Цэзар пайшоў ужо спаць, але Тыгэлін чакаў і, убачыўшы няшчаснага грэка, прывітаў яго з мінаю спакойнаю, але злавеснаю: — Ты дапусціўся праступку абразы маестату, — кажа яму, — і кара не міне цябе. Але калі ўзаўтра агалосіш у амфітэатры, што ты быў п’яны або непрытомны, і што спрычыніцелямі пажару былі хрысціяне, кара твая абмяжуецца да розаг і выгнання.
— Не магу! — адказаў ціха Хілон.
А Тыгэлін падыйшоў да яго павольным крокам і голасам таксама прыцішным, але жудасным, спытаў: — Як гэта не можаш, грэцкі сабача! Або ж ты не быў п’яны ды ці ж не ведаеш, што цябе чакае? Глянь вунь дзе!
Гэта кажучы, паказаў на куток атрыюма, у якім вобак доўгае драўлянае лавы стаяла ў поцемку чатырох трацкіх нявольнікаў з учкурамі й абцугамі ў руках. А Хілон адказвае: — Не магу, спадару!
Тыгэліна пачала разбіраць закатная злосць, але паўстрымаўся шчэ.
— Бачыў, — пытае, — як паміраюць хрысціяне? Ці й ты таго хочаш?
Старац падняў збялелае аблічча; праз хвіліну варушыў вуснамі, пасля адказвае: — І я веру ў Хрыста!..
Тыгэлін зірнуў на яго, здзіўлены: — Ты ашалеў, сабака, зусім!
І нагла ўскіпелая ў грудзях ягоных лютасць парвала застаўкі. Падскочыўшы да Хілона, схапіў яго абедзвюма рукамі за бараду, зваліў на зямлю і пачаў таптаць, паўтараючы запененымі вуснамі: — Адклічаш?! Абвесціш?!
— Не магу! — адказвае яму з зямлі Хілон.
— На пакуты яго!
Тракі схапілі старца і палажылі яго на лаве, пасля, прывязаўшы учкурамі, пачалі сціскаць абцугамі ягоныя худыя косці. А ён падчас прывязвання цалаваў з пакораю іхнія рукі, а потым заплюшчыў вочы і выглядаў, бы мёртвы. Жыў аднак, бо калі Тыгэлін нагнуўся да яго і спытаў шчэ раз: «Адклічаш?» — збялелыя вусны ягоныя паварушыліся і ціха вышапталі: — Не… магу!..
Тыгэлін загадаў перарваць пакутванне і давай бегаць туды-сюды па атрыюме з вулканічнаю лютасцю, але і бязраднасцю. У канцы прыйшла яму ў голаў, мусіць, нейкая новая думка, бо звярнуўся да тракаў і загадаў: — Вырваць яму язык!
Драму «Аўрэолюс» прадстаўлялі абыдна ў тэатрах або амфітэатрах, так уладжаных, што маглі адкрывацца і прадстаўляцца нараз як бы дзве асобныя сцэны. Але пасля відовішча ў агародах цэзаравых змянілі звычайны спосаб; сутнасць у тым, каб найбольшая колькасць людзей магла глядзець на смерць прыбітага да крыжа нявольніка, якога ў драме пажыраў мядзведзь. У тэатрах ролю мядзведзя выконваў абшыты ў скуры актор, гэтым разам, аднак, прадстаўленне мелася быць «сапраўднае». Гэта быў новы помысел Тыгэліна. Цэзар спачатку запавяшчаў, што не будзе прысутнічаць, але з нагавору фаварыта змяніў пастанову. Тыгэлін уталкаваў яму, што пасля нясмачнае прыгоды ў агародах тым больш павінен паказацца народу, і адначасна заручыў, што ўкрыжаваны нявольнік не зняважыць ужо яго так, як Крысп. Народ ужо быў перасычаны ды змучаны праліццём крыві, дык абяцана яму новую раздачу латарэйных білетаў ды падарункаў, а таксама вячэрнюю пачостку, бо прадстаўленне мелася быць вечарам пры ярка асветленым амфітэатры.
На змярканні напоўніўся шчыльна цэлы будынак. Аўгустыяне з Тыгэлінам на чале прыбылі ўсе не гэтулькі дзеля самога відовішча, колькі дзеля заманіфеставання па апошнім здарэнні цэзару свае вернасці ды каб паталкаваць пра Хілона, аб якім гудзеў ужо цэлы Рым.
Вось жа, хадзіў пошапт, быццам цэзар, вярнуўшыся з парку, ускіпеў лютаю злосцю і не мог заснуць, быццам апанавалі яго страшэнныя спагуды, дзівосныя здані, з прычыны якіх запавясціў назаўтра хуткі ад’езд у Ахайю.
Іншыя ўсё ж такі запярэчылі гэтаму, талкуючы, быццам цяпер тым болей станецца грозным для хрысціян. Не абыйшлося таксама і без труслівых, якія прадбачвалі, што абвінавачанне, якое Хілон публічна выказаў цэзару, можа мець найгоршыя наступствы. Былі таксама й такія, якія з пачуцця людскасці прасілі Тыгэліна, каб адмовіўся ад далейшага пераследу.
— Уважайце, куды йдзяце! — персвадаваў Барк Соранус. — Вы маніліся заспакоіць у народу жаду помсты і ўдаўбці яму ў голаў перакананне, што кара спадае на вінаватых, а вынік ёсць папросту адваротны.
— Праўда! — дадаў Антыст Вэрус. — Усе шэпчуць сабе цяпер, што яны нявінныя. Калі гэтакая вашая зручнасць, дык Хілон праўду казаў пра вашыя мазгі, не могучыя напоўніць нат і жалудзінае місачкі.
А Тыгэлін адвярнуўся да іх і кажа: — Людзі таксама шэпчуць, што твая, Барк, дачушка Сэрвілля і твая, Антысце, жонка паскрывалі сваіх нявольнікаў-хрысціян перад цэзаравай справядлівасцяй… — Гэта няпраўда! — запярэчыў неспакойна Барк.
Читать дальше