І так нічога ў мяне няма, нават лісінай норкі, а ў перспектыве сэрца, распятае на заінелых дратах Поўначы за Беларусь. Знача, так наканавана. О Божа, не пакінь сына майго адзінага й не дай загубіць яму ў прорвах адзінокага жыцця імя й аблічча чалавечага й беларускага! За мною ўжо магілы маіх найдарожшых, а наперадзе здзек і крывавы лёс. Што ж, памераем з ім сілы. Хто будзе сільнейшы: здзек над намі ці мая любоў? Няхай на маёй асобе спыняцца ўсе пакуты народу нашага. Ён заслужыў, каб быць вольным! Вякі перахаваная мова народу майго, наша культура ад святой Еўфрасінні ўжо гуманная, якія ж вартасці гэта ў свеце лагероў, забіваючых чалавецтва сцюжай Варкуты й агнём Асвенцімаў! Ці ж можна аддаць на забыццё й знішчэнне такія вартасці народу без шкоды для ўсяго чалавецтва? Спі спакойна, дарагі дзядзька Васіль Захарка, не дамо зглуміць нашага скарбу. У рукі мае перайшла воля твая, а сэрцы дочак заўсёды вярнейшыя роднай Маці! Усё будзе забрана мне, і след мой амаль зацёрты, але зярняты чынаў вашых і нашых слоў перажывуць усё маральнае катаванне й закрасуюць у недалёкім часе, каб вечна наш жыў народ!
Не, нельга мне вінаваціць майго мужа, бо хто абышоў лёс свой, які яму наканаваны зверху? Іду, мяне будуць судзіць і вінаваціць за тое, што не люблю іх, бо іншае віны ў мяне няма. Няхай хто з жывых, каму замучаць бацькоў, вынішчаць род яго, адарвуць ад сэрца й кінуць на мукі адзінага сына, разаб’юць сям’ю й засудзяць абаіх з мужам на паўстагоддзя кіркавання Богам і людзьмі праклятае мерзлаты, няхай зразумее, ці можна «любіць» за такое й называць гэта паводле рэцэпту іх «мудрым»? Можа, каго змусілі й на гэта за скаромнейшы кусок т.зв. «народнага хлеба», але хіба ж гэта людзі? Гэта халуі й ахвяры іх.
Не можа быць вартым і шляхотным тое, якое праводзіцца такімі метадамі ў жыццё. Вялікае крывавымі метадамі брыдзіцца! Канчаецца гасціна мая ў т.зв. братняга славянскага народу. Як лёгка замянілі чэхі сваю адвечную вернасць славянству на грузінскія вусы свайго новага ідала? Страшна нейк, шкада іх крыху, бо ж прачнуцца й будзе ім жудасна: каго, на што лёгка так і так без думна памянялі? Што ж, ён «натхняў» нават беларускіх ткачыхаў, «абагачаючы» нашыя народныя ткацкія матывы ўзорам ботаў сваіх, акрываўленых славянскай крывёю, і, галоўнае, узорам жудасных свету грузінскіх вусоў... Ну й «натхненне» для народаў зямлі, ды яшчэ еўрапейскіх!
Недзе ў закрытым вартаваным памяшканні дагараў чэшскі прэзідэнт Бэнэш. Цяпер ён стаў ворагам. Яго выкарысталі й адкінулі ў яму, калі ўжо стаў непатрэбны... Так з кожным палітыкам і з кожнай чалавечай праўдай, якая не надаецца ў марксісцкі талмуд. А талмуд той застыў на псеўдапраўдах XIX стагоддзя й клаў цяпер на пракрустава ложа абалванелых дзеячоў новай, нейкай чужой чалавечаму, асабліва славянскаму сэрцу рэлігіі. Адно было мне яшчэ пацехаю нейкай. Я верыла, што ў мужа былі гэта памылкі й што ён, як і я, не зрачэцца шляхотных праўдаў і дасягненняў вялікіх людзей на гуманным развіцці чалавечай культуры.
Мяне чакала павольнае забіванне паэта й ніякай магчымасці творчае працы наагул. Але ўсё ў Божых руках, і таму жыць — цікава! А недзе стаяла нашая калыска, так мне думалася тады. Нашая хата ў Жлобаўцах. Памятаю, як тата вазіў на яе лес аж з-за Нёмана. Бярвенні былі смольныя, аб’ёмістыя. Сані праваліліся ў Нёман разам з татам, і магутны шыракаплечы тата доўга ляжаў у пасцелі з адмарожанымі нагамі. Пасля ставілі дом, пасвянцілі падмуроўку, паклалі туды свянцонага зеллячка, як рабілася яшчэ да нас. Развіталася я з ёю ў 37-м годзе, ад’язджаючы да мужа з сынам. Калі вывезлі нашых бацькоў, перавезлі нечаму нашую хату ў Гудзевічы. Расціслаў вярнуў яе назад на сваё месца, каб мама, вярнуўшыся, мела дзе жыць. Але не вярнулася мама, і ізноў перавезлі гэтую хату, цяпер у Ваўкавыск на Віленскую вуліцу. Туды перавезлі й нашае гумно на гараж. Было там Д[арожна]-Э[ксплуатацыйнае] У[праўленне], а цяпер нават не ведаю, якая там установа.
Часам прыходжу й гляджу на яе здалёк і бачу, здаецца, тату з адмарожанымі нагамі, як звозіць тугія бярвенні на хату для сваіх семярых дзяцей. Было ў ёй звонка й было трагічна, бо крывавая будучыня прадзіралася ўжо ў нашую людскую сведамасць прадчуваннямі жудасных дзён. Узгадавала яна высокіх, мажных і харошых братоў маіх і сагрэла вечным цяплом сэрца маё беларускае, загартавала яго ў дабры й праўдзе, якой не змаглі ніякія ворагі людскасці. Думалася: нехта з нас адыдзе, нехта застанецца на гэтай зямлі ў гэтай хаце й будзе чакаць нас, калі прыедзем у вялікае свята на магілы дарагіх бацькоў, і ўсім нам будзе як у маладосці, і памяць бацькоў будзе асвячаць шляхі нашыя й выпраўляць нашыя памылкі. Мы славяне, мы беларусы, у якіх не гіне памяць аб мінулым і да якіх продкі нашыя асабіста ад вякоў ужо прыходзяць на Дзяды, каб разам пабыць у гасціне. Усё благое адыходзіць у небыццё, і застаецца чысты ўспамін аб найлепшым. Ходзім па зямлі й чуем, здаецца, спагаду й параду дзядоў сваіх сярод шырокага поля. Адабралі нам нават гэтае, абсмяялі веру нашую, абычаі нашыя й мову нашую на нашай зямлі. А нашыя Дзяды ўсё ж прыходзяць да нас у кожную восень... І пакуль яны будуць прыходзіць да нас, датуль мы будзем людзьмі.
Читать дальше