Брату хацелася памагчы мне, пасылаў, што мог, найболей ангельскія цыгарэты, бо іх усё было мала. Аднойчы прыслаў мне й залаты крыжык у папяросах цудоўнай мастацкай работы. Я не расставалася з ім, аж здзерлі мне яго разам з абручальным персценем і гадзіннічкам у савецкай турме й болей іх мне не вярнулі...
Я крыху супакойвалася. Нас наведаў брата прыяцель, англічанін Сыднэй Алард. Вельмі цікавіўся нашай сям’ёй. Бываў у нас, што вельмі не падабалася нашаму наваколлю, і мы проста самохаць ішлі да нейкае згубы, не хочучы ніяк пакарыцца хмарнай рэчаістасці. Жылі трудна, але жылі, як хацелі, жылі, як сапраўдныя людзі, не крывячы сваім сумленнем і не прадаючы яго ні дорага, ні танна, бо на чалавечае сумленне цаны няма! Такое не прадаецца, і няхай мне ніхто не кажа, што нельга ўстояць!!! Няма сумлення — няма і чалавека! Касцяк людскі — гэта людское сумленне.
Нас пачалі падганяць, каб мы бралі грамадзянства. Муж хацеў чэшскае, аж пішчаў. Вельмі гнаны чужынец, праз усё жыццё ён хоць раз хацеў быць грамадзянінам дзяржавы. А Сыд Алард таксама пытаўся ў мяне: «Хто бароніць людзей без грамадзянства?» Я кажу яму: «Бог!» — «А англійскіх грамадзян бароніць Бог і кароль»,— мудра адказаў Сыд... Жаль, я не зразумела тады як належыць разумных слоў братняга друга, дый ён мог бы сказаць мне гэта хоць яшчэ адзін раз, і жыццё нашае было б лягчэйшым...
І так мы пачалі старацца чэшскае грамадзянства, як хацеў муж. Чэхі не проста давалі людзям пасляваеннае сваё грамадзянства. Яны нас траслі-ператрасалі, перавяралі ўсе костачкі й ніякіх грахоў не маглі за намі знайсці. Было толькі ім не зразумела, чаму за нас, чужынцаў, бяруцца ўсе іх чатыры партыі. Яны нам гэта сказалі. Ніяк не маглі зразумець, што беларусы мы, што мы людзі, людзі ў кожных абставінах жыцця, якія не здрадзілі праўдзе, шляхотнасці, сваёй Бацькаўшчыне, народу і ўсім добрым людзям на свеце. Вузкалобыя гэтага не маглі зразумець.
Юра выступіў супраць ідэі чужога грамадзянства й сказаў нам, што гэта здрада перад сваім народам. Было нам дзіўна яго слухаць. Сяння думаю, што, можа, яго, малога, агенты якія так навучылі. Аднойчы нам яго ўкралі, павезлі з сабою нейкія байцы, адразу нейк пасля іх прыходу ў Прагу. Ноч не было хлопчыка, і мы каналі са страху. Назаўтра нам яго прывезлі байцы таго штаба, які першы ў нас затрымаўся. З ім нам прывезлі мяса, каўбасаў і сваю, здавалася, дружбу. А сяння нечаму думаю, а можа, яны нам тады купілі дзесяцігадовага хлопчыка? Я сяння ўсё ўжо магу чакаць ад іх, хоць такое й неймаверна. Сына мы ніколі ні аб чым не пытаемся. Нам цяжка задаваць яму падобныя пытанні, раніць чалавека, а ён маўчыць. Маўчыць...
Людзі пачалі вельмі расчароўвацца ў савецкіх байцах і людзях. Рэчаістасць выглядала непрывабна, зусім іначай, як прапаганда на старонках савецкіх газет. Найболей не падабалася пагоня за гадзіннікамі. «Давай часы» — стала насмешлівай пагаворкай.
Чатыры партыі моцна змагаліся перад выбарамі. У Чэхах найболей галасоў атрымалі камуністы, у Славаччыне наадварот. Славакі не маглі дараваць Бэнэшу смерці ксяндза Ціса [164] Ціса Ёзаф (1887–1947) — славацкi каталiцкi святар i палiтычны дзеяч, прэзiдэнт Славакii (1939–1945), абвешчанай пры падтрымцы А. Гiтлера; пасля вайны асуджаны да пакарання смерцю.
. Бэнэш і тут кіраваўся помстаю. У яго волі было памілаваць гэтага чалавека. Адсутнасць велікадушша — трагедыя тупых адзінак, рэпрэзентуючых народ. Час ішоў. Чэхаславаччына ўсё яшчэ не выходзіла з чаду помсты й маніфестацыяў, але бурныя словы не маглі закрыць суровай для камуністаў праўды — народ, прывыклы да ладу й парадку, расчароўваўся ў пустых словах, традыцыі перамагалі.
Беспартыйнага майго мужа звольнілі з працы. Далі яму нейкае адшкадаванне. Трэба было шукаць працы. Тым часам далі нам чэшскае грамадзянства [165] Далі нам чэшскае грамадзянства...– Янка і Ларыса Геніюшы атрымалі чэшскае грамадзянства 27 ліпеня 1947 г.
. Мне сяння здаецца, што далі нам яго, проста каб мы не ўзялі другога, калі ўжо не бярэм савецкага. «Е нам цті дат вам обчанстві» (гонар для нас даць вам грамадзянства),— сказалі нам чэхі, даючы нам яго.
Муж шукаў працы, а сябры ўсё рабілі, каб толькі нас перацягнуць да сябе. «Ужо год еў бы кансервы, — гаварыў муж, — каб цябе паслухаў». Ну, пакуль што еў па кусочку свежага мяса, але гэта яшчэ пакуль што, пасля амаль дзесяць гадоў жывіўся знамянітай камсою ды хлебам з мякінаю. Кансерва была як мара, як сон, які не збываецца...
Нас клікалі ў Парыж, прыслалі паперы, каб лягчэй было нам дастаць дазвол і візу. Знайшліся ў нас там сваякі. Муж не хацеў слухаць, а мудры Юра так радзіў: «Хадзі, мамачка, паедзем з табою, а татачка так нас любіць, што хутка за намі прыедзе, не вытрымае». Гэта зрабіць тады сапраўды было б найразумней, але муж — галава ў хаце, пагледзьімо, што будзе далей, як жа тая галава пакіруе?
Читать дальше