Вельмі ж добра, што выходзіць Твая кніжка. Напішы хоць, як ты ахрысціла гэтага свайго “нашчадка”? На Грышу [Барадуліна] можна поўнасцю пакласціся. Цяпер чытаю ўсё яго “Абсяг”. Ці дастала “Ветразі Адысея”? Там нават раз і дзеда Янку ўспамінае мілы аўтар.
Дзецям і ўнукам выслала вызавы. Які жаль, што сябру Эрыку не лепей. Які жаль, што харошым людзям даводзіцца так дрэнна. Які жаль, што харошая, распяяная Нора [Вецер] і тая так паважна захварэла. Які жаль, які жаль, які жаль… Усю ўвагу трэба звярнуць цяпер на сябра Эрыка. Усе клопаты, усю любоў! Надта ж харошы ён, чалавечны і чэсны. А ў Моршын заўсёды варта паехаць. Васіль і Оля абяспечаць і лячэнне. Кантакту з імі не губляй. Яшчэ раз адрас: Турик Ольга Иванивна, Львівская обл., к. Моршин, вул. Шевченки, 74, 293511.
Паглядзі Ты на яўрэяў, яны толькі тое і робяць, што лечацца, ездзяць на курорты і глядзяць здароўе. Я туды ў Моршын ад майго імя паслала б яшчэ мілую Нору! Калі наведаеце нас (у любы час!), дык будзем радыя Вам як заўсёды. Толькі ж, Дануся, адзін варунак: без ручнікоў і ўсякіх дароў! Прывязі кусочак сэрца і добры настрой. Можа быць, нат капельку самай натуральнай злосці. Оля напісала мне, што я была некалі для яе маці і прыкладам… Мілая Оля, раней мне гэтага ніколі не сказала. Гэта чэсныя і разумныя людзі, і сябра Эрык там будзе чуцца, як удома. Чаму ў Эрыка жоўтыя вочы? Гэта пасля Боткіна? А можа, не ў парадку ў яго “паджалудачная жаляза”? Ці трымае дыету? Ці бярэ грэлачку? Ці маеш даволі кампотаў?
Аб поспеху выстаўкі Пётры Сергіевіча мне пісалі. Надта добрыя водзывы ў кнізе. Ці не чула, што там з Валодзяю? Чула, што нядаўна была прэм’ера оперы Смольскага “Сівая легенда” – на лібрэта Караткевіча. Данусенька, напішы, ці Ты прыслала нам слоўнік на падпіску, ці купіла яго? Колькі трэба Табе выслаць грошай? Пішы шчыра, не рабі з сябе “мільянеркі”. Між сябрамі мусяе быць усё шчыра і ясна.
Мне тут баліць галава з прычыны Міхася. Юра піша, што ў школе хлопца проста шантажуюць і могуць не дапусціць да матуры (атэстату)… Гэтага можна было чакаць, бо і Юры ў мед. акадэміі было не лягчэй. Што тут рабіць, Данусенька, з кім тут парадзіцца? Думай, дарагая. Напісала я Міхасю, бо, здаецца, адбіўся ад бацькавых рук. Некалі, калі яшчэ быў у пачатковай школе, дык было з ім падобнае. Сыны аднаго тыпа пачалі падбіваць хлопца на розныя дурніцы. Бацькі спахапіліся, калі хлопец ужо самавольна пакідаў урокі і т.п. Міхась адкрыў шчыра ўсю гэтую непрыглядную справу. Так яго выратавалі тады. Казаў мне: “Бабуся, якіх толькі гарэлкаў і вінаў мне ні давалі, але ўсё гэта нясмашнае”… Дануся родная, які небяспечны тут кожны наш крок, і толькі тое, што не ўсе ж людзі без сумлення і вобліку чалавечага, яшчэ, пэўна, трымае нас на гэтым свеце…
Дырэктарам у Міхася – Амельяновіч. Кажуць, што яна – нядрэнны чалавек, але ж ці можа за ўсё адпавядаць? Муж просіць Цябе, каб Ты была так ласкавая, даведалася яму адрас Шыманкі. Гэта яго калега па Празе, але я цяпер усіх баюся. Ёсць пару чэсных людзей у свеце і хопіць, а то кожны наравіць тут настройваць нас на сваё падабенства. Данусенька, пішы Юры. Трымай яго крыху на духу. Я бываю моцна злосная, і гэта дрэнна. Яму патрэба лагоднае, разумнае слова.
Цешуся, што ўбачымся некалі. Прывітанні ўсім Вам ад мужа. Цалую ўсіх сардэчна – баба Ларыса .
Дануце Бічэль
Зэльва, 3 красавіка 1978 г.
Дарагая Дануся!
Пісалі з Моршына, што сябра Эрык можа прыехаць да іх у любы час. Васіль абяспечыць яму і лекарскую апеку, як свайму, блізкаму чалавеку. Май гэта на ўвазе, бо людзі яны добрыя. Ці вярнуўся сябра Эрык, як чуецца? Чаму Ты нічога не пішаш? Ці атрымала майго апошняга ліста? Непакоюся за Вас там. Як дзеці? Ці паслаў Вам Юра кніжку аб Б. Тарашкевічу? Ці маеш “Ветразі Адысея” (аўтар – Ул. Калеснік) пра Ул. Жылку і інш. рэвалюцыйных рамантыкаў? Ці купіла сабе Уолта Уітмэна ў перакладзе Я. Сіпакова? Вельмі цікавая кніжка. Дзіўныя і не свомыя нам сцежкі яго паэзіі.
У нас справы крыху змяніліся ў той бок, што цяпер я болей хварэю. Капрызы хворага давялі мяне да цяжкага стану здароўя (сэрца, ціск). Што магла, дык, як сама ведаеш, для яго рабіла, але як будзе далей – не ведаю. Тут ужо і лекі не дапамагаюць, бо найболей патрэбны спакой, якога няма. Не адзін Іван Пятровіч тут вінаваты… Вось мне цікава, калі ў нас кончацца ўжо смерці? Жаль вельмі Шырму. Хоць асабіста я яго не ведала. Ці заўважыла, які быў сумны і глыбока ўзрушаны на пахаванні наш Машэраў? Ніхто болей, як ён. Было гэта нейк па-роднаму, шчыра. У нас – адныя хваробы. Нікому не патрэбная нервовая мітусня, але калі б хоць крыху здаровага розуму, дык можна было б нейк жыць, хоць яно і нялёгка…
Читать дальше