаў Розе руку і сеў каля яе.
Стэфан Грыгаляйт, які адразу ж запрасіў Георгі да стала, устаў і зрабіў самую кароткую і самую лепшую прамову ў сваім жыцці. Ён падняў куфель з іскрыстым «Ваххольдэрам», зірнуў на ўсе бакі ззяючым позіркам і выгукнуў:
— На здароўе!
Потым ён зноў сеў, і Алоіс прынёс свіныя ножкі, квашаную капусту і бульбу. З'явіўся гаспадар з падносам, на якім стаялі вялікія куфлі залацістага пльзенскага піва.
— Еш не спяшаючыся, Георгі, — сказаў я. — Твайму страўніку трэба спачатку прывыкнуць да тлустага мяса.
— Мне ўвогуле трэба спачатку прывыкнуць, — адказаў ён і зірнуў на мяне.
— Гэта прыйдзе хутка, — сказаў я. — Толькі не трэба параўноўваць. Тады ўсё пойдзе як трэба.
Ён кіўнуў галавой і зноў нахіліўся над сваёй талеркай. Раптам на другім канцы стала распачалася сварка. Пачуўся каркаючы голас Потэра. Ён хацеў чокнуцца з гандляром цыгарамі Бушам, але той адмовіўся, заявіўшы, што ён не хоча піць, каб пакінуць больш месца ў жываце для ежы.
— Глупства, — лаяўся Потэр. — Калі ясі, трэба піць. Калі п'еш, нават больш улезе.
— Лухта! — буркнуў Буш, хударлявы высокі мужчына з плоскім носам і ў рагавых акулярах.
Потэр аж падскочыў.
— Лухта? І гэта гаворыш мне ты, тытунёвая сава!
— Ціха! — крыкнуў Стэфан Грыгаляйт. — Ніякіх скандалаў на куццю!
Ён папрасіў, каб яму расказалі, у чым справа, і прыняў саламонава рашэнне: праверыць на практыцы. Перад спрачальнікамі паставілі па некалькі аднолькавых місак з мясам, бульбай і капустай. Порцыі былі вялізныя. Потэр мог піць, што хацеў, Буш мусіў есці насухую. Каб надаць канфлікту вастрыні, Грыгаляйт арганізаваў таталізатар, і на абодвух пачалі ставіць.
Потэр абставіўся куфлямі з півам, а паміж імі, нібы брыльянты ў каралях, паблісквалі маленькія чаркі з гарэлкай. Заклад быў на яго карысць — 3:1.
Буш глытаў пражорліва, нізка нахіліўшыся над талеркай. Потэр змагаўся ў адкрытай стойцы. Пры кожным глытку ён зласліва гаварыў Бушу: «За здароўе», на што той адказваў позіркам з нянавісцю.
— Мне кепска, — сказаў мне Георгі.
— Пайшлі выйдзем.
Я завёў яго ў прыбіральню, а сам сеў у фае пачакаць. Саладжавы пах свечак мяшаўся з пахам хвойных іголак, якія згаралі, патрэскваючы.
І раптам мне здалося, быццам я пачуў лёгкія любімыя крокі, быццам адчуў цёплае дыханне і ўбачыў перад сабой вочы…
Читать дальше