А пакуль што дайшлі справы, што Мікулічаў вывезлі, бо яны не пажадалі ўцякаць, атупелі, амярцвелі, няшчасныя, з гора. Такіх браць найлягчэй. Другія ж усе паўцякалі, і нават сястра Мікуліча, якое не прыкмецілі. Знача, павезла сцерва свой багаты ўлоў. Адпакутуюць за тое, што неўзлюбілі «айца, вусатае крывавае сонца рускай зямлі». Пасля й нас з мужам асудзяць разам на паўстагоддзя, і будзе ім няўцям, як можна не захапляцца «вялікім і мудрым», які паспеў ужо пазабіваць і вынішчыць не толькі род мой, але й паважную частку народу, лепшых яго сыноў.
Колькі іх ужо перавярнулася, тыранаў на нашай зямлі, і кожны крута загадваў найстрашнейшую нагласць: любіць сябе! «Собака бьющую руку лижет». О, не, не, не, мы — нашчадкі Міколы Гусоўскага [158] Гусоўскі Мікола (1470–80-я — пасля 1533) — беларускі паэт-гуманіст і асветнік эпохі Адраджэння, прадстаўнік новалацінскай усходнееўрапейскай школы.
, мы — племя Скарыны, браты Кастуся — мы ўжо вам не сабакі!!! Свет перавярнуўся дагары нагамі, усё засланіў сабою, падтрымованы сто мільёнамі штыкоў і аўтаматаў — грузін. Грузія й сяння ганарыцца, як умела адным сваім прадстаўніком вынішчыць мільёны славян. Хахочуць у кулак грузіны й спадзяюцца гэтак жа хітра прадаўжаць надалей. Жудасны забойца вісіць у іхніх харомах як нацыянальны герой. Проста жадаю ім, каб лепшых яны не мелі!
Прад вачыма паўзуць манашанькі, як шкілеты, і з прасветленымі цярпеннем вачыма, засуджаныя ўдовы з арлоўскай турмы, не кажучы ўжо аб цярпенні нашых народаў. Строіць свой поспех і благабыт на падобным — гэта зажыва стаць жывёламі, ніколі не дастойнымі звання людзей. Вось цяпер наглядаю, як успрымае гэтае ідалапаклонства сярэднееўрапейскі культурны народ, і з жалем бачу ажыўшыя з каменнага веку пачаткі жывёльнага ў людзях...
Расплываецца цень Масарыка над яго народам, успаміны аб ім, харошым, вандруюць на дно шафаў, як капіталістычны дысананс, небяспека сацыялістычнага новага ладу. Адвечныя славянафілы чэхі дарма шукаюць рысаў славянскага ў вусатым і насатым твары Джугашвілі [159] Джугашвілі — сапраўднае прозвішча І. Сталіна.
, крыху крывяцца, але загад ёсць загад, і Прага пад уплывам новых, барадатых, насатых прарокаў ходзіць на галаве. Няўжо і ім Бог адняў начыста розум? Не, гэта не замена багоў, гэта цынічнае ануляванне дасягненняў людскасці за дзве тысячы гадоў прасветленай, хрысціянскае эры.
Я пачынаю крыху разумець, што я нарабіла, запісаўшыся ў Саюз чэшска-амерыканскай дружбы, для мяне, праследаванай,— гэта страшная небяспека, але адначасова для мяне як для чалавека — гэта адзіны крытэрый жыцця, прамень святла ў цьмянай яскіні [160] Jaskinia (польск.) — пячора.
, дзе мы цяпер апынуліся. Усё грозіць нам згубай, але сумлення свайго, твару свайго чалавечага мы не губляем! Юрачку мы запісалі ў ІМКу, гэта Саюз хрысціянскай моладзі на манер амерыканскай. Разам з Фірлінгеравымі ён едзе на Сазаву [161] Сазава — рака ў Чэхіі, прыток Влтавы.
ў летні дзіцячы лагер. Гэты лагер, кажуць, найлепшы ў сярэдняй Еўропе.
У мужа водпуск, і мы з ім першы раз едзем адпачываць у Шпіндлерув Млын [162] Шпiндлерув Млын — курортны горад у Судэтах, горным масiве на мяжы Чэхіі, Польшчы і Нямеччыны.
у Судэты. У прыватным доме адпачынку нам няблага, толькі муж не хоча хадзіць, не любіць. Ляжыць на сонейку, выграваецца. А ў гарах хораша, зелена. Пасля Прагі паветра — як найлепшы лек. Кормяць няблага, толькі порцыі мікраскапічныя, і мы даволі галодныя. Які шчаслівы мой муж, а вось я зусім няшчасная, сумую, лекачу ўся, не знаходжу сабе месца. Раптам баюся за Юру, пішу яму на Сазаву поўныя кахання лісты. Перажываю. Чаму? Тут усё нямецкае, але немцаў выгналі, ходзяць адныя толькі старушкі ў чорных хустачках, на іх нельга глядзець — колькі трагічнага болю ў іх тварах... Гэты боль аж крычыць, і я яго адчуваю, бо я так добра ведаю, што гэта боль. А кругом вясёлыя курортнікі, папіваюць «півічко», смяюцца, ходзяць у горы, і рэшта ім усё абыякава. Праўда, яшчэ тут ходзяць хораша апранутыя дамы — чэшкі. Яны наравяць усё трымацца бліжэй да зняволеных калонаў, якія працуюць у лесе, відавочна, жонкі калабарантаў. Калі добры, людскі канвой, дык яны сустрэнуцца, пагавораць...
Як жаль, што не відно канца лагером і зняволенню, і здаецца, што яно толькі пачынаецца. Мне несказана цяжка. Са сваімі прадчуццямі я толькі пакута, вечна настарожаная бяда майму мужу. Ён сабе ляжыць, чытае, і нічога хімернага, несамавітага яго не мучыць... Нявесела мець паэтку за жонку, недзе думае ён сабе. А я бягу ў касцёл, там правіць ксёндз, яшчэ немец, якога не паспелі прагнаць. Што ж мне рабіць, каб было лягчэй? «Адпраўце мне імшу па памершых»,— прашу ў ксяндза. Гавару яму, хто я й што мне вельмі, вельмі цяжка. У касцёле не так, як у царкве, я стаю, малюся, але мне й пасля імшы не палегчала...
Читать дальше