Першай жонкаю Ягайлы была Ядвіга – княжна вугорская. Яе бацька – кароль Людвік (забылася, здаецца, IV) – быў хворы на сіфіліс (факт гістарычны), што і ёй перадалося, відавочна. У 29 год яна ледзь нарадзіла дзяўчынку, якая і памерла амаль разам з маці. Ядвіга была вельмі прыгожай і добрай. Яна кахала Вільгельма нямецкага, але справы дзяржаўныя былі перадусім, і таму аддала руку Ягайле. Ягайла быў хрышчоны ў царкве. Меў імя – Якаў. Ён быў асвечаны і культурны чалавек, але гэта была візантыйская культура, якая ішла з Полацка. Другой жонкай Ягайлы была Анна. Яна была бяздзетная. Хто быў трэцяй – не ведаю, але вось Зофка Гальшанская і наагул княжацкі двор Ягайлы ўняслі беларускі элемент (тады казалася – літоўскі) на польскі каралеўскі двор у Кракаве. Мяркуй цяпер сама, кім былі польскія каралі Ягелоны. Вельмі хацелася б, каб п. Мацей К[анановіч] атрымаў майго ліста і прыслаў мне той жаданы нумар Zycia Literackego.
Званіла дзецям. Удома была толькі Валя. Была мілая. Усе здаровыя, працуюць, вучацца. Гэта галоўнае. Крыху я супакоілася. Ужо не праймаюся так дзедам і яго капрызамі, бо з яго ўжо амаль здаровы чалавек. Гляджу яго, безумоўна, як умею, але не так праймаюся. Данусенька, родная, вельмі цябе прашу, не ўспамінай больш мне пра нейкія грошы! Пакуль нам хапае, а там – Бог бацька. Гэта куплена з любоўю мне на дзень народзінаў. Я хачу, каб гэта насіў чалавек, якога я люблю. Такое бярэцца і носіцца па-сяброўску. А калі мне было б туга, дык тады шапну табе на вушка: так і так. Спадзяюся, што мы з табой дамо сабе рады заўсёды ў жыцці. Дык не рань майго сэрца, успамінаючы нейкія грошы. Тады было іначай: моцна хворы дзед, усе грошы ішлі на лекі і т.д. А цяпер, Богу дзякаваць, ёсць усё, калі ёсць крыху здароўя! Хачу, каб ты была задаволеная. Насі здровенькая гэтую драбнічку! У бабусі недзе нервовы той боль у грудзях. Зусім няшкодныя і вельмі добрыя кроплі Зяленіна. Мне недта хочацца ўсім памагчы, не смейся!
А пакуль што цалуем Вас усіх! Пішы, як з сябрам Эрыкам? Пэўна, у яго абвастрэнне хваробы. Божа мой, каб хоць усё было добра. Вітай яго і цалуй дзетак.
Вашыя Геніюшы.
Дануце Бічэль
Зэльва, 5 лютага 1978 г.
Дарагая Дануся!
Твой ліст быў мне, здаецца, вельмі патрэбны. Нейк слабее Іван Пятровіч. Была кансультант з Гродна. Прапісала вельмі дарагія лекі, але і яны ўжо не памагаюць. Я тут надта адзінокая, як Ты сама ведаеш. Людзі больш мне спачуваюць здалёк… Надта цяжкі кашаль, на які проста няма рады, яго замучвае. Пахудняў нейк, ацякаюць ногі, а мне такі жаль, такі страх, такая бездапаможнасць! У дадатак, Юра не выпісаў нам “Нівы”, і гэта забойча нейк растроіла мужа. Кожны хворы падражняны, а муж – тым больш. Не можа спакойна ўспамінаць сына. Ледзь не плача.
Што датычыцца сябра В[асіля] [Быкава], дык хочацца толькі пажадаць яму, каб не памыліўся, не расчараваўся. Не гневайцеся на яго, што нават Вам не сказаў аб гэтай сваёй падзеі. Гэта моцна далікатная, інтымная справа, аб якой не гаворыцца нікому. Не спадзявалася, што патрапіць быць так рашучы. Чалавек ён немалады і разумны і, напэўна, добра прадумаў свой крок. Толькі б было яму добра. Як гэта пераносіць жонка? Што ж, ёй застануцца сыны і ўнукі ды розныя дарагія ёй рэчы… Божа мой, як гэта ўсё складана.
Непакоіць мяне і твой Эрык. Старайся быць лагоднай, мудрай, кахаючай. Гэта часам дзеіць лепш на хворага, як любы лек. Дзеткі ў Вас харошыя, душы Вашыя багатыя і чыстыя. Старайцеся падтрымоўваць сябе ўзаемна – тагды лягчэй. Сям’я – гэта наша дзяржава, дык будзьце мудрымі дыпламатамі, а ў Вас сям’я асабліва харошая.
Што датычыць Бэлы Ахмадулінай, дык нават быць такою, як яна, ёсць патрэба адвагі. Паэты бываюць розныя, і гэта добра. А мы ёсць мы, і гэта іншая справа. Кожны па-свойму выражае час, у якім жыве і піша. У Бэлы А. вартае ўвагі ўжо тое, з якой яна любоўю, можна сказаць, піетызмам адносіцца да сваёй мовы. Яна дастае з забыцця цікавыя, змястоўныя словы, смела і ўдала аперуе зусім архічнымі сказамі і ў сваім мнагаслоўі быццам шліфуе, выточвае гэтую мову.
А вазьмі якіх нашых паэтаў з вельмі ўбогім слоўнікам, з яшчэ болей абмежаваным дыяпазонам думак, тэмаў, без ніякага адчування велічы, святасці справы, за якую бяруцца. Безумоўна, Ахмадуліна – не Ахматава, хоць у адным сваім вершы яна і спасылаецца на супольнага Ахмадулу. Ну і далёка ж не Блок. Але лёс не дае нават такім шматлікім народам, як расейскі, часта Пушкіных і Блокаў. Я не магу сказаць, што сапраўды люблю Бэлу Ахмадуліну, асабліва яе мудрагелістую вонкавасць, але вось тое, што я падкрэсліла, – цікава. Боль і кроў нашых сэрцаў кранаюць зусім іншыя і нам толькі свомыя праблемы. І з нас хлешча шчырасць, і іншымі нам быць нельга! Але ўнучка Твая, калі шчасліва атрымае ад Цябе ў спадчыну адпаведныя гены, можа зацікавіцца болей багаццем растрачаным нашай мовы, адшуквацьме яе скарбы ў народзе і па архівах і хораша ўпляце іх у шчаслівыя вершы! І будзе гэта на часе і добра!
Читать дальше