Муж быў бледны, хістаўся, адзін цень. Ён пабег недзе пратэставаць у камендатуру, але дэлегацыя з нашага квартала ўжо пабывала ў галоўнай савецкай камендатуры ў горадзе Лысай над Лабаю. Бедныя, добрыя, яны ўжо нас і там ратавалі...
Я яшчэ раз напісала прэзідэнту рэспублікі й на гэты раз напісала яшчэ паслу амерыканскаму ў Празе, Лоўрэнсу Стайнгарту. Я верыла толькі яму. Чэхі дасталі паперы з маімі ініцыяламі, перапісалі майго ліста на машынцы па-чэшску, і цераз адну асобу, добра ёй заплаціўшы, я паслала гэтага ліста ў самае амерыканскае пасольства.
На трэці дзень харошы Стайнгарт ужо паведамляў мяне, што гаварыў з чэшскім урадам і пакуль што каб я была спакойная. Я цалавала таго ліста, і здавалася мне, што небяспека амаль мінула. Яна не мінула, але тры гады, ад 45-га да 48-га, гэта былі самыя страшныя гады, калі людзі мерлі ў лагерох, як мухі, іх проста нішчылі «велікадушныя» пераможцы абедзьвюма рукамі, асабліва нацыянальна ідэйных. З яўна нямецкімі прыслужнікамі яны адразу знаходзілі супольную мову й рабілі іх правай рукою ў вынішчэнні ўсяго беларускага. Людзі, каб захаваць жыццё, падлелі неймаверна, каяліся нат у тым, чаго ніколі не рабілі. Кляліся ў вернасці Сталіну й камунізму, страшнае называлі — гуманным, дурное — мудрым, сваё добрае хрысцілі паганым, ад беларускага з болем сэрца шарахаліся, як ад агню, згубіўшы надзею, што наагул ажывем калі-небудзь.
Усё залівала матушка-Русь. Недабітыя бедныя ўласаўцы прагна выслужваліся, як культуртрэгеры на нашых землях, каб толькі іх не пасылалі дамоў, дзе добра іх ведалі... Вось яны й партызаны не нашага народу стаялі цяпер на стражы й пільна сачылі, каб не прачнулася Беларусь тая адвечная са сваёю гісторыяй, з Пагоняю любай, з роднаю мовай, з народнаю песняй і з каханнем да старога свайго народу.
Час ішоў. З Граду Пражскага не было ніякага адказу ад прэзідэнта Бэнэша, можна было думаць, што ён маіх лістоў не атрымаў. Надышоў час аддаць Юру ў чэшскую школу. Расейская гімназія й пачатковая школа перайшлі цяпер у рукі прысланых з Масквы настаўнікаў. Яны мне не падабаліся: поўныя падазронасці да кожнага чалавека, нейкае казёншчыны, салдацкай патрабавальнасці й сталінскай суровасці, яны мала адышлі ад тых, якія выхоўвалі «гітлерюгэнд» [156] Hitlerjugend (ням.) — фашысцкая моладзевая арганізацыя ў Нямеччыне (1926–1945).
. Мы пастанавілі аддаць Юру ў нармальную чэшскую школу. Спачатку мне не хацелі аддаваць яго папераў, але я й слухаць не хацела аб тым, каб ён і далей там вучыўся. У чэшскую школу чужынцам ізноў не лёгка было даць у той час дзіця. Пачаліся «Народні выборы» і т.п. рады. Трэба было некалькі подпісаў давераных сведкаў, што мы за часоў акупацыі не былі калабарантамі і т.п. Чэхі падпісвалі нам гэта абедзьвюма рукамі, і так Юру прынялі ў школу. У расейскай ён скончыў чацвёрты клас, і вось чэхі хацелі, каб ён паўтараў у іх той жа клас, бо не дасць рады. Я ўпрасіла іх, каб узялі хлопца ў пяты клас на пробу. Калі я прыйшла да дырэктара за пару тыдняў, як ён мне назначыў, дык аказалася, што Юра ўжо найлепшы вучань класа, а да канца года ён быў найлепшы вучань усёй чэшскай школы, усімі любімы «выраблянец».
У Юры паявіліся новыя калегі, але яны яму не падабаліся. Часта хлопчык выказваў мне свае думкі: «Мамачка, у іх дзікія забавы, яны на ходніках рысуюць усё вісельні й гуляюць у тое, што вешаюць людзей». Так, гэта было страшна. Нашы некультурныя беларусы ніколі такіх гульняў не ведалі, а можа, цяпер і яны пайшлі з «духам часу»? Было аб чым думаць.
Нарэшце прыйшла вестка ад таты — пакуль што яны ў Зэльве былі жывыя. Тата пераслаў ліста Славачкі яшчэ з арміі. Гналі іх тады на захад. Аб смерці Расціслава мы яшчэ не ведалі. Старыя беларусы ў Празе былі вельмі занятыя сабою, даказвалі, бедныя, сваю лаяльнасць новым парадкам і каяліся ў тым, чаго не рабілі, бо ніхто з іх для беларускай справы амаль нічога й не зрабіў. Забэйда цвердзіў, што яго палітыка была самай разумнай і яму нічога не грозіць. Зразумела. Да нас прыехала Відавіса Паўлаўна Ляцкая. Яна пацяшала мяне, што красці мяне й не ўкрасці — яшчэ не самае страшнае, жыццё наперадзе. Ермачэнкавы рэчы чэхі з ярасцю расцягалі з яго кватэры й з яго вілы, дзе гаспадаром пакінуў ён старэнькага бацьку свае жонкі. Старога не скрыўдзілі, толькі выгналі з апартаментаў. Перад канцом вайны Ермачэнка запусціў бараду, каб яго не пазналі. Аднак немцы самыя яго пасадзілі, кажуць, за тое, што спекуляваў золатам, у шынах аўтамабіля вывозячы яго з Менску, дзе да ўсяго іншага меў, напалову з сястрою свае жонкі, камісійную краму! Даведалася я аб гэтым ад Піпэраў. «Ведаеце,— казаў доктар Піпэр,— я зрабіў так, як вы, фрау Ларыса, не мсціў. Калі прыйшла да мяне жонка Ермачэнкі прасіць дапамогі, я і яму дазволіў вітаміны й туалетныя драбніцы ў камеру. Бачыце, ад вас навучыўся»,— нейк іранічна паўтарыў ён.
Читать дальше