Міхасю Ч[арняўскаму] 15 лютага зрабілі аперацыю – выкінулі тыя каменні з нырак, і цяпер ён папраўляецца ўдома. На днях дастану болей здымкаў, дык нейкія прышлю. Быў зноў ліст ад Юры. Усё кліча мяне да сябе. Першае пытанне – ці мяне пусцяць? А пасля – я тут у сябе ўдома, на сваёй зямлі і між людзьмі, якія не ўсе паганыя. Ды і трэба дачакацца часу, каб помнік паставіць па мужу. Іначай я не магу! Пакуль яшчэ начуюць у мяне суседкі. Прызналі мне (пажыццёва) 33 руб. 75 кап. пенсіі па с.п. Мужу. Мне хопіць. Пачынаюць надыходзіць сардэчныя спагаданні з-за мяжы. Усе чытаю і плачу. А ўдома чуюся, бы с.п. Муж – недзе побач. Чую, што Ён такі спрыяючы мне, дабразычлівы. Раз выразна чула Яго голас. Клікаў, будзіў са сну мяне па-чэшску. Гэта, напэўна, мае хворыя нервы…
Я хацела б ведаць, як заехалі, ці не перастылі? Пагана зрабілі, што ўсіх нас не сфатаграфавалі ля дарагой Мужавай труны. Я ж была – як без памяці… Родныя, блізкія сэрцу, дарагія, мілыя, ласкавыя і шляхотныя мае сябры, як жа я Вам дзякую за Вашую мужнасць і дабрыню! Парайце мне цяпер – ці заставацца мне тут, ці пакідаць дарагую магілку?
З любоўю і ўдзячнасцю да Вас – Ларыса Геніюш .
Адаму Мальдзісу
Зэльва, 14 сакавіка 1979 г.
Шчырапаважаныя і дарагія!
Дзякуй за словы спагады з прычыны смерці с.п. майго Мужа. Дзякуй за памяць аба мне ды за мудрыя рады. Яшчэ пакуль што ўсё не магу прыйсці ў нармальны стан. Страціла я вельмі многа. Муж мой быў глыбока асвечаны, начытаны і вельмі інтэлігентны чалавек. Нам ніколі разам не было сумна. Ён пакутаваў у тым асяроддззі, у тым захалусці, у якім яму давялося жыць, працаваць і цярпець уніжэнні ад розных ігнарантаў. Ён быў маім клопатам, але і маёй сілай і падтрымкаю, натхненнем і строгім крытыкам.
Атрымалася нейкая пераацэнка вартасцяў. Аказалася, што ўсё нейк згубіла сваю прыцягальнасць, нават мінулае і вечны, некалі цікавы фальклёр. Няма мэты, няма сэнсу жыцця, не толькі стымулу для таго, каб пісаць. Калі гэта пераходнае, дык, можа быць, ачуняю. Прызначылі мне «пожизненно» 33 руб. 75 коп. па с. п. Мужу. Што ж, пайду да людзей капаць бульбу па восені і нейк пражыву.
Не, не палохайцеся і хоць не здумайце мяне шкадаваць! Я нейк дам сабе рады. Богу дзякаваць, сябры не звяліся, запэўняюць, калі я тут адна, дык у свеце ў мяне многа прыяцеляў, якія і ў радасці і ў горы са мною! Хораша і высакародна, што яшчэ ёсць людзі, якія не толькі жадаюць зла чалавеку! А цяпер усё плачу. Аднак мушу думаць ужо пра дровы і пра тое, што 18 сакавіка будзе правіцца ў цэркві на 40 дзён па с. п. Івану Пятровічу. А пасля людзі прыйдуць на абед. Усё мусіць быць як найлепей. Пахавалі с.п. Мужа вельмі хораша. Памаглі простыя людзі, якім нічога не страх…
Усяго, усяго Вам зычу добрага. Пастараюся нешта пісаць.
Ваша Ларыса Геніюш .
Пятру Машэраву
Зэльва, 31 сакавіка 1979 г.
Высокапаважаны тав. Машэраў!
Прозвішча маё — Геніюш Ларыса Антонаўна. Жыву ў Зэльве, Гродзенская вобл., вул. Савецкая, 7. Мне вельмі патрэбная Вашая дапамога, бо інакшай не маю тут. 8 лютага сёлета памёр мой муж, лекар-пенсіянер, і яшчэ раз сустрэўшыся з дзікунствам, амаль нейкім маральным марадзёрствам тутэйшых зэльвенскіх уладаў, я не магу не напісаць Вам з розных меркавань.
У космас ўзляцелі, прасторы змаглі —
розум на гэта патрэбны і праца.
А я хачу пэўна ступаць па зямлі
i злыдняў ніякіх на ёй не баяцца!
Жыццё мужа і маё было тут і ёсць невыноснае. Калі стары і хворы адыходзіў на пенсію, дык забаранілі калегам яго і персаналу нават праводзіць яго па-чалавечы. Нават прафсаюзу забаранілі даць тыя грошы, якія даюць усім, хто на пенсію адыходзіць. Болей таго, калі моцна захварэў, не магла нікога даклікацца з лекараў, каб яму дапамог! Тады я звярнулася да доктара Багдановіча з Облздрава ў Гродне, і ён прыслаў кансультанта і назначыў тэрапеўта, які б даглядаў «ветерана труда». Як пасля я даведалася, дык інструктар РКП у Зэльве спецыяльна папераджаў лекараў, каб да нас не заходзілі нават. А муж задыхаўся, стагнаў і мучыўся на маіх руках. Была я тут сама і бяссільная ў сваёй роспачы. Парыла зёлкі, са слязьмі выпрошвала валакардзін і купляла тое, што сам ён сабе назначаў.
Вось сканаў на маіх руках. Сумленна даглядала яго доктар Кулікова, але медыцына аказалася бяссільнай, як і мая любоў. Чужыя, простыя нашыя людзі са шматвяковай народнай культурай у сэрцы, нават малапісьменныя, памагалі мне тут, як маглі. Адазвалася сумленне і ў былых калегаў мужа. Адведалі яго хоць па смерці, падаравалі жывыя кветкі.
Читать дальше