Ідзе экскурсія на Снежку (найвышэйшая там гара, нешта 800 метраў), я ўпрасіла мужа, каб пайшлі й мы. Хораша, так хораша, неба блізка, а калі захмарылася, дык воблакі плывуць пад нагамі, не нагледжуся на прыгаство, скачу лёгка, як каза, я не ведаю змучання, але пачынаецца дождж, мы заходзім у турысцкую хату, перакусваім нешта. За намі ўбягае, засопшыся, тып з партфелем і пытаецца, ці не ўздумаім ісці яшчэ на Снежку? Шпіён, шпік за намі й тут, у гэтых божых гарах, ледзь ужо дыша, няшчасны вырадак, як жаль, што не йдзем на Снежку...
Дамоў у Прагу вяртаемся аўтобусам і пасля цягніком. У аўтобусе як пад стражай проста адчуваецца, як акружылі. У цягніку ўжо вальней. Едзем дамоў, і нам сумна, ужо сцяна дыму й сажы над Прагаю, здаецца, цяжэй стала дыхаць.
Юра вернецца за пару тыдняў. Ад’язджаючы, мы былі ў яго на Сазаве, вазіў нас на лодцы, частаваў абедам. Былі мы з другімі бацькамі й ля іхняга круга, дзе пяюць і чытаюць малітву. Хлопчык тут чуецца добра, а з нас такі рады, такі рады. Нешта трэба напісаць яму, галоўка не працуе на такой цудоўнай рэчачцы, просіць, каб я яму крыху дапамагла. Сам ён зробіць лепей, калі захоча, але я крыху памагаю. Маці.
Едзем, і я аб ім думаю, так ужо хочацца пабачыць сыночка. За гэтыя тры нядзелі столькі пошты! Назаўтра бяруся за парадкі. Столькі прыгожых рэчаў мне купіў муж, калі мы ад’язджалі: новы нэсэсэр, туфелькі адныя, другія, шорты. Усе гэта складаю на месца. Выціраю сцены, вытрасаю дываны, драткую паркет, мыю, шарую, прасую цэлы дзень, да чацвёртай гадзіны ўначы, каб ужо ўсё гэта кончыць. Праца адганяе трывогу.
Назаўтра доўга спімо, мужу яшчэ цераз дзень на працу. На падлогу падае пошта, бягу, бяру лісты, і сярод іх адзін, гляджу, з Польшчы, ад мае сястроначкі Люсі. Заміраю: чаму ж не ад мамы, баюся адкрыць ліста... Божа мой, даю яго мужу... Муж адчыняе ліста, чытае, маўчыць, збялеў нейк... Божа мой, мама памерла ў 45-м годзе з голаду ў Казахстане, тата загінуў у гродзенскай турме [163] Тата загінуў у гродзенскай турме...– бацька паэткі Антон Міклашэвіч быў асуджаны на пяць гадоў лагеру і вывезены на ўсход Расіі.
, Расціслаў загінуў у арміі Касцюшкі ў 45-м годзе 28 красавіка, Аркадзій загінуў у 44-м годзе 27 ліпеня ў арміі Андэрса ў Італіі... Ногі мае з ваты, і свет кружыцца, кружыцца... Праўда гэта? Праўда гэта? Ці не замнога столькі на чалавека за раз? О, мама... О, Славачка, няўжо й ты наважыўся мяне пакінуць, браціку мой... Аркадзічак, тата... Гэта няпраўда, няпраўда, няпраўда... Бяда мне, бяда, як перажыць мне й пашто жыць?.. Божа мой, барані дзіця маё адзінае, ратуй майго мужа... Юрачка, сыночак мой, як табе, Юра? Я, здаецца, згубіла розум, білася аб падлогу галавою, грызла зямлю. Сапраўды, я, здаецца, здурэла.
Толькі цераз пару дзён пайшла старацца, каб мне дазволілі паслаць пасылку ў Польшчу, апрануць няшчасных, Люсі паслаць лекі, бо хварэла на бруцэлёз, якім заразілася ад гавец у Казахстане...
Трэба было паехаць і паглядзець, ці жывы Юра? Ноччу мне прыснілася, каб не наракала, што можа быць яшчэ горай, яшчэ страшней. Смерць і гора абступілі мяне з усіх бакоў, надыходзіў нейкі абсалютны канец, трагічнае завяршэнне цярпення. Што ж, у гэты час муж мой меў ненармальную жонку. Здаецца, ніхто з людзей не меў такога жудаснага болю, як я... Сёстрам я ўсё паслала сваё, і людзі мне памагалі. Адзела іх усіх, пааддавала ўсё, што мела. Люсенька была шчаслівай. Памаглі ім і мае сябры ў Польшчы, далі ім кватэру ў Вроцлаве, далі працу. Цяпер яны маглі жыць.
Толькі я стала горам для сваёй сям’і, уся душа мая была з мёртвымі. Удома быў толькі мой цень. На імшу я дала па іх у касцёл, і каталіцкі ксёндз маліўся па іх. Яшчэ сцерва папярэдзіла мяне, што пражскія святары, якія засталіся, цяпер агенты іхнія і ўсе даносяць... Не ведаю, ці гэта было праўдаю, але мне рабілася страшна нават ад пачутага расейскага слова.
А сёстры жылі, ачунялі. Што толькі магла, я ім слала — і прыгожую ябланецкую біжутэрыю, і лекі, і новае, і крыху ношанае, і гэтым жыла. Жаль мне было часам мужа, бо са мною ўжо не было ніякай гутаркі, як з дурнем. Настаўлю фатаграфіяў памершых і ўглядаюся.
А на працы ў мужа пачало не ладзіцца, пачалі яго змушаць уступіць у партыю, але ён сказаў ім, што лекар і ксёндз не смеюць быць партыйнымі. Партыяў чатыры, а яны для ўсіх. Пачалі памалу капацца пад намі ўсюды, і спакою ўжо ў нас не было.
Аднойчы прыйшоў ліст, на якім было толькі напісана: «Доктар Іван Геніюш у Празе». Шукалі нас доўга, але знайшлі. Ліст быў ад брата Аляксея. Ліст быў прыблізна такі: дарагі швагер, дзе мая сястра й дзе наш Юра? Пачалася перапіска. Паляцела трагічная вестка й да яго. Ён быў у Англіі, прыгожы, рослы, з крыжамі заслугі, але без раненняў выйшаўшы з вайны. Аркадзі сканаў у яго на руках і пахаваны ў Ларэта ў Італіі, у братняй магіле з палякамі, з якімі й ваяваў.
Читать дальше