— Прынясі вады, — загадала ёй гаспадыня.
Тая прынесла місу з цёплай вадой і чакала.
— Пані сёння ў добрым настроі. Можа, прысніла чаго?
— Адкуль ты ўсё ведаеш? — здзівілася Катажына. — Я сапраўды бачыла дзіўны сон.
— Магу растлумачыць, калі пані пажадае.
Жанчына ўсміхнулася.
— Ну, паспрабуй. Я бачыла двух мужчын. Адзін быў з кветкай лілеі, а другі з мячом. Ён падышоў да мяне, узяў за руку і павёў за сабой.
Служка звяла бровы.
— Хто з іх?
— Як хто? Той, што з мячом. Чаму ты спахмурнела?
— Няхай пані не злуе на мяне, але гэта дрэнны знак. Чалавек з лілеяй — святы Габрыіл, які з’яўляецца, каб пра нешта папярэдзіць. А вось пан з мячом падобны да святога Міхала. Ён прыходзіць да людзей, калі трэба быць асцярожным. Бараніцеся, пані.
Катажына надзьмулася і адвярнулася ад яе.
— Там усе ўжо прачнуліся, — паведаміла служка.
— Што робяць?
— Ведама што — п’юць. Як толькі які пан ачомваецца — адразу сівухі патрабуе. Хутка ўсё са склепу выжруць, а гарэлка наогул сёння нават можа скончыцца.
— Хутчэй бы!
Глэся здзіўлена паглядзела на яе. Катажына заўважыла гэты позірк, усміхнулася і патлумачыла:
— Калі ўбачаць, што тут няма чаго піць, то з’едуць самі.
— Дык перад гэтым нас давядуць да галечы!
— Хай сабе! Няхай ужо так, чым бачыць іх тут яшчэ тыдзень.
— Тое праўда. З мінулай нядзелі сядзяць. Я сёння, дарэчы, чула, як пан Караль падгаворваў гаспадара ехаць да нашага суседа Наліма.
— А ён?
— Згадзіўся. А вось пану Ярашу гэта не спадабалася.
— Адкуль такія думкі? Ты іх чытаеш?
— Дык жа па чалавеку бачна, пані…
Яна ўважліва паглядзела на Катажыну, якая адвярнулася, каб служка не заўважыла лёгкую чырвань на шчоках.
— Бачна? Я не разумею, пра што ты гаворыш.
— Ды так. Няхай пані не бярэ да галавы. Зараз патрэбна спусціцца, а то зноў прыпаўзуць сюды па вас.
Катажына кіўнула ў знак згоды і пайшла першая.
У зале чуўся рогат і грымела музыка.
Мужчыны сядзелі асобна, і яна, абмінуўшы іх кампанію, накіравалася да іншай залы, дзе звычайна знаходзіліся дамы. Па дарозе, міжволі зірнуўшы на Яраша, яна злавіла яго позірк і запунсавела. У гурце паноў гаворка ішла не толькі пра справы дзяржавы. Абмяркоўвалі ўсё: палітыку, законы, ураджай, дайшло нават да гаворкі пра жонак, але хутка прымоўклі, бо тыя былі ў суседнім пакоі. Тады загаварылі пра ўласныя справы…
— А дзе ж пан Сосна? Няўжо не захацеў прыехаць? — спытаў раптам Альшэўскі.
— Зараз у Абраама на піве наш Сосна, — адказаў нехта.
— Божухна, а такі малады быў! Шкада слаўнага рыцара. Калі тое сталася?
— Можа, гэтай вясной. Пахавалі з годнасцю, як і належыць.
— Эх, браткі, не будзем сумаваць, — махнуў рукой пан Завалька, парушыўшы ўсеагульнае маўчанне. — Я вось таксама хачу, каб мяне з гонарам да ўсіх святых адправілі. Калі жывыя будзеце, так і зрабіце. І не горш, чым пана гетмана Патоцкага!
— Блазнуеш, браце.
— Чаму б і не?
— Гэта шаноўныя пра што распавядаюць? — спытаў адзін малады паніч.
— От, моладзь, нічога не ведаюць! З гады чатыры таму тое было ці крыху болей. Ну і відовішча! Чатыры дні хаўтуры пана Патоцкага доўжыліся. За труной ішоў конь гетмана, накрыты доўгай коўдрай, а за імі неслі меч. Людзі гаварылі, што ўжо перад самым касцёлам выехаў рыцар на кані, зламаў аб гэтую труну кап’ё і зваліўся з каня.
— Усё праўда, — падтрымаў яго іншы пан. — Тое каб ведалі — слаўны рыцар памёр, сын і абаронца сваёй Айчыны.
— Слова — свята! Мне бацька, дарэчы, расказваў, як пахавалі нашага караля Стэфана, — падхапіў Суднік.
— Баторыя? Гэтага венгра?
— А каго ж яшчэ? Што там было! Знайшлі падобнага да яго чалавека, апранулі ў каралеўскае адзенне і пасадзілі на Баторавага каня. Уперадзе служкі неслі труну, а за ёй ішоў конь з двайніком. Відовішча, скажу вам! А ўсё каб людзі бачылі, што сам кароль і вялікі князь сябе на той свет праводзіў!
— Вох, і не такое вочы ўбачаць!
— Я ж папрашу, каб мяне мой любімы сабака праводзіў, — выдыхнуў пан Рафал.
— Ой, у цябе іх процьма, палова жыцця спатрэбіцца, каб вызначыць, які ўлюбёны. Нашто табе столькі?
— Паляванне.
Паны засмяяліся:
— Калі ў апошні раз там быў?
— Сусед мой, пан Рыгор Дамбоўскі, дык наогул, ледзь не спіць з імі, — уставіў Завалька.
— Ага. А на двары ў пана Рыгора сабак больш, чым курэй і гусей.
— І я чуў Усе грошы на гэтых бестый звёў. Іх і купіць, і карміць, і лячыць… Вялікія грошы! Ды яшчэ наняў служку, каб правільна даглядаў.
— Ведаў я гэткага ж наглядчыка. Добры прыбытак такая служба дае. Казалі, пан Рыгор свайму столькі заплаціў, што ён з’ехаў у іншыя краі ды купіў сабе маёнтак.
Читать дальше