Цяпер жыццё неслася перад Зулісяй з незвычайнай хуткасцю. Раней здавалася, што яго плынь такая павольная, але на здзіўленне яна хутка ператварылася ў бурлівую раку са шматлікімі вірамі і камянямі. Пасля балю цётка Ядвіга не на жарт загарэлася думкай пра ўладкаванне яе лёсу. Пачала шляхцянка з выхавання, бо сама дзівілася, як гэта сястра не займалася з дачкой. Танцы, вышыванне сталі неад’емнай часткай дня панначкі, і яна так стамлялася, што заўсёды чакала вечара. Звычайна тады ўся сям’я садзілася перад камінам, каб паслухаць, як чытае ўголас дзядзька Ян. Часам яму надакучвала, і тады чарга пераходзіла да Зулісі.
Маладыя панічы, іх дзеці, пакуль жылі разам з бацькамі. Дзядзька быў чалавекам сармацкіх позіркаў і лічыў, што, пакуль ён жывы, маёнтак будзе непадзельны. Таму дарослыя браты былі цалкам залежныя ад яго волі. Яны не маглі нават ні ў чым пярэчыць, каб бацька, барані Божа, не пазбавіў іх часткі спадчыны. Зуліся дзівілася спачатку, калі гэтыя бэйбусы хадзілі на пэўнай адлегласці ад гаспадара, носячы яго шаблю, альбо станавіліся воддаль пры лаўцы, на якой той сядзеў у касцёле. Пані Ядвіга са свайго боку баялася спачатку, што дзяўчына, не атрымаўшы патрэбнай адукацыі, якую належала мець паненцы, будзе з цяжкасцю ўсяму вучыцца. Але праз нейкі час жанчына ўбачыла, як яе Зуліся пачынае на вачах мяняцца, вельмі лёгка схоплівае ўсё, чаму яе вучаць, і пераймае. Сынаўка, здавалася, атрымала крылы і прасцяг, дзе магла іх расправіць, а гэта не магло не радаваць добрую жанчыну.
* * *
Ужо зусім развіднела, але снег не пераставаў ісці з ночы. У гэтай снежнай прасторы па полі ехаў вершнік. Снег сыпаў яму за каўнер, наліпаў на валасы, але Офенберг не зважаў на гэта. Перад дзвярыма роднага маёнтка ён спыніў каня, спешыўся і пачаў грукаць у дзверы. Праз нейкі час пачуліся крокі і спужаны голас старой.
— Адчыняй! — закрычаў ён. — Гэта я — Феліцыян.
Дзверы зарыпелі і адчыніліся. Перад ім стаяла збялелая Тэафілія. Яна выпрастала руку, каб дакрануцца да яго, войкнула і павалілася ў ногі.
— Божухна! — галасіла яна. — Жывы! Нам жа ганца прыслалі, што цябе… Стары ад гора другі раз сівым стаў, да ложка жалем прывязаны. Найяснейшая пані, не вытрымае яго сэрца такога!
— Лекара запрашалі?
— А як жа! Той нешта выпісаў, а ён не п’е. Лаецца: "Усё роўна тры чвэрці да смерці, дык нашто гэтае паскудства глытаць?"
Феліцыян зайшоў у пакоі дзядзькі. Там панаваў паўзмрок. Каля ложка на зэдліку гарэла свечка, а на падлозе ляжала міса.
— Што гэта? — незадаволена спытаў Офенберг.
Тэафілія збянтэжылася і нічога не адказала. Феліцыян звёў бровы:
— Прыбяры, і так дыхаць няма чым!
У гэты момант хворы заенчыў і пачаў нешта шаптаць падобнае да малітвы, пасля сцішыўся. Юнак прысеў у крэсла, якое стаяла каля ложка.
— Я пабуду з ім, ідзі.
Жанчына выйшла з пакоя, а Феліцыян прымасціўся каля дзядзькі. Яму было цяжка глядзець на зжаўцелы твар роднага і такога дарагога чалавека, які не раз дзеля яго рызыкаваў уласным жыццём. Раптам стары застагнаў, расплюшчыў вочы і, убачыўшы паніча, заўсміхаўся.
— Жывы!
— А як жа! Захацеў цябе наведаць.
— Мы думалі…
Ён закірхаў і прастагнаў:
— Піць.
Феліцыян кінуўся да стала і падаў келіх з лекамі. Стары скрывіўся і выплюхнуў зёлкі на падлогу.
— Смерць на носе, а вы гэтую атруту піць прымушаеце. Налі мне добрага віна.
— Табе ж лепш стане… — разгубіўся хлопец.
— На тым свеце, ды і не ад гэтай брыдоты. Рабі, што сказаў, калі хочаш хоць у апошнюю хвіліну зрабіць палёгку. Ад старасці ды ад смерці няма лекаў на свеце.
Тут заўважыў плямы крыві на рукаве ў Філіцыяна.
— Што гэта?
— Ды так, у лесе воўк з Парбусам счапіліся.
— Уратаваў ён, значыць, цябе. Добра, што падарыў яго. Дай мне сваю руку.
Сцяпан намацаў нешта пад падушкай і ўзяў руку сынаўца. На яго далоні блішчэў сігнет.
— Час прыйшоў насіць. Для цябе загадаў зрабіць. Памятай, хто ты, бо кодла наша старое. Гонар і годнасць захоўвай — іх не купіш. Старасць слабая на ногі Феліцыяне, але моцная на розум. Таму слухаць маёй добрай рады табе не зашкодзіць. Памятай, сынку, што ты грамадзянін Рэчы Паспалітай, але найперш усё ж жаўнер Вялікага Княства Літоўскага.
З гэтымі словамі ён паспрабаваў падняцца з ложка, але Феліцыян не дазволіў і паклаў руку на зморшчаную кісць старога. Той паглядзеў на далонь юнака, бы нешта прыгадаў і дакрануўся да шрама каля вялікага пальца.
— Ну і даў жа мне жаху, — прамовіў нарэшце ён.
Читать дальше