Вартаўнікі, якія нат і ў вязніцы пабойваліся страшэннае сілы гэтага волата, бо не было для яе ані путаў, ані кратаў непераломных, у канцы палюбілі яго за дабрыню. Іншы раз, дзівячыся з ягонай духовай раўнавагі й пагоды, пыталі аб прычыне яе, а ён расказваў ім з такою пэўнасцю пра чакаючае яго жыццё за гробам, што не маглі надзівіцца: як у гэтае падзямелле цёмнае, прасякнутае тухляцінай, можа пранікнуць прамень шчасця. І калі пачынаў іх нагаворваць, каб уверылі ў Баранка, не аднаму прыходзіла ў голаў думка, што служба ягоная ёсць нявольніцкай службай, а жыццё — жыццём бяздольніка, і не адзін задумоўваўся над сваім бяздоллем, канец якому клала толькі смерць.
Адыж іх смерць праймала новым жахам, бо не спадзяваліся пасля яе нічога, а гэны волат лігійскі і малодухна, падобная да краскі, кінутае на вязнічны саламяны бярлог, спатыкалі яе з радасцю, як шчасце.
Раз вечарам адведаў Пятронія сенатар Сцэвінус і пачаў з ім доўгую гутарку пра цяжкія часы, у якіх жывуць, ды пра цэзара. А гаварыў так адкрыта, што Пятроні, паміма прыязні, пачаў асцерагацца. Наракаў, што свет ідзе крыва ў шалёным кірунку, і што ўсё разам мусіціме скончыцца катастрофай, страшней шчэ, чым пажар Рыму. Гаварыў, што нават і аўгустыяне знеахвочаны, што Фэніюс Руф, віцэ-прэфект прэторыянаў, ледзь церпіць агідныя парадкі Тыгэліна, і што ўсе сваякі Сэнэкі даведзены да крайнасці ўчынкамі цэзара з старым філёзафам ды з Люканам. У канцы пачаў згадваць пра незадавальненне народу, а нат і прэторыян, вялікую частку якіх умеў да сябе прыцягнуць Руф.
— Чаму ты гэта мне гаворыш? — спытаў яго Пятроні.
— Праз руплівасць аб цэзару, — адказаў Сцэвін. — Маю далёкага сваяка сярод прэторыян, які завецца Сцэвін, як і я, і ад яго ведаю, што робіцца ў іхніх аддзелах… Знеахвочанне расце й там… Калігула таксама быў утрапёны чалавек, і бач, што сталася! Знайшоўся такі Касіюс Хэрэй… Страшны гэта быў парыў, і, пэўна, ніхто з нас не адважыўся б яго пахваліць, аднак жа Хэрэй выбавіў свет ад людажэра.
— Інакш кажучы, — спрабуе сумоўцу Пятроні: — «Я Хэрэя не хвалю, але гэта быў удалы чалавек, о, каб багі далі нам такіх як найбольш!»?..
Але Сцэвін змяніў гутарку і пачаў неспадзявана выхваляць Пізона. Славіў род ягоны, ягоную шляхотнасць, ягоную прывязанасць да жонкі, а ўрэшце, розум, раўнавагу і дзіўны дар прыцягвання да сябе людзей.
— Цэзар бяздзетны, — кажа, — і ўсе бачаць наступніка ў асобе Пізона.
Бессумніўна, кожны дапамог бы яму з цэлае душы ўзяць у рукі ўладу. Любіць яго Фэній Руф, род Аннэяў цалкам яму адданы. Плаўцый Лятэранус і Тулій Сэнэцыё пайшлі б у вагонь за яго. Тое ж самае й Наталіс, і Субрый Флавій, і Сульпіцый Аспэр, і Афран Куінт, і нат Вестын.
— З гэнага апошняга малая Пізону карысць, — адказвае Пятроні, — Вестын баіцца ўласнага ценю.
— Вестын баіцца сноў і духаў, — тлумачыць Сцэвін, — але гэта чалавек дзейны, не дарма яго маняцца назначыць консулам. А калі ў душы працівіцца пераследу хрысціян, таго не павінен ты яму закідаць, бо і табе было б на руку, каб гэнае людажэрства ўрэшце скончылася.
— Не мне, толькі Вініцію, — паправіў Пятроні. — З увагі на Вініція хацеў бы ацаліць адну дзяўчыну, ды не магу, бо я страціў ласку ў Агенабарба.
— Як гэта? Няўжо ты не бачыш, што цэзар зноў збліжаецца да цябе і пачынае з табою гаварыць? І скажу табе чаму: выбіраецца зноў у Ахайю, дзе маніцца пяяць грэцкія песні собскага творства. Загарэўся да гэтае падарожы, але адначасна дрыжыць на ўспамін пра крывадушны настрой грэкаў.
Уяўляе сабе, што можа яго там спаткаць або найбольшы трыумф, або найбольшая няўдача. Патрабуе добрае рады, а ведае, што лепшае за цябе ніхто яму даць не магчыме. Гэта прычына павароту да ласкі.
— Люкан мог бы мяне заступіць.
— Рудабароды яго ненавідзіць і прысягнуў у душы яму смерць. Шукае толькі прэтэксту, бо ён заўсёды шукае прэтэкстаў. Люкан цяміць, што трэ спяшацца.
— На Кастара! — кажа Пятроні. — Быць можа. Але меў бы яшчэ адзін спосаб заваявання ласкі.
— Які?
— Паўтарыць вось Рудабародаму тое, што перад хвілінай ты мне талкаваў.
— Я ж нічога не сказаў такога, — адазваўся неспакойна Сцэвін.
А Пятроні палажыў яму руку на плячы: — Ты назваў цэзара ўтрапёным чалавекам, чакаеш наступніцтва Пізона ды казаў: «Люкан цяміць, што трэ спяшацца». Куды маніцеся спяшацца, carissime?
Сцэвін збялеў. Праз момант глядзелі сабе ў вочы.
— Не скажаш!
— На стан Кіпрыды! Як ты мяне добра ведаеш! Не, не скажу! Нічога быццам я не чуў, але і не хачу слухаць… Разумееш? Жыццё закароткае, не варта нічога пачынаць. Прашу цябе толькі, каб адведаў сяння Тыгэліна і гутарыў з ім гэтак сама доўга, як са мною, пра што хочаш!
Читать дальше