Прымеж таго, пачало добра змяркацца, на небе замігацелі першыя зоркі. Тады пры кожным асуджэнцы з’явіўся нявольнік з запаленым светачам у руцэ, а як водгалас трубаў разлёгся ў розных пунктах парку на знак распачацця відовішча, усе нявольнікі прыткнулі полымя да споду слупоў.
Схаваная пад кветкамі ды аблітая смалою салома ўміг лынула ясным полымем, якое, магутнеючы з кожнай хвілінай, раскручвала сувоі бярвенцу, шыбала ўгару, абыймаючы ногі ахвяр. Народ анямеў, агароды загулі адным вялікім стогнам ды крыкам болю. Некаторыя ахвяры аднак, падыймаючы аблічча да высокага зорнага неба, пачалі пяяць на гонар Хрыста. Народ слухаў. Але й найцвярдзейшыя сэрцы напоўніліся жахам, калі з меншых слупоў дзіцячыя галаскі началі лемантаваць: «Мама! Мама!», дрыгата праймала ўсіх, нат п’яных наглядчыкаў, аглядаючых тыя галоўкі й нявінныя тварыкі, пераморшчаныя канвульсіямі болю або млеючыя ад дыму. А полымя шыбала штораз вышэй, перапальваючы штораз новыя вянкі ружаў ды зднлёнага павоішча. Распламяніліся алеі галоўныя й бакавыя, заблішчэлі агнём групкі дрэваў і траўнікаў і заквечаныя палеткі, залялеена агнём вада ў сажалках, абліліся румянцам мігатлівыя лісткі на дрэвах, зрабілася відно, як удзень.
Смурод спаленага цела напоўніў агароды, але ў тым жа часе нявольнікі пачалі сыпаць у прыгатаваныя кадзільніцы мырру і алоэ. Спаміж масы прысутных адзываліся там-сям крыкі немаведама ці спачуцця, ці ўпойнае радасці, і ўзмагаліся з кожнай хвілінай разам з агнём, які абыймаў слупы, дабіраўся да грудзей ахвяр, скручваў гаручым подыхам валасы на галовах, кідаючы заслоны на счарнелыя твары, і ў канцы страляў яшчэ вышэй, як бы на пераможны трыумф той сіле, якая загадала яго разняціць.
Яшчэ напачатку відовішча з’явіўся сярод народу цэзар на зграбнай цырковай квадрызе, запрэжанай чатырма белымі ліхачамі, — апрануты быў у краскі партыі Зялёных, да якіх і ён, і ягоны двор належалі. За ім ішлі іншыя вазы, поўныя дваран, святочна выстраеных сенатараў, святароў і нагіх бахантак з вянкамі на галовах і збанкамі ў руках, па частцы п’яных, дзіка разрагатаных. Вобак іх музыканты, паўбіраныя за фаўнаў і сатыраў, гралі на цытрах, формінгах, пішчалках і рагох. На іншых зноў вазох ехалі матроны й дзевы рымскія, таксама п’яныя і напаўнагія. Вобак квадрыгаў танцоры патрасалі прыбранымі ў стужкі тырсамі; іншыя бубнілі ў бубянцы, іншыя сыпалі кветкі. Цэлы той карагод ехаў, дзеручыся: «Эвоэ!», найшырэйшаю дарогаю ў парку сярод дыму й людскіх светачаў. Цэзар, маючы пры сабе Тыгэліна й Хілона, палахлівасцю якога жадаў забаўляцца, сам кіраваў коньмі і, едучы ступою, паглядаў на палаючыя фігуры ды прыслухоўваўся воклікам народу.
Стоячы на высокай залатой квадрызе, акружаны людскою хвалою, якая кланялася яму да ног, у агнявым водбліску, у залатым вянку цырковага пераможніка, перарастаў галавою дваран, натоўп і выдаваўся вялігурам. Грубезныя ягоныя рукі, выцягнутыя разам з напружанымі лейцамі, казаў бы, багаславілі народ. На твары і ў прыморшчаных вачах іграў смех і так яснеў над людзьмі, бы сонца, бы боства якое, страхотнае, але й магутнае ды вялічэзнае.
Хвілінамі затрымоўваўся, каб лепей прыгледзецца ці то якой дзяўчыне, каторае ўлонне пачало сквярсціся ў полымі, ці выкрыўленаму канвульсійна твару дзіцяці, ды зноў ехаў далей, ведучы за сабою шалёны разгуканы карагод. Часамі кланяўся народу, то зноў выгінаўся ўзад, тузаў залатымі лейцамі і гутарыў з Тыгэлінам. У канцы, даехаўшы да вялікага вадаліву на цэнтральным скрыжаванні вуліц, высеў з квадрыгі і, кінуўшы на таварышаў, патануў у натаўпе. Прывіталі яго віватамі й воплескамі. Баханткі, німфы, сенатары, аўгустыяне, святары, фаўны, сатыры ды ваякі абступілі яго ўміг шалёным колам, а ён, маючы з аднаго боку Тыгэліна, а з другога Хілона, абыходзіў фантан, навокал якога гарэла некалькі дзесяткаў паходняў, затрымоўваючыся пры кожнай, робячы заўвагі або строячы кпіны з старога грэка, на твары якога малявалася безбярэжная роспач. У канцы спыніліся пад высокім слупам, упрыгожаным міртамі й акружаным зялёнаю поўсцю. Чырвоныя языкі полымя даходзілі тут ужо каленяў ахвяры, але аблічча ейнага нельга было адразу распазнаць з-за дыму. Праз момант, аднак, лёгкі начны вецер здзьмухнуў дым і адкрыў голаў старца з сівою, спадаючай на грудзі барадою.
Глянуўшы на гэта, Хілон адразу звіўся ў клубок, як ранены гад, а з горла вырваўся яму крык, хутчэй да крумкачага, чым да людскога падобны: — Глаўкас! Глаўкас!..
І праўда, з палаючага слупа пазіраў на яго лекар Глаўк, яшчэ быў жывы.
Читать дальше