Вось мы з сынам у хаце, звоніць тэлефон, то чэх адзін пытаецца, ці мы ўдома... Знача, яшчэ адна загадка раскрываецца. Гэты чэх убіўся нейк у наш дом вайною, каб мы памаглі яму ў складанні нейкага агульнаславянскага слоўніка. Некалі ён быў консулам у Югаславіі, так, прынамсі, нам рэкамендаваўся. А мы, дурні (я, я), яшчэ кармілі гада ў цяжкі ваенны час... Чорт вас бяры са шпіёнамі, плюю на вас!
Нас з сыночкам чакае бой, добра, што хоць муж у бяспецы. Калі мяне злапалі на могілках, я з адчаю напісала ліста прэзідэнту Бэнэшу, каб ён мяне ратаваў, бо ж і я ад яго ў свой час не адраклася. Так непрыстойна пісаць свае «заслугі», але што рабіць, калі трэба ратаваць сям’ю. Думаю аб гэтым цяпер.
Мы з сынам дваіх у маёй пасцелі чытаем Евангелле па-беларуску, молімся горача Богу. Двое няшчасных супраць сталінскага заядлага апарату, двое самотных беларусаў — Божа, Божа, ратуй нас. Так мы й паснулі, пагасіўшы свет.
Разбудзіў мяне бесперапынны званок і трэск дзвярэй у сенях. Што робіцца, казалі ж, што дзвярэй не ламацімуць! Выходжу, а там голас за дзвярыма: «Мамачка, пусці мяне, гэта я, твой Янка, я хачу быць разам з вамі, ці ўжо жыць, ці ўмерці...» Адчыняю дзверы, пан Чада прывёў майго «галубочка» на маё гора... Мне ж самой было б спакайней. Ну й лёс... Хутка паслала яму пасцель і падумала сабе, што ўсё ж ён шляхотнейшы, чымсьці я сабе думала...
У нас былі прыгатаваныя тры ўколы, калі б нас бралі на здзекі, адныя ці другія — дык мы пастанавілі лепш траім памерці. Уколы ляжалі яшчэ з вайны.
У хаце ў мяне ўсё больш-менш ёсць, нават сухая бульба. Ходзім па хаце на цыпачках, як духі, больш ляжымо. Панядзелак. Калі ж ужо будуць нас красці? Вокны завешаныя, і ніхто не ведае, што мы ўдома. Ведае толькі той пан Зіка, быўшы югаслаўскі консул, пацук аблезлы, каб ён скруціўся да раніцы... Дзень прайшоў сяк-так. Хлопцаў сваіх я накарміла. Гаворым мы мала, болей думаім. Я яшчэ не чытала «Графа Монтэ-Крыста» Дзюма [154] Дзюма Аляксандр ( Дзюма-бацька ; 1802–1870) — французскі пісьменнік.
, вось цяпер пачала чытаць. А няхай яго, ну й літаратура мне трапіла на гэты час... Што ж, і мы тут як на тым востраве Іф [155] Мы тут як на тым востраве Іф…– на востраве Іф у Міжземным моры (паблізу Марселя) была турма для асабліва небяспечных дзяржаўных злачынцаў.
...
Я хварэла ўвесьь час на язву страўніка, і ад такога перажывання вельмі пачало мне балець пад ложачкай. Звычайна сода мне памагала. Было ўжо надвечар, ціха кругом. Я ўстала босая, з распушчанымі косамі да пояса, у доўгім, да зямлі, халаце, узяла шкляначку тонкую венскую й замяшала ложачкаю соду, каб выпіць, як раптам пачаў званіць званок, але так званіць, што я не выпіла той соды і, трымаючы ложачку рукою ў шклянцы, каб не бразнула крый Божа, падышла да дзвярэй і падперла іх моцна плячом. За дзвярыма гутарка, як на кірмашы, а я стаю, не баюся, вось толькі каб тая ложачка не бразнула. Мне здаецца, я лекачу. Не, няхай яны не ведаюць, што мы ўдома... Галосны наш званок грыміць, не перастае. Цямнее. Я на цыпачках іду на сваё ложка. Муж ляжыць, як нежывы, маўчыць, бо й што скажаш? Мераю вокам адлегласць да вакна. Затрашчаць дзверы, дык выскачу галавою ўніз, я ведаю, што я ім патрэбная, як і ўся мая кулацкая сямейка. Не, я жывая не дамся! Званок звоніць і звоніць, і звоніць да першае гадзіны ўначы. Пасля мы паснулі.
Ранак быў сонечны, мы хадзілі, елі ціхенечка, амаль не дыхалі. Была пошта, нехта званіў, але мы нікому не адчынялі. Юрачка, наш неспакойны, як жывое срэбра, сынок, цэлымі днямі сядзеў пад сталом на дыване й ставіў вежы з падушак, што на канапе. Надзіва спакойны малы. «Сынок, ты, напэўна, хочаш на двор, такая ж пагода?» — «Не, мама, што мне з таго, каб быў я на дварэ й не меў татачка й мамачкі, лепш я пасяджу пад сталом і буду мець мамачку й татачка»,— мудра надзіва сказала хітрае наша дзіця.
У мяне заўсёды нейкія запасы ежы. Я сялянка. Вось цяпер гэта ўсё прыдалося. Юры падабаецца есці смачныя кампоты штодня... Так мы праседзелі тыдзень аж да суботы. У суботу мы выйшлі. У хату наляцела людзей, плачуць, цалуюць нас, прынеслі ежу й кветкі. Адныя думалі, што мы ўцяклі, другія баяліся, што нежывыя.
Знача, пад наш вялікі дом прыехаў грузавік з «асвабадзіцелямі», і салдаты пад нашымі вокнамі трымалі расцягнутыя брэзенты, а начальнікі званілі, але пад дом наш сышлася ўся часць горада, дзе мы жылі, увесььь квартал, і паднялі крык, што не аддадуць «пані доктараву», што мы іх людзі, харошыя людзі! Цікава, што найбольш крычалі й лаяліся камуністы. Што ж, людзі працы не раз адчувалі маю спагаду, і не адзін сакрэт з часоў вайны быў паміж намі. Добрыя людзі, яны крычалі, што без чэшскай паліцыі ніхто не мае права чапаць нас, а тут было якраз без паліцыі. Наш зямляк, якога мы ратавалі вайною, інг. Жук памагаў шукаць нас. Ён вадзіў знамянітую «экспедыцыю» па хатах, па кватэрах (кватэраў болей як 30), вадзіў і ў склеп, а ў дзвярох паставілі патрулёў. Так да першай гадзіны ўначы. Болей не паказаліся. «Экспедыцыя» закончылася. Павезлі Пётру, налапалі яшчэ кандыдатаў у лагеры ў Комі. I на гэты раз ім зноў не ўдалося схапіць нас. Бог даў нам яшчэ тры гады чалавечага жыцця, праўда — трывожнага...
Читать дальше