* * *
Перад брамай касцёла вазніца затрымаў коней. Катажына выскачыла на снежны пляц, удыхнула марознае паветра і пайшла па сцежцы да дзвярэй. Сёння прыехала знарок рана, калі тут было няшмат людзей. Панна зайшла ўнутр, агледзелася і, нікога не ўбачыўшы, укленчыла перад распяццем. Тым часам з боку ўваходу пачуліся крокі, і нейкі шляхцюк сеў на лаву непадалёк ад яе. Патрохі зала пачала напаўняцца, і жанчына, прашаптаўшы апошнія словы малітвы, памкнулася да дзвярэй. Якое ж было яе здзіўленне, калі шляхціц таксама падняўся і пайшоў следам. Катажына здзівілася, ды не падала выгляду. Калі ж яна звярнула на сцежачку, пан пацёгся туды ж, але яму было цяжка ісці па гэтай вузкай каляіне. Пані паглядзела на яго смешныя спробы нагнаць яе, засмяялася і накіравалася да саняў. Убачыўшы тое, яснавяльможны праз сумёты паляцеў ёй напярэймы. Галантна схіліўшыся ў паклоне, ён падаў Катажыне руку і дапамог сесці.
— Дзякую, — прамовіла яна.
— Заўсёды рады дапамагчы паненцы. Дазвольце назваць сябе — Яраш Лычкоўскі. Ці магу я спадзявацца на тое, што яшчэ ўбачу шаноўную? Цяпер не змагу без гэтага, як зямля не можа без сонца.
Катажына ўсміхнулася, але нічога не адказала. Вазніца пагнаў коней, пакінуўшы пана стаяць. Ён жа расправіў рукі і паваліўся ў сумёт. Не звяртаючы ўвагі на х мінакоў, пан Яраш ляжаў у снезе і па-блазенску ўсміхаўся.
Ужо вечарэла, калі пані зачынілася ў сваіх пакоях. Ціха патрэсквалі ў маленькай пячурцы з зялёнай кафлі паленцы. Полымя асвятляла ўтульны пакойчык. Катажына сядзела ў крэсле і думала пра ранішняе здарэнне. Яна прыгадала дзіўнага паніча, усміхнулася, але гэтыя думкі былі абарваныя Глэсяй, якая ўбегла без стуку і закрычала:
— Пані, кулігі! Пані!
На двары чулася валтузня і брэх сабак. Катажына падышла да акна і ў свеце паходняў разгледзела шэсць саней.
— Пані, што рабіць будзем? — спытала напужаная служка.
Гаспадыня нават не павярнулася да яе і абыякава адказала:
— Загадай прымаць.
Госці адразу накіраваліся да стала. Нягледзячы на тое, што ўсе былі на добрым падпітку, яны пацягнуліся адразу да келіхаў з віном і гарэлкай. Служкі ледзь паспявалі падносіць гарачае і напоі. Катажына з хвіліну назірала за гэтым, а пасля грэбліва ўсміхнулася і накіравалася да сябе, загадаўшы Глэсі прыглядваць за ўсім. Жанчына села ў крэсла, захутала ногі коўдрай і ўзяла кнігу. Яна заплюшчыла вочы і на імгненне перанеслася ў дом бацькоў. Перад ёю з’явіўся мілы сэрцу вобраз кабінета, дзе былі бацька і брацік…
Жанчына расплюшчыла вочы і ўздыхнула. У пячурцы ўжо смылелі галавешкі. Адтуль цягнула цяплом і пахла паленым. "Зноў Глэся туды смецце выкінула, — падумала пані, злуючыся на дурнаватую служку. — Задам жа я ёй заўтра чапалосу!" Яна разгарнула кнігу, і адтуль выпалі два аркушы з вершамі, якія напісала яшчэ дома. Катажына падабрала іх, і сумная ўсмешка з’явілася на малінавых вуснах. З хвіліну павагаўшыся, шляхцянка ўстала, падышла да каміна, і аркушы павольна апусціліся на дагараючыя вугельчыкі. Успыхнуўшы, агонь хціва пачаў лізаць паперу.
У гэты момант дзверы зарыпелі, падпіхнутыя нечым плячом, і моцна грукнуліся аб сцяну. У пакоі ўвалілася некалькі п’яных шляхцюкоў. На адным з іх верхам сядзеў Станіслаў з падбітым вокам і ў падзёртым жупане, заляпаным ванітамі і брудам. Ён агледзеўся і, заўважыўшы жонку, зарагатаў.
— Ты павінна выйсці і павітаць гасцей! — закрычаў ён. — Яны чакаюць!
Яна не кранулася.
— Прашу шаноўных пакінуць мае пакоі.
— Калі сама не пойдзеш, то за косы выцягну! Наперад, браткі! Няхай госці павесяляцца!
Яны пасунуліся да шляхцянкі, але тая знянацку павярнулася і паказала мізеркорду. Паны пабялелі і нават трохі працвярэзіліся.
— Хто паспрабуе падысці бліжэй? Няма харобрых?
Станіслаў аж пачырванеў ад злосці. Ён паваліўся на падлогу, паглядзеў на жонку і раптам хітра падміргнуў сваім сябрукам.
— Усё адно пойдзеш. Ды што казаць — пабяжыш! Мы туды Глеба прынеслі. Ідзі, ратуй сына!
— Як прынеслі? — спужалася жанчына.
— У люльцы прынеслі, пані, — гігікнуў лісліва адзін з паноў.
Катажына моцна сціснула дзяржальна мізеркорды.
— Я выйду, — адказала спакойна.
Пан Станіслаў задаволена ашчэрыўся і выпаўз на каленках з пакоя, а за ім гэткім жа чынам накіравалася яго "світа". Калі гаспадыня спусцілася да залы, ніхто нават не звярнуў на яе ўвагі. Шляхцянка агледзелася і заўважыла фамілію Уняхоўскіх. Стары пан нервова круціў адной рукой вус, а другой трымаў палку з дзяржальнаму выглядзе галавы ільва, пастукваючы ёй аб падлогу. "Бедакі, — падумала яна, — мусіць, сілком выцягнулі з маёнтка". Тут былі і старая пані Кежгата з дочкамі, і нават сям’я Паплаўскіх, Учрывічы ды сам Караль Шурта. Асобна сядзелі за сталом тры браты Гаеўскія, вядомыя выпівохі і задзіры, з рукі якіх звычайна і ладзіліся ў гэтай акрузе кулігі.
Читать дальше