— Няхай ідзе сюды, — адказала пані і прыплюшчыла вочы.
Пасля вяселля Багдана часта заязджала да сяброўкі. Яе аддалі замуж дзесьці праз месяц пасля вяселля Катажыны. Шляхціц Заброўскі, нарачоны дзяўчыны, быў добрым чалавекам, але занадта старым для маладой панны. Яна, даведаўшыся пра такую партыю, хацела пайсці ў манастыр, ды пабаялася засмуціць бацьку, таму змірылася з яго выбарам.
— Ведаеш, што я табе зараз распавяду? — крыкнула Багданіца, калі ўляцела ў пакой і спынілася перад Катажынай.
— Чакаю, калі пачнеш.
— Паны Забалоцкія на балі ў пана Скірмунта пабіліся!
— Яны заўсёды б’юцца.
— Ды не, на гэты раз моцна. Пан Мнішак шабляй пану Тамашу руку пасек, а пасля, як убачыў кроў, адразу цвярозым стаў і ад жаху пад спадніцу пані Залескай схаваўся. Іншыя панны, пашкадаваўшы небараку, абступілі яе і не далі яснавяльможным пакараць гэтага злодзея.
Катажына пырснула ад смеху.
— Я казала, што гэтыя спадніцы з рагоўкамі толькі дзеля такога і служаць. Крэпасць для баязліўцаў!
— Табе смешна, а я ледзь Богу душу не ад дал а. Паны пасля напіліся і паміж сабой пачалі біцца. Павярнулі сталы, скінулі посуд і абрусы, а гаспадар ад крыўды сам на іх з шабляй паляцеў, ды яго звязалі і кінулі ў кут, каб сядзеў ціха.
— А ты стаяла і чакала? Трэба было ўцякаць.
— Паны дзверы зачынілі, каб ніхто не збег. Пані Альжбэта ў непрытомнасці была, пакуль усё не скончылася.
Яна села на ложак і выставіла нагу.
— Мне мой Альберцік чаравічкі падарыў замшавыя, са спражкамі і маленькімі агатамі на носіку і пятцы. Ніхто такіх не мае!
— Вой, а што на шыі ў цябе?
— Перлавыя пацеркі! Былі яшчэ срэбныя спражкі пры падвязках, ды пан Ян быў такім добрым кавалерам, калі я сумавала на мінулым балі ў паноў Старжынскіх, што я падарыла іх яму. Так ён не забудзе ні той баль, ні мяне. Ведаеш, пан Ян абяцаў, што прышпіліць гэтыя спражкі на сваю вупраж!
— У пана Яна, акрамя тваіх, яшчэ колькі вісіць!
— Нічога, мае будуць найлепшыя! А ты як?
— Заўчора з Альжбэтай бачылася.
— У мяне таксама мазалі на вачах ад яе. Чым на гэты раз хвалілася?
— Прыносіла галандскія бялілы, дала мне скрыначку.
— Пакажы. Я ў Альберціка таксама іх прасіла заказаць, ды яшчэ ваду пахучую, але вось не прывезлі.
Катажына дастала скрыначку з бяліламі. Багдана ўсунула ў яе палец і мазанула сабе твар. Пасля павярнулася да люстэрка.
— Гэтыя нават лепшыя, чым у Гражыны! Трэба будзе выпытаць у Альжбэты, дзе яна замаўляла. Ад гэтых такая далікатная бледнасць твару! Дарэчы, пасля можна блакітным пазначыць жылкі, бровы падвесці і наклеіць мушку. Я на прыёме ва Уняхоўскіх такую штуку з кавалачка шоўку зрабіла, дык пан Яцак усё ніяк не мог адчапіцца, залёты строіў і маю мушку хваліў.
— Пан Яцак бабздыр, якіх свет не бачыў.
— Ведаю, ды толькі гэты бабздыр мяне на танцы і запрашаў. Скакалі з ім мазурку, пасля ў паланэзе кружыліся. Ой, як прыгадаю, дык сэрца б’ецца мацней. Пан Захвоцкі за паннай Гертрудай плёўся, як на цапе, а ў цёмным куце пацалаваў! Кажуць, у іх усё дамоўлена, але бацькоў баяцца.
Яна пачала накручваць валасы на палец.
— Між тым, панна Гертруда за старым панам Янушам даўно замоўлена, таму і плача кожны вечар, а ў касцёле на каленях кленчыць.
— А пані Ядвіга была?
— А як жа! Божа літасцівы, са старой пыл сыплецца, а на балі скача!
Яны засмяяліся.
— Што яшчэ адбылося?
— Бачыла пана Радзецкага.
— Г эта праўда, што яму руку адсеклі?
— Праўда, бо на сейміку не хацеў голасу змяніць. Паны Даброўскі з Хмарай нават не размаўлялі і не глядзелі адзін на аднаго. Не так даўно першы на другога збройны наезд зрабіў, то цяпер судзяцца.
Яна замоўкла. Пасля, раптам нешта прыгадаўшы, падскочыла і зноў пачала апавядаць.
— Ці ведаеш, што Яўстафія Грышэўская аддадзена бацькамі да Радзівілаў на выхаванне?
— Таварышкай?
— Ага. Да жонкі гаспадара.
— Шкада яе — нагаруецца там.
— А як жа! Толькі мо да лепшага ўсё ж? Грышкоўскі нават старэйшай дачцэ не зможа добры пасаг забяспечыць. Такі пан, што боты ў латах, але стараецца таго не паказваць. На стале есці няма чаго, а прыбіраецца, каб не горш за якога сябру-ка свайго. Калі аддасць Радзівілам, то тыя выдадуць дзеўку замуж ды прызначаць пасаг, які бацька нават не нашкрабе. Ім грошай не ўбудзе!
Катажына кіўнула і апусціла вочы. Багдана, зразумеўшы яе смутак, не наважвалася загаварыць першай, а паднялася і пачала хадзіць па пакоі, уважліва разглядаючы інтэр’ер.
— Як твой сынок? — нарэшце спытала яна.
Читать дальше