Бяда ў людзей іх шматкі, іх рэчы. У нас гэта былі горы кніжак, якія ўчэпіста трымалі майго мужа пры сабе. Яны, здавалася, яму даражэй за нас з сынам. Я зацінала вусны, і прадчуванне згубы нейк зусім авалодала мною. Муж шукаў працы. Абяцалі яму яе і ў Карлавых Варах, і ў іншых месцах, а далі ў мястэчку Вімпэрку ў Судэтах ля самай граніцы. Вось крыху толькі заблудзіся, і амерыканцы схопяць цябе на граніцы ў абдымкі. О, які гэта няздзейснены, які салодкі сон... Здаецца, нічога не хацеў бы, толькі б не баяцца, што ізноў цябе схопяць і павалакуць, як і іншых, на канец свету ў свае суровыя душагубныя снягі й маразы.
Чэхі, напэўна, нам і далі гэты Вімпэрк, што спадзяваліся-такі на нейкі розум у беларускіх галовах. Але каго Бог пакараць хоча, дык прытупляе той розум... З мужам на гэтую тэму дарма было гаварыць, і хоць адзіным яго аргументам былі кансервы, усё ж ён трымаўся за яго аберуч і з месца скрануць не даваўся. Яму снілася Бацькаўшчына, а мне свабода й жыццё, дзе ўсе людзі роўныя — кулакі яны ці люмпен-пралетары, абы былі чэснымі людзьмі. Здаецца, раз на дзень еў бы, каб толькі не баяўся за сваё адзінае дарагое дзіця. Рэчаістасць была страшнай: ніякае магчымасці літаратурнай працы ці наагул працы для свайго народу, карыснай, канструктыўнай, і гэты, ніколі не засынаючы страх з тылавых «герояў» арміі, якая паволі адыходзіла з Еўропы дамоў, тых, другіх, пакідаючы за сабою.
Алёша не забываў нас. «Дзве тысячы братоў маіх ляжыць тут», — пісаў ён, перасылаючы здымак Монтэ Касына й знамянітую песню аб ім. Пісаў па-польску, бо так яго вучылі ў школе (іначай не вучылі), і польскае наваколле Андэрсавай арміі апалячыла яго начыста. Хлапчаня не магло сцяміць, што Беларусь — гэта не толькі тыя, хто знішчыў нашых бацькоў; што Беларусь — гэта старая нашая казка-зямля, нашая Маці й нашая мэта. Не час было пераконваць брата, я яму паслала толькі пачатак свае кніжкі з вершамі аб гэтай зямлі. Мне было радасна з таго, што ён, хоць ён адзіны, выжыў з гэтае вайны. Пасля пачалі мне пісаць і дзяўчаты, яго сімпатыі, і я пацела, па-ангельску адказваючы на іх лісты. Хлопец быў хоць вады напіся — высокі, стройны й на здымках амаль волат сярод акружаючых яго дробных, нармальных людзей. Толькі, на жаль, любіў джын, у чым мне чыстасардэчна прызнаваўся. Пісаў аб ім і яго камандзір андэрсаўскі. Маляваў хлопца хораша, як растаропнага добрага чалавека. Аляксей, кудэмі ні праходзіла іх армія, усюды лёгка вывучаў мовы й так размаўляў па-італьянску, па-нямецку й дасканала ведаў ангельскую мову.
Пісаў, што мог вучыцца ў Андэрсавай арміі, але хацелася яму ваяваць...
Аляксей быў нашаю радасцю, а яго сябра з вайсковай ангельскай місіі ў Празе, Сыд Алард — мілым госцем. А ў вачох паноў долі зямлі, дзе мы жылі, гэта было смяртэльным грахом амаль. Бо хоць брат і біўся супраць таго ж ворага, цяпер аказалася, што ахвяры толькі спяць роўныя між сабою па капцах і магілах, а пераможцы дзеляцца на класы.
А я прызнавала толькі паганых і добрых людзей, бо разумны, асвечаны інтэлігент куды больш патрэбны грамадству за азвярэлага, тупога пралетара, якога мэта пакуль што толькі й толькі — карыта. І так будзе вечна, бо людзі могуць лепш жыць матэрыяльна, але яны не дасканаляцца масава да ўзнёслага ахвярнага ўзроўню назначаных лёсам адзінак, якія служылі й будуць вечна служыць прыкладам людзям. Не мэта раўняць усіх людзей да ўзроўню такіх прымітываў. На Захадзе падымаюцца людзі больш да ўзроўню шляхотных інтэлігентаў. Прынамсі, такіх ставяць, выбіраюць, каб валодалі рэштаю.
Муж памалу збіраўся ў Вімпэрк, а Юра пайшоў у школу. Муж пісаў, што яму не пагана. Аднойчы я выбралася яго адведаць. Гэта цераз 200 км за Прагаю. У гарах ужо было халадно, і сам Вімпэрк такое цяжкае зрабіў на мяне ўражанне, што я раніцай уцякла ў касцёл, каб хоць крыху акрыяць душою. Нідзе яшчэ не было мне так жудасна, як у гэтай мясціне. Не высказаць было майго страху, і муж адмаўляўся мяне разумець. Душа паэта — сейсмограф. Яшчэ раз паехалі мы туды на святога Мікалая (чэшскае старое свята) з сынам. Уражанне не было лепшым. Наадварот. Нават сяння цяжка мне пісаць пра тыя дні.
Муж там чуўся як рыба ў вадзе. Восьенню 47-га года пан Кржываноска, наш добры знаёмы, ведаючы, як я хачу пабачыць маіх сёстраў, дастаў машыну й павёз нас на Снежку, дзе сустракаліся чэхі з палякамі, бо гара была падзелена напалову. Цудоўна ехалася, пераначавалі мы ў гатэлі прадгор’я й назаўтра пайшлі пехатою на Снежку. Няслі падаркі, і сэрца сціскалася ад сустрэчы пасля столькіх падзеяў, а сустрэча бліжылася. Горы былі восьенню не меней прыгожыя, лужайкі яшчэ зялёныя, сосны дзявоча задуманыя ў чыстым небе, а пагода была як высненая. Юрачка бег лёгка пад горку, а я ўжо не бегла, як бывала раней, пачало не хапаць мне паветра. На Снежцы дзве гасцініцы, і ў польскай мы знайшлі нашых! Ніна моцна пастарэла, а Люся была як абразок — такая зграбная, прыгожая, што не адарваць вачэй. Пан Кржываноска адразу сказаў, што такой дзяўчыны нельга пакідаць палякам. Чэхі ўсё яшчэ не мелі ласкі на іх. Мы завялі іх на наш чэшскі бок, я дастала ежу, на стале разлажыла, але есці ніхто не мог, мы й гутарылі мала, проста нейк анямелі. Я надзела на пальчык Люсі залаты пярсцёнак, які мне купіў муж у дзень смерці Аркадзія, не ведаючы аб гэтым. Люся марыла аб пярсцёнку й была радая. Было яшчэ й на сукеначкі і інш. Юра быў вельмі рад, усё хацеў быць з Люсяй. Даў ёй сваю прыгожую горскую палку.
Читать дальше