Божа мой, няўжо й нам гінуць, як няшчасным бацькам маім, як усяму нашаму роду? Божа мілы, ратуй нас, змілуйся, Божа, над дзецям маім у гэтай зямлі чужой і цяпер варожай для нас.
Знача, поўная найстрашнейшых прадчуванняў, я ні слова не абмовілася мужу й назаўтра з раніцы аб падзеях на могілках. Мае чэшкі дасканала выпаўнілі просьбу, папярэдзілі каго належыць. Муж пайшоў на працу, сын гуляў з дзяцьмі на дварэ. Раніца была сумрачнай, а сэрцу неспакойна як ніколі. Я пачала варыць нейкае павідла на зіму, але з рук мне ўсё падала. Так у абед нехта пазваніў. Калі я адчыніла, дык убачыла двох учарашніх афіцэраў, яны стаялі ля парога. «Не спадзяваліся нас?» — папытаўся рыжы. «Спадзявалася», — адказваю абсалютную праўду, бо я такі думала, што праследаваць мяне не перастануць. Яны мне паказаліся такія страшныя, што здаецца, каб жывога Гітлера ўбачыла, дык не так спалохалася б... Што ж, увайшлі ў хату. Я іх папрасіла сесці. Пачалася гутарка. «Мы вас вельмі просім вярнуцца ў Беларусь. Вы тут бедна так жывеце, а ў нас Алесь Кучар [152] Кучар Алесь (сапр. Евелевіч Айзік ; 1910–1996) — крытык, драматург; у 1930-я гг. ацэньваў беларускую літаратуру з вульгарызатарскіх пазіцыяў.
зарабляе адзінаццаць тысяч рублёў на месяц, вось і вам дамо столькі ж». — «А што вы зрабілі з нашымі пісьменнікамі ў 37-м годзе, ці я вам патрэбная на тое ж?» — кажу ім. «Мы чакалі вайны»,— адказвае афіцэр. «Што ж, вы зноў можаце чакаць вайны й рабіць тое самае». На гэта ён мне нічога не адказаў, толькі пачаў прасіць і ўгаворваць, каб мы вярталіся ў Беларусь. Глянуўшы на кніжкі, паабяцаў усё нам перавезці. «Дзякуй,— кажу,— а што вы зрабілі з маімі бацькамі?» — «Мы былі суровыя самыя да сябе»,— кажа мне той душыцель. «Вы зноў можаце быць суровыя самыя да сябе,— кажу.— Не, адстаньце ад нас, мы нікуды не паедзем!» У час нашай размовы ўсё званкі. Гэта сцерва пытаецца, хто ў нас? Калі я ёй сказала хто, дык яна схавалася, быццам спалохаўшыся, каб яе не злапалі. Я, здаецца, ёй верыла, так яна ўмела прытварацца. Я вярнулася ў пакой, і яны папыталіся ў мяне: «Хто там быў?» Кажу: «Лістанош». Пасля прыйшла адна чэшка й села ў кухні, прыбег Юрачка. Гутарка ў нас адна: «Слухаць і ведаць вас не хачу, ідзеце сабе, скуль прыйшлі». Тады рыжы афіцэр кажа: «Вось мы навучым вас любіць савецкіх афіцэраў. Едзьце з намі цяпер на пляц Пабеды, заедзем у кафэ». — «Што ж, там у вас штаб, і туды вы мяне хочаце вязці, мне ясна, дык каб ведалі, што жывой мяне ў рукі не дастанеце. Хутчэй я скочу з вакна й заб’юся на месцы, чымсьці вы мяне схопіце». А сцерва ўсё звоніць... Я махлюю ім як умею. «Што казаў ваш муж на гэта, што мы вас учора затрымалі?» — «Нічога не казаў, ён нічога не ведае». — «Няўжо вы яму не сказалі?» — «Не, — кажу, — не сказала». — «Дык вы яму й далей не кажыце», — радзіць мне бандыт. Сама, думаю, ведаю, што рабіць, а ты вось пакідай маю хату!
Нарэшце яны пайшлі, баявая мая чэшка, думаючы, што мне нешта грозіць, ужо сабралася клікаць чэшскую паліцыю. Зазваніла і ўвайшла сцерва, і якраз прыйшоў муж. Я хуценька расказала яму ўчарашняе й сянняшняе й сама стала без памяці ля свайго ложка на калені й пачала горача маліцца Богу. Я нейк проста анямела ў сваёй маўклівай малітве.
А падыходзіла страшнае, і трэба было прыняць усё, і нельга было думаць аб сабе, а толькі й толькі аб тым запавеце, аб тым тэстаменце, і нельга было сыходзіць са шляху, пракладзенага шчырымі сынамі Айчыны. Нельга было, так мне дапамажы, Бог!
Янка вельмі спалохаўся. Я падала абед і запрасіла сцерву, як звычайна. Толькі на гэты раз не было ў нас за сталом харошага Пётры. Не раз мы ўсе разам палуднавалі й рознае планавалі за гэтым сталом. Сядзіць дзяўчына, якой я так хацела дапамагчы, чым толькі магла. Яна нічога браць не хацела, а я ёй, «беларусачцы беднай», то панчошкі, якіх нідзе няма пасля вайны, то грошы. Папяросы толькі яна брала ахвотна й курыла, як той комін.
Раптам дзяўчына ўстае й кажа: «Не палохайцеся, гэта я пасланая, каб вас выкрасці, мяне на гэта школілі. Ужо тры тыдні мы стараемся, каб чэхі выдалі вас, але яны не хочуць гэтага зрабіць ні за што. Усіх выдалі, а вас выдаць проста не жадаюць, і нам трэба вас схапіць і ўкрасці. А цяпер пытайцеся пра сваіх знаёмых на Беларусі й вам усё скажу». Я толькі папыталася пра Пётру, і яна сказала мне, што яго не выратуе, бо ён быў у Саюзе Беларускай Моладзі [153] Саюз беларускай моладзі ( СБМ ) — моладзевая антысавецкая грамадская арганізацыя на Беларусі (1943–1945), падпарадкоўвалася БЦР.
. Я яшчэ раз папрасіла ратаваць Пётру — дарма. Я анямела з болю й агіды да гэтай шпіёнкі, якая ўлезла пад выглядам «няшчаснай зямлячкі» ў нашую хату й вось чаго начаўпла.
Читать дальше