Быў у мяне такі горкі прыклад. Калі Валя была ўжо жонкаю Юры, дык я нейк высказалася, што хачу купіць сабе машыну для шыцця. Аднойчы прыйшла да мяне жонка аднаго з лекараў і з абурэннем і плачам расказвала мне, што Валя страшна была здзіўленая і злая, як гэта такая старая жанчына хоча яшчэ машыну каб шыць! Ад гэтага часу ў “старой жанчыны” выйшлі, хоць невялікая, але ж тры кніжкі, і шмат было зроблена добрага іншага, з якога не раз і яна карыстала… Так што, крый Божа, не думай, што мы ад Цябе хочам таго слоўніка, а нашыя адносіны з сынам датычаць толькі яго і нас. Тым больш, калі нехта тут паслугоўваецца яўнай хлуснёю (як Юрка…)
Пішы, ці парушаць мне тую справу з Моршынам?
З павагай – Ларыса Геніюш .
Юры паслалі мы ўсю энцыклапедыю, хоць ёсць яна і ў іх, а колькі іншых вартых, дарагіх рэчаў і кніг…
З мужам штодзень горай. Прашу Бога, каб хоць дацягнуць да вясны, а Ты бядуеш, што хочам ад цябе слоўнік…
Дануце Бічэль
Зэльва, 16 лютага 1978 г.
Дануся, дарагая!
Пасылаю табе ліста да Олі. Раджу табе запытацца аб варунках лячэння там. Моршын – гэта добрая рэч! Да мая адкладаць няма сэнсу. Баюся за Эрыка. Не хачу, каб ён мучыўся. Скуру, каб не свярбела, няхай змазвае воцатам альбо нашатырным спіртам. Воцатам трэба змазваць сталовым, разведзеным. Добра было б, каб браў тры разы па адной таблетцы мепробамату. На цела няхай носіць толькі палатно. Ніякіх капронаў, нейлонаў, нават фланеля раздражае. Сверб бывае і пры жоўтачцы, але спадзяюся, што яе ў сябра Эрыка няма.
Мае знаёмыя – украінцы. З Оляй мы жылі амаль 8 гадоў побач. Знаем сябе добра, і здаецца, узаемна сябе любім. Яна крыху падобная да нашай О. Сенатовіч, дык няхай там сябра Эрык гэта ведае. На ўсякі выпадак іх адрас: Турик Ольга Иванивна, Львівская обл., к. Моршин, вул. Шевченки, 74, 293511. Напішы, Данусенька, на маім лісце Олі і вышлі. Пабачым, якія там варункі і якія кошты. Гэта табе не жарты! Эрыка ратаваць трэба!
А тая “Ніва” пачала рэгулярна нам прыходзіць, але ад 6 нумара. Знача, Юра цяпер толькі яе выпісаў, як я яго вылаяла! Хачу, каб Ты ведала адно, што я ў жыцці не махлюю! Юра, пэўна, паручыў гэта зрабіць Міхасю ці Валі, а яны забыліся. Цяпер мае прыслаць мужу цёплы халат, без якога той мерзне, а тут ніяк яго не дастанеш. Мае сябры за гэты халат і “Ніву” заплацяць Юры валютаю, маею прытым, бо нейкая там завялася. Крышачку. Такія вось справы.
Алесья Салаўя надта шкадую. Яшчэ не пісала Зіне, жонцы яго. Усё нейк цяжка. Надта я яго лаяла за гарэлку, бо пісалі сябры, што мяне ён хоць крышачку слухаў.
Нас тут заваліў снег. Мне моцна баляць плячо і рука. Усё спаленае банкамі. Глытаю розныя таблеткі, ад эленіюма пачынаючы. Дзеду не лепей, але цяпер ён пад доглядам тэрапеўта. Надта пачаў мянташыць языком, знача, ужо яму лепей. Я крыху аслабела. Цяжка бывае ісці па хлеб. Адпісваю на лісты толькі Табе, а сабралася іх шмат. Сястра з Сочы праслала крыху ізюму і эўкаліпту для мужа. Не хацела быць у даўгу, дык паслала ёй дзесятку. Прыслала зноў нейкіх драбніцаў, “ругательное письмо”і тую дзесятку назад! Пазнаю свой род! Мусіць, так і трэба! Юра нічога не піша. Загневаўся недзе. Бог з імі.
Той слоўнік выкінь з галавы. Да васьмідзесятага году так і так не дажывем. Дзеду купіла: Арабей пра Цётку, Клімука – “Зоры побач”, Мележа і яшчэ нейкіх прамудрасцяў, дык покуль што хопіць! Прызнацца, дык ён крыху ўжо і абнаглеў з гэтымі кнігамі. Карыстае з маёй дабраты, а мне тут цяпер не да яго конікаў, бо боль – нясцерпны.
Думаю пра В[асіля] Б[ыкава]. У чым ён горшы ад Бэрнса, Дзюма, Гэмінгуэя, Сіманава і іншых яму падобных, якіх сэрцы патрабуюць вечнай навізны і адкідаюць мудрую патрыярхальнасць нашых старых благаславенных сем’яў, на якіх ад веку трымаўся народ. Бог з імі, але думаю, што бывае ім цяжка аглянуцца назад. Напісала тут нагодай адну “дакументальную” рэч аб культуры нашага народа. Цікавыя і праўдзівыя факты, але літаратурна не апрацавала (напісала за адну ноч). Хочацца Табе паказаць гэта, але баюся – не зойдзе… Дык не хварэй! Не наракай, бо пішаш сто раз глыбей і мудрэй за тую Бэлу [Ахмадуліну], а ўсе напластаванні роднае мовы ведаеш, як ніхто!
Я Юрку люблю, але ўсё вучу яго, бо ж недавучаны… Божа мой, зноў плачу… Бывай, усіх цалуй. Цешуся з Вікі. Калі цяжка – пішы. Наагул пішы.
Вашыя Геніюшы .
Дануце Бічэль
Зэльва, 10 сакавіка 1978 г.
Мілая Дануся!
Дзякуй табе за “персанальнае”, так сказаць, прывітанне нас. Выглядаеш цудоўна! Маленькім капрызам каля вуснаў і прычоскай à la Бэла Ахмадуліна нагадваеш крыху сталіцу, а боль, зусім не затоены ў вачах, яскрава сведчыць аб сац. рэалізме не толькі ў літаратуры, але і ў жыцці… Паставілі мы здымачак на відным месцы, дзе Янка Купала, Цётка, вы – трое. Дык стаіш цяпер там побач з М. Танкам.
Читать дальше