Ноч не толькі не прыносіла польгі, але станавілася пеклам. Дзень адкрываў жахлівае й злавеснае відовішча. Усярэдзіне — велізарны горад на ўзгорках, выглядаючы як разгуканы вулкан, а навокал, аж да Альбанскіх гораў, адно непрагляднае качовішча будаў, палатак, шалашоў, вазоў, тачак, ношаў, крамаў, вогнішч, прыслоненае дымам, пылам, асвечанае рудымі касулямі сонца, поўнае гоману, крыку, праклёнаў, нянавісці й страху, нялюдскі выгляд мужчын, жанчын і дзяцей. Паміж квірытаў — грэкі, кудлатыя яснавокія народы з поўначы, афры й азіяты; паміж грамадзянамі — нявольнікі, вызвольнікі, гладыятары, купцы, рамеснікі, сяляне й ваякі; існае мора людское, абліваючае атоку агню.
Розныя весткі буялі тое мора, бы вецер — сапраўдныя хвалі. Былі памысныя й непамысныя. Расказвалі пра незлічоныя запасы збожжа й адзежы, што хутка надойдуць у Эмпорыюм і будуць раздавацца дарма. Гаварылі таксама, быццам па загаду цэзара з азіяцкіх і афрыканскіх правінцыяў будуць звозіцца багацці і раздавацца паміж жыхарамі Рыму так, каб кожны мог сабе паставіць собскі дом. Адначасна хадзілі й такія навіны, што вада ў вадацягах затручана, што быццам Нэрон хоча знішчыць горад, а мяшчан выгубіць да аднаго, каб перанесціся ў Грэцыю ці Егіпет і адтуль валадарыць светам.
Кожная пагалоска разыходзілася лётам маланкі і знаходзіла сярод натаўпу веру, выклікаючы або надзею, або заядлы гнеў, або страх. Урэшце нейкая гарачка спанавала тысячы качэўнікаў. Вера хрысціян, што агнявы канец свету блізкі, шырылася і між паганамі з кожным днём штораз больш. Людзі трутнелі, шалелі. У ваблакох бачылі багоў, асвечаных загаравам, прыглядаючыхся загубе зямлі, і выцягалі да іх рукі па літасць або пракліналі іх. Тым часам войска пры дапамозе пэўнага ліку жыхароў разбурала ўсцяж камяніцы на Эсквіліне, на Цэліусе, а таксама і на Затыбры, якое дзякуючы гэтаму ў большай частцы ацалела. Але ў самым горадзе гарэлі незлічоныя скарбы, награмаджаныя векавымі перамогамі, бясцэнныя творы мастацтва, стройныя святыні ды найдаражэйшыя памяткі рымскае мінуўшчыны і славы. Прадбачвалася, што з усяго места ацалее некалькі толькі крайніх кварталаў, а сотні тысяч людзей застануцца без прытулішча. Іншыя распаўсюджвалі таксама весткі, што ваякі разбураюць дамы не дзеля спыну агню, а дзеля таго, каб нічагутка з гораду не засталося. Тыгэлін прасіў-маліў у кожным пісьме, каб цэзар прыехаў і сваёю прысутнасцю ўціхамірыў роспач народа. Але Нэрон рушыўся толькі тады, калі полымя агарнула «Domus Transitoria» [64] «Прахадны дом» (лац.).
, і спяшаўся, каб не страціць нагоды, калі пажэжа дайшла да найвышэйшае магутнасці.
Агонь тым часам дасягнуў да віа-Намэнтана, а ад яе разам з пераменаю ветру адвярнуўся да віа-Лата [65] Шырокая дарога (лац.).
й да Тыбру, акружыў Капітоль, разліўся на Форум Боарыюм і, пустошачы ўсё, што ў першым імпэце абмінуў, зноў набліжыўся да Палатыну. Тыгэлін, сабраўшы ўсе сілы прэторыянаў, слаў пасланца за пасланцом насустрач цэзару з даносамі, што святазарнасць відовішча штораз паляпшаецца, бо пажар узмагаецца. Нэрон хацеў прыспець ноччу, каб тым лепш насыціцца відовішчам пагубы гораду. Для гэнае мэты затрымаўся ў ваколіцах Аква Альбана і пры помачы трагіка Алітуруса ўкладаў позу, міміку, позірк, вучыўся розных манераў, заўзята спрачаючыся, ці пры словах «О, святы градзе, што трывалейшым меў быці, чым Іда» падыме ўгару абедзве рукі, ці, трымаючы ў аднэй формінгу, апусціць яе, а падыме толькі другую. І гэнае пытанне выдавалася яму ў той хвіліне важнейшым ад усіх іншых. Выехаўшы ўрэшце на змярканні, раіўся яшчэ з Пятроніем, ці не было б добра ў вершы, апісваючым няшчасце, памясціць пару стройных блюзнерстваў супраць багоў, ці іх не вымагае мастацтва ў даным выпадку і сітуацыя чалавека, аглядаючага гібель бацькаўшчыны.
Каля поўначы пад’ехаў урэшце да гораду разам з вяльможнаю сваёю світаю, дваранамі, сенатарамі, рыцарамі, вызвольнікамі, нявольнікамі, дамамі й дзецьмі. Шаснаццаць тысяч прэторыянаў, устаўленых баявымі шэрагамі па дарозе, пільнавала ягонага прыезду, трымала ў цугундары разгуканыя масы народу. Народ праклінаў, крычаў, свістаў, гледзячы на карагод, не смеў, аднак, на яго крануцца. У многіх пунктах галайстра нат і віватавала, бо яна, нічога не маючы, нічога ў пажары не страціла, а спадзявалася болей шчодрага раздавання збожжа, алівы, вопраткі і грошай. Урэшце і воклікі, і свісты, і воплескі заглушыў гук трубаў і рагоў па загаду Тыгэліна. Нэрон, праехаўшы Остыйскую браму, затрымаўся на хвіліну і прадэкламаваў: «Бяздомны ўладар бяздомнага народу, дзе ж прытулю нанач бяздольную сваю голаў!» — далей, мінуўшы схіл Дэльфіна, падняўся па прыгатаваных для сябе сходах на Апійскі вадацяг, а за ім — аўгустыяне і хор спевакоў з цытрамі, лютнямі ды іншым музычным прыладдзем.
Читать дальше