Зацвілі мае кветкі. Прымулькі крыху прымерзлі. Пасадзіла ўжо юргіні. Ля сеткі многа заўсёды пахучага гарошку, які летам выглядае вельмі міла. Туліпанаў сёлета будзе няшмат. Пасля візіту вышэй упамянутых таварышаў, я крыху бяспечней чуюся. Гэта для мяне сяння вельмі важна. У польскім журнале “Kobieta i zyce” ёсць здымак Ольгі Корбут з народжаным сынам. Яе муж Леанід Барткевіч – адзін з “Песняроў”. Жаль, што такое мы даведваемся толькі з чужых часопісаў… Хлопчык маленькай Вольгі важыць 3,5 кг. Называецца Леанід.
Вось ужо амаль тры месяцы, як няма майго с.п. Яначкі. Некаму сніўся, што ажыў… Я наагул так здурэла, што ледзь не паверыла ў гэта. У кожным выпадку стала мне лягчэй. Цалую Вас, усіх шчыра вітаю.
Ваша Ларыса Геніюш .
Алесю Белакозу
Зэльва, 10 траўня 1979 г.
Паважаны і дарагі сябра Алесь!
Дзякуй за памяць. Хвалявацца за мяне сапраўды было трэба, але самае цяжкае, здаецца, мінула. Боль прытупіўся, спыніўся крыху, бо трэба жыць і за маё тут існаванне трэба змагацца, што я і раблю. Страта была вялікая, проста непамерная маім сілам, і я зусім адна – нікога больш-менш разумеючага мяне побач. Простыя нашыя людзі не пераставалі прыходзіць да мяне. Яны плакалі разам са мною, успаміналі с.п. добрага доктара.
Я іх з удзячнасцю беларускаю праводзіла ветліва на ганачак, яшчэ там крыху з імі размаўляла і перастывала да немагчымасці. Нічога не ела прытым. Вярталася, глядзела на кніжкі, на рэчы с.п. Мужа, стагнала з болю і плакала па харошым Мужу, па выдатным лекары, па вельмі інтэлігентным, чэсным чалавеку, па верным, да канца адданым свайму народу сыну зямлі беларускай, па мучаніку несправядлівага, цяжкага лёсу, які Бог пакуль што яшчэ дае беларусам… Ледзь не аслепла. Лісты Вам пісала, але, як бачу ды як магла думаць, яны не дайшлі да Вас, харошы мой дружа. Дзеткам яшчэ не пісала. Скажыце ім, што напішу, калі ачуняю. Мілыя юныя стварэнні яшчэ не разумеюць, як многа забірае ад нас бязлітасная, суровая смерць…
Вось змагаюся за існаванне, за права быць сабою, карыстацца роднаю моваю і больш-менш бяспечна і спакойна жыць, як належыць мне – нашчадку многіх пакаленняў на нашай шматпакутнай зямлі. Вынікі, здаецца, будуць пазітыўныя, калі зноў не створаць тут якой хлусні, якой правакацыі. Сяння стала неабходным змагацца нават за права на чалавечнасць на нашай зямлі. Страх і жаль Ваш абгрунтаваны, і шляхотную роспач Вашую я разумею. Сама бачу ўсё, даўно пераношу ўсё на сваёй асобе і дзіўлюся людской абмежаванасці, наглай дзікасці. Мова народу – гэта скарб, здабытак шматлікіх пакаленняў, як і наша культура.
Жыццё – гэта таксама ўніверсітэт. У натуры нашай, у звычаях, у мове, у крыві згуртавалася ўсё лепшае, што пакідалі нам дзяды-прадзеды са сваёй жыццёвай мудрасці, праверанай працаю, болем, войнамі, надзеямі, добрасуседскімі адносінамі, мудрасцю і законамі нашай прыроды, якія зрабілі нас і вытрывалымі, і радаснымі, як вясна, гарачымі, шчырымі, як лецяйко, ды шчодрымі, як сама восень. Усё гэта засталося, адбілася і ў нюансах нашай мовы, дарэчы, вельмі багатай. Даўно забаранілі нам друк, але, пакінутыя арыстакрацыяй і шляхтаю, мы, “цёмныя”, пад світкам і ў сэрцах перахавалі гэтыя скарбы і захавалі свой твар.
Калі браць пад увагу тое, што дасягненнем мудрасці людской ёсць чалавечнасць, дык наша культура народная не ўступае кніжнай, якою, на жаль, стаць не магла, бо нават друк нам забаранілі! Прагрэс – рэч умоўная. Нагрувашчванне зброі, барбарскае вынішчэнне нетраў зямлі без аглядкі на заўтра, бяздумнае забруджванне асяроддззя, непамерная эксплуатацыя жывога на зямлі і ў акіянах, дзікунская прага цёмных элементаў, каб “панаваць” над душамі людзей, над адзінкамі і народамі ў імя ўласнай, нікому не патрэбнай сілы і велічы – гэта далёка не прагрэс! Куды большы прагрэс – з любоўю засяваць беларускую землю, вырабляць на фабрыках патрэбнае людзям прыладдзе, піць ваду з чыстых крыніцаў, дыхаць такім жа паветрам і не нішчыць здабытых вякамі скарбаў народу, бо яны ёсць скарбамі ўсяе людскасці!
На пахаванні с.п. Мужа я яшчэ раз зразумела веліч нашай народнай, чалавечнай і сапраўднай культуры. Простыя людзі, строгія людзі паверылі толькі сваім вачам і ацанілі па-свойму і мукі нашыя, і дапамогу, якую аказваў ім с.п. Муж, і яго цярпенне, і маю шчырую, адданую, шматгадовую апеку над ім, таму пасталі пры мне ў цяжкую хвіліну, калі тыя, моцна “прагрэсіўныя”, дабівалі пабітага і здзекваліся нават над нябожчыкам! Вось таму і трэба бараніць мову нашую, і культуру нашую, і нашую чалавечнасць і ратаваць ад п’янства, халуйства, хуліганства, тупой матэрыяльнае карыслівасці, несправядлівасці і нячэснасці наш народ!
Читать дальше