А помніка так і не паставілі. Усё, сказаць, ужо гатова, але такія былі ў нас маразы, пры якіх нельга рабіць бетонныя працы. Вось і пастанавілі мае дарагія сябры адкласці справу помніка да вясны. Мне не застаецца нічога іншага, як з імі згадзіцца, бо гэтыя справы яны лепей ведаюць ад мяне. Не заўсёды магу зайсці на дарагую магілку. На Задушны дзень стала мне дрэнна, мусіла вярнуцца дамоў. Свечачкі паставілі сваякі. Мусіць, перастыла на памінальнай паніхідзе. Сяння мне лепей.
У мяне мала хто бывае. Аляксей Міхайлавіч [Пяткевіч] – вынятак. Візіт яго быў для мяне вельмі мілы. Сяння недзе ўсе спяць пасля параду. Вонку пахмурна, і я адна пакуль што. Клікала на чарку суседка, але я чаркі не п’ю. У нас апошні час былі марозы да 10 0-11 0раніцою. Зямля ўмерзла зусім. Апошнімі днямі пацяплела. Я вельмі хацела б мець той здымачак, аб якім Вы пішаце. Апошні час я моцна занятая збіраннем вершаў па розных сшытках. Дануся Б., якая ўзялася рэдагаваць мой зборнік, моцна мяне падганяе. У яе шмат надзеяў на гэты зборнік. Але я меней аптымістычна заглядаюся на гэтую справу. А можа? Было б гэта нядрэнна з розных меркавань. Найгорай тое, што не змагу яго ні паказаць, ні прачытаць самаму спрыяльнаму мне дарагому чалавеку – с.п. Мужу… Падумаю пра гэта – і ахвота мне да ўсяго адпадае. С.п. Муж не адступаецца ад мяне, не адыходзіць з думкаў.
Сябра, аб якім я Вам пісала, гэта Язэп Н[айдзюк] з Вільні. У яго ёсць ведамы Вам добра брат Чэсь. Я яму адрасую лісты – Язэпу Александровічу. Думала, што гэта Вы ведаеце. Вось ён сардэчна Вам кланяецца, як стары Ваш знаёмы. Ён адшукаў мяне праз сына і цяпер піша мне. Сяння ў мяне вельмі цяжкі настрой. Залежыць ён таксама і ад пагоды. Хоць і варункі майго тут існавання нямала гэтаму спрыяюць. Мілая Дануся Б. поўная энергіі і добрай думкі. Хваліць мяне вельмі далікатна. Але моцна. Перакідваемся вершамі, заўвагамі, лістамі. Зноў чакаю яе прыезду.
Глядзела па тэлебачанні парад у Менску. Мілыя дыктары віншавалі многіх “перадавікоў вытворчасці”, давалі кветкі, хораша звярталіся да іх па-беларуску. Ні адзін з гэтых “перадавікоў” не адказаў ім на роднай мове! Няўжо няма ў людзей прымітыўнага такту – хоць дзякуй сказаць па-беларуску! Устыд! Адзін – нейкі Шуляк, ну думаю, хоць гэты нешта скажа. Не, гаварыў з моцным беларускім акцэнтам, але па-руску. Каб хоць называўся які коршун, а то – Шуляк. Слухала яго мая суседка і кажа: гэта таму, што яны ўсе хочуць быць панамі! Згінь ты, прападзі, думаю, з такімі “панамі”! Па-мойму, гэта найбольшае хамства – не шанаваць сваёй роднай мовы і тых сапраўды абаяльных дыктаршаў (Зінаіда Бандарэнка), і вельмі талковых дыктараў, як напрыклад, Шыліхін, якія так хораша віталі іх са святам на роднай, цудоўнай мове нашай рэспублікі! Можа, таму мне так сумна сяння.
Маем відавочныя дасягненні, але не маем хоць нейкай прымітыўнай культуры, каб шанаваць сваю спадчыну. Таму сумняваюся, ці выйдзе мая кніжка, бо яна – за захаванне ўсіх вялікіх вартасцяў у свеце! Ад дзяцей даўно не было ліста, а ўнукам, можа, зацішней будзе ў жыцці, калі не будуць мне пісаць. Каб толькі для іх было добра!
Будзьце здаровенькія! Моцненька Вас цалую. Усіх вітаю.
Ваша Ларыса .
Язэпу Найдзюку
Зэльва, 18 лістапада 1979 г.
Дарагі і шчыра паважаны Язэп!
Не ведаю проста, як Вам дзякаваць за тыя лекі, якія я атрымала. На поўначы моцна мне абвастрыўся рэўматызм, здало сэрца. (Туберкулёзнікам, напрыклад, там было лягчэй.) Вось з таго часу і мучуся. Розна лячыў мяне с. п. Яначка, але найболей дык памагаюць мне лекі ад далёкіх сяброў.
Сяння без болю магла выстаяць у цэркві. Стала лягчэй хадзіць мне. Другі лек – для сяброў-эпілептыкаў. Адзін вылечыўся. 5 месяцаў не было прыступаў, але захацелася выпіць… Многія просяць ратунку, а далёкія, дарагія сябры памагаюць. Часамі думаю, што надужываю іхняй ласкавасцю, але няхай даруюць. Цешуся, што вярнулася Ваша мілая жонка, прыехалі дочкі, і было Вам міла і весела. Магу сабе ўявіць як сумна было Вам аднаму.
Сабралася многа лістоў адпісваць, але Вам пішу першаму. Помніка мы не паставілі. Перашкодзілі марозы. Вельмі рада з мужавай карткі-фота, якую Вы пераслалі. Так хораша зроблена на эмалі. Дарэчы, чым Вашая мілая жонка лечыць свой рэўматызм? Калі гэта суправаджаецца ангінаю, дык парадзьце ёй вельмі добры спосаб лячэння ангіны. Узяць на ватку керасіны і высмараваць горла. Так лячыліся ў блакаду ленінградцы і мяне яны навучылі. Гэта нічога страшнага – крыху прыкра. Я стасую яшчэ “сухое цяпло”. Награваю пясок ці соль (даўжэй трымаюць цяпло).
Читать дальше