— Будзьце здаровы, дзеці! Вып'ем за тое, што жывыя! За тое, што дыхаем! За тое, што мы так моцна адчуваем жыццё, што нават не ведаем, што з ім рабіць!
— Сапраўды, — сказаў Фердынанд. — Толькі няшчасны ведае, што такое шчасце. Шчаслівы — як манекен. Ён толькі дэманструе шчасце жыцця. Ён ім не валодае. Святло не свеціць на святле. Яно свеціць у змроку. За змрок! Хто хоць раз перажыў навальніцу, той разумее, што такое электрычны разрад. Да д'ябла навальніцы! Няхай будзе блаславёна наша кароткае жыццё! Любячы яго, мы не закладзём яго пад працэнты! Мы скарыстаем яго самі! Піце, дзеці! Ёсць зоркі, што свецяць кожную ноч, хоць яны пагаслі ўжо дзесяць тысяч светлавых гадоў назад! Піце, пакуль ёсць час! Няхай жыве няшчасце! Няхай жыве змрок!
Ром стукнуў мне ў галаву. Я ціха ўстаў і пайшоў да Фрэда ў кабінет. Ён спаў. Я разбудзіў яго і папрасіў заказаць тэлефонную размову з санаторыем.
— Пачакайце, — сказаў ён. — У гэты час хутка даюць.
Праз пяць хвілін тэлефон зазваніў.
— Я хачу пагаварыць з фройляйн Хольман, — сказаў я.
— Хвілінку, я звяжу вас з дзяжурнай.
Мне адказала старшая сястра:
— Фройляйн Хольман ужо спіць.
— У яе пакоі няма тэлефона? — Вы не можаце разбудзіць яе?
Голас павагаўся.
— Не. Сёння ёй ужо нельга ўставаць.
— Штосьці здарылася?
— Нічога. Толькі ў гэтыя дні ёй трэба паляжаць.
— Сапраўды нічога не здарылася?
— Не, не, спачатку заўсёды так. Яна павінна паляжаць у пасцелі і адаптавацца.
Я павесіў слухаўку.
— Запозна? — спытаў Фрэд.
— Што ты маеш на ўвазе?
Ён паказаў на свой гадзіннік.
— Ужо дванаццатая гадзіна.
— Сапраўды, — сказаў я. — Не трэба было тэлефанаваць.
Я вярнуўся і выпіў яшчэ.
У дзве гадзіны мы сабраліся ісці. Ленц завёз на таксі Валянціна і Фердынанда дамоў.
— Пайшлі, — сказаў мне Кёстэр.
Ён завёў «Карла».
— Я магу прайсці некалькі крокаў пехатой, Ота.
Ён глянуў на мяне.
— Мы выедзем за горад.
— Добра. — Я сеў у машыну.
— Садзіся за руль, — сказаў Кёстэр.
— Глупства, Ота. Я не магу кіраваць, я — п'яны.
— Кіруй! На маю адказнасць.
— Пабачыш, — сказаў я і сеў за руль.
Матор зароў. Руль задрыжаў у маіх руках. М'атляючыся, праляталі вуліцы міма, дамы хісталіся, ліхтары моклі пад дажджом.
— Не атрымліваецца, Ота, — сказаў я. — Я дзесьці ўрэжуся.
— Цісні, — адказаў ён.
Я зірнуў на яго. Твар быў светлы, напружана-спакойны. Я сціснуў зубы і прыжмурыўся. Паволі дарога стала бачыцца выразна.
— Куды, Ота? — спытаў я.
— Наперад. За горад.
Мы даехалі да ўскраіны і выскачылі на шашу.
— Уключы фары, — сказаў Кёстэр.
Светла-шэрая бетонка блішчала. Дождж быў ужо невялікі, але кроплі білі мне ў твар, як градзіны. Вецер налятаў рэзкімі парывамі, хмары плылі нізка, над самым лесам яны віселі шматамі, а паміж імі свяцілася серабро. Туман спаў з маіх вачэй. Шум матора праз рукі перадаваўся ва ўсё цела. Я адчуваў машыну і яе сілу. Выхлапы ў цыліндрах праганялі тупую анямеласць маёй галавы. Поршні нібы пампавалі маю кроў. Я паддаў газу. Машына ляцела па шашы.
— Хутчэй, — сказаў Кёстэр.
Шыны засвісталі. Дрэвы і тэлеграфныя слупы з гудам праляталі міма. Прамільгнула нейкая вёска. Я канчаткова працверазеў.
— Больш газу, — сказаў Кёстэр.
— А ці ўтрымаю я машыну? Дарога мокрая.
— Убачыш. Перад паваротамі пераключай на трэцюю хуткасць, не збаўляючы газу.
Матор зароў. Паветра ўдарыла мне ў твар. Я прыгнуўся за ветравым шчытком. І раптам праваліўся ў гул матора, цела злілося з машынай у адзіным напружанні, у з'яднанай высокай вібрацыі. Я адчуваў колы пад нагамі, я адчуваў зямлю, шашу, хуткасць; адным штуршком нешта раптам стала на месца, ноч раўла і свістала, яна выбіла з мяне ўсё, вусны сціснуліся, рукі зрабіліся як абцугі, і я ператварыўся ў шалёную язду, да беспрытомнасці абыякавы і бязмежна ўважлівы.
На павароце зад машыны занесла. Я некалькі разоў ірвануў руль у адваротным напрамку і зноў даў газу. На нейкі момант машына завісла, як паветраны шар, потым зноў набыла ўстойлівасць.
— Добра, — сказаў Кёстэр.
— Трапілі на мокрае лісце, — адказаў я і адчуў цеплыню палёгкі, якая заўсёды прыходзіць пасля небяспекі.
Кёстэр кіўнуў.
— Такая д'ябальшчына здараецца восенню на паваротах у лесе. Даць запаліць?
— Давай, — сказаў я.
Мы спыніліся і запалілі.
— Цяпер можна вяртацца, — сказаў потым Кёстэр.
Мы прыехалі ў горад, і я выйшаў з машыны.
— Добра, што мы пакаталіся, Ота. Усё прайшло.
— Наступны раз я табе пакажу яшчэ адзін спосаб упісвацца ў паварот, — сказаў ён. — Паварот з адначасовым тармажэннем. Але гэта робіцца толькі на сухой дарозе.
Читать дальше