— Ты пра шрам?
Сцяпан кіўнуў
— Ніяк не загоіцца, а колькі гадоў прайшло. Памятаеш?
— Не вельмі добра. Памятаю гадзюку, як працягнуў да яе руку, а потым… Ты схапіўся за галаву, потым выняў сцізорак, пашырыў ранку і высмактаў кроў.
Сцяпан слаба ўсміхнуўся.
— Доўга кляў сябе, што не дагледзеў. Ты і малечай нічога не баяўся, нават не заплакаў. Каб атрута, барані Пане Езусе, пайшла па жылах, то і я б не жыў! Пакуль сядзеў ды чакаў, калі спадзе жар і скончацца твае трызненні, то з адчаю не ведаў, якім багам маліцца.
Яны некалькі хвілін памаўчалі, і Офенберг загаварыў зноў.
— Што на свеце чуваць?
— Прыкра мне.
— Чаму?
— Спазнаў чалавечую "ласку". Розныя людзі па зямлі ходзяць: адны за грош прадаць могуць, а іншыя за добрае слова ад смерці ўратуюць. Як тут зразумець, хто перад табой стаіць і каму душу адкрываеш?
— А ты ў вочы глядзі. А душу… Яе лепш зусім нікому не паказваць. Не той моцны, хто стрымлівае коней, а той, хто сябе стрымае. А цяпер ідзі, я стаміўся.
— Блаславі, дзядзька.
Феліцыян стаў на калені перад ім, і стары, паклаўшы руку яму на галаву, вымавіў:
— Бласлаўляю на ўсё добрае, а на іншае — сам здагадайся.
Паніч пацалаваў дзядзьку руку і выйшаў. Яго ўжо чакала ў пакоях Тэафілія. Яна загадала, каб сынаўцу падалі вячэру. Пані доўга і ўважліва глядзела на панурага Феліцыяна. Таму нават кавалак у горла не лез з-за горкіх думак. Тады жанчына прычыніла дзверы, падсела да яго і зашаптала:
— Вось што я табе скажу. Можаш называць бязбожніцай, як дзядзька, але паслухай мяне. Каб не мучыца з-за нядобрых думак, зрабі так. Зараз з’еш хлеб, а апошнюю лусту вазьмі з сабой і ідзі на раздарожжа. Калі дойдзеш, прытуліся да зямліцы і ўважліва слухай. Што ў вушы ўвойдзе, тое прыйдзеш і раскажаш.
Феліцыян грэбліва паглядзеў на яе, але паслухаўся. Ішоў доўга па замеценым шляху, з цяжкасцю перастаўляючы ногі ў гурбах снегу. Насустрач яму выў пранізлівы вецер і шпурляў ледзяныя крышталікі ў твар. Мароз прабіраў да костак, і шляхціц пачаў быў клясці старую ды сябе, што згадзіўся патураць. Але, прыгадаўшы хворага, сціснуў зубы і пакрочыў далей. Нарэшце дайшоў да скрыжавання. Стаўшы на калені, Офенберг падняў рукі ўгору і ўпаў у мяккі халодны абрус.
Вецер узвыў, зрабіўся шалёным ды злым. Паніч нават крыху спужаўся. Каля яго, крокаў за пяць, нехта страшна зарагатаў і пачулася конскае іржанне. Пасля недзе завыў сабака ды так сумна, бы жаліўся, але адразу і сцішыўся, як не было. Потым вельмі блізка над ім нехта жаласліва і горка заплакаў. Феліцыяна перасмыкнула, і ён з усіх ног пабег да маёнтка, каб толькі не чуць больш нічога і не думаць пра благое…
Дома пані Тэафілія доўга яго распытвала і паіла медавухай, каб адагрэць і развязаць язык.
— А можа смяяўся той голас, песні спяваў? — пыталася яна і з надзеяй паглядала на сынаўца. — Ой, божухна, нядобры знак. Калі б песню пачуў, то мо б і ачуняў, а так… Маліцца трэба.
Шляхцянка сумна ўздыхнула, паднялася і выйшла з пакоя, пакінуўшы паніча сам-насам з невясёлымі думкамі. Юнак так і сядзеў, абхапіўшы галаву далонямі. Калі ж пачуў крокі, то ўзняў вочы і аслупянеў. Катажына, заўважыўшы яго, таксама пабялела. Зрэнкі яе цёмна-зялёных вачэй пашырыліся, іх затуманіла празрыстая плёнка, якая пагражала ператварыцца ў салёныя кроплі. Але яна пераадолела сябе і зрабіла крок насустрач. Феліцыян стаяў перад ёй разгублены. Шляхцянка знарок выпусціла з рук свечку. Офенберг падняў яе, і калі зноў паглядзеў на сяброўку, то здзівіўся змене, якая з ёй адбылася. Перад ім стаяла ўжо не тое дзяўчо, якое чырванела, калі цалаваў яе ў шчаку на развітанне, а жанчына з праніклівым і гордым позіркам. Яна падышла бліжэй да названага брата і пацалавала яго ў лоб, а пасля дакранулася мяккай халоднай далонькай да шчакі і вымавіла:
— Нездарма я малілася і верыла наперакор людскім словам. Толькі Міласэрны Творца даў мне тваё жыццё, брат, але забірае да сябе дзядзьку.
— Дзякуй, што стаяла пры ім стаянцом гэты час. Але цётка не хоча, каб сябе мучыла, ідзі адпачні.
— Хіба гэта цяжар — клапаціцца пра роднага чалавека?
— А дзіця? Можаш…
Катажына перапыніла:
— На ўсё воля Бога. Пойдзем, яму стала горш. Ты павінен быць побач.
Сцяпан ляжаў на ложку і глядзеў шклянымі затуманенымі вачыма на свечку.
Полымя час ад часу ўздрыгвала ад яго слабога дыхання. Стары Офенберг, здавалася, нічога не бачыў і не разумеў, апроч смерці гэтага агарка. "Ці ж так трэба паміраць? — думаў ён. — Паміраем і плачам". Пачуўшы крокі, ён павярнуў галаву і ўбачыў Катажыну з сынаўцам. Спрабуючы нешта сказаць, хворы заварушыў вуснамі, але замест гукаў пачуўся енк. Маладая жанчына закрыла твар рукамі і схілілася на плячо панічу. Каб не пужаць яе, стары больш не гаварыў, толькі скіраваў позірк на юнака і паказаў вачыма на крыж, а пасля на герб, які вісеў насупраць. Феліцыян зразумеў яго і кіўнуў, тады шляхціц уздыхнуў з палёгкай і заплюшчыў вочы.
Читать дальше