Выходзячы, я каля дзвярэй сустрэў Арлова. Пад яго расшпіленым паліто быў бачны смокінг. Ён адпраўляўся ў гатэль на працу, ён там танцаваў. Я спытаў яго, ці не чуў ён што пра фраў Хасэ.
— Не, — сказаў ён. — Яна яшчэ не вярталася. І ў паліцыю не заявілася. Было б лепш, каб яна ўжо не вярнулася.
Мы разам ішлі па вуліцы. На рагу стаяла грузавая машына з мяшкамі і вугалем. Шафёр падняў капот і корпаўся ў маторы. Потым ён уладкаваўся на сваё сядзенне. Калі мы праходзілі каля машыны, ён завёў матор і даў газ на халастых абаротах. Арлоў уздрыгнуў. Я зірнуў на яго. Ён збялеў.
— Вам нездаровіцца? — спытаў я.
Ён усміхнуўся збялелымі вуснамі і пахітаў галавой.
— Не… але я часам пужаюся, калі нечакана чую такі гук. Калі ў Расеі расстрэльвалі майго бацьку, на вуліцы таксама завялі матор грузавіка, каб заглушыць выстралы. Але мы іх усё роўна чулі.
Ён зноў усміхнуўся, быццам просячы прабачэння.
— З маці доўга не важдаліся. Яе расстралялі раненька ў падвале. Нам з братам ноччу ўдалося ўцячы. І былі яшчэ каштоўнасці. Але мой брат замёрз па дарозе.
— За што расстралялі вашых бацькоў? — спытаў я.
— Мой бацька да вайны камандаваў казацкім палком, які ўдзельнічаў у падаўленні паўстання. Ён ведаў, што яго чакае. Ён лічыў гэта, так бы мовіць, у парадку рэчаў. Мая маці так не лічыла.
— А вы?
Ён зрабіў змораны адмоўны жэст.
— З таго часу так шмат было ўсяго.
— У тым-та і справа, — сказаў я. — Было больш, чым месціцца ў галаве.
Мы падышлі да гатэля, дзе ён працаваў. З «б'юіка» ў гэты час выйшла дама і з радасным воклічам кінулася да яго. Гэта была даволі поўная элегантная бландзінка гадоў сарака.
Па яе прывялым бяздумным твары было відаць, што яна не зведала ні турбот, ні гора.
— Прабачце, — сказаў Арлоў, амаль не глянуўшы ў мой бок, — справы…
Ён пакланіўся бландзінцы і пацалаваў ёй руку.
У бары былі Валянцін, Кёстэр і Фердынанд Граў. Ленц прыйшоў крыху пазней. Я сеў за іх столік і заказаў паўбутэлькі рому. Я ўсё яшчэ адчуваў сябе вельмі дрэнна.
Фердынанд — шырокі, масіўны — сядзеў у кутку. У яго былі запалыя шчокі і ясныя блакітныя вочы. Ён ужо выпіў.
— Ну, малыш Робі, — сказаў ён і ляпнуў мяне па плячы. — Што з табой здарылася?
— Нічога, Фердынанд, — адказаў я. — І гэта дрэнна.
Хвілінку ён узіраўся ў мяне.
— Нічога? — сказаў ён потым. — Нічога? Гэта шмат! Нічога — гэта люстэрка, праз якое пазнаеш свет.
— Брава! — крыкнуў Ленц. — Надзвычай арыгінальна, Фердынанд!
— Супакойся, Готфрыд, — Фердынанд павярнуўся да яго магутнай галавой. — Такія рамантыкі, як ты, — толькі патэтычныя конікі, што скачуць па краі жыцця. Яны разумеюць яго няправільна, і ўсё для іх сенсацыя. Што ты ведаеш пра НІЧОГА, ты — легкавагавая істота?
— Ведаю тое-сёе. І гэтага дастаткова, каб любіць сваю вагу, — заявіў Ленц. — Прыстойныя людзі паважаюць НІЧОГА, Фердынанд. Яны не корпаюцца ў ім, як краты.
Граў утаропіўся ў яго.
— Будзь здароў, — сказаў Готфрыд.
— Будзь здароў, — адказаў Фердынанд. — Будзь здароў, корак.
Яны выпілі да дна.
— Хацеў бы я быць коркам, — сказаў я і таксама выпіў сваю чарку. — Каб, што ні зробіш, усё атрымлівалася як трэба. Хоць бы нядоўга.
— Здрада! — Фердынанд так гоцнуўся на крэсле, што яно затрашчала. — Хочаш стаць дэзерцірам? Здрадзіць нашаму братэрству?
— Не, — адказаў я. — Я не хачу здраджваць. Але мне хочацца, каб у нас нічога не крышылася.
Фердынанд нахіліўся да мяне. Яго вялізны дзікаваты твар перасмыкнуўся.
— Ты — член аднаго ордэна, брат, ордэна няўдалых, няўмелых, з іх бязмэтнымі жаданнямі, з іх сумам, што не прыносіць карысці, з каханнем без будучыні, з адчаем, што не мае сэнсу. — Ён усміхнуўся. — Ты — з таго братэрства, члены якога лепш загінуць, чым зробяць кар'еру, лепш прайграюць жыццё, пусцяць яго на вецер, згубяць, чым забрудзяць альбо забудуць недасягальны вобраз — той вобраз, брат, які яны носяць у сэрцы, які непагасна гарыць у гадзінах, днях і начах, дзе нічога няма, акрамя аднаго: голага жыцця і голай смерці.
Ён падняў чарку, звяртаючыся да Фрэда за стойкай:
— Дай мне выпіць.
Фрэд прынёс бутэльку.
— Завесці яшчэ патэфон? — спытаў ён.
— Не трэба, — сказаў Ленц. — Выкінь свой патэфон і прынясі большыя чаркі. А потым выключы палову святла, пастаў на стол некалькі бутэлек і знікні ў сваім кабінеце.
Фрэд кіўнуў галавой і выключыў верхняе святло. Засталіся гарэць толькі лямпачкі пад пергаментнымі абажурамі са старых геаграфічных картаў. Ленц наліў у шклянкі.
Читать дальше