Вы пішаце пра лес, пра нашыя ваколіцы. Некалі, як я вучылася ў Ваўкавыску, дык не было аўтобусаў, і толькі раз у суткі – нейкі цягнік. Часам выбегу раненька з Ваўкавыска праз Тэалін і Рось, а пасля – напрасткі праз лес на Лозы. Аднойчы сустрэў мяне тата, такі неспакойны, і пытаецца, ці не сустрэла ваўкоў? “Ля, – кажа, – яшчэ, бачыш, быдло раве, дзе яны парвалі цялушку.” Пашлі тыя ваўкі якраз мне насустрач, але мы нейк размінуліся.
Бывала, калі прыеду на лета дамоў, дык не магу наглядзецца на багацце лугоў і межаў як на адзін суцэльны букет! Жылі мы на аднаселлі, і дрэвы былі для мяне як сябры. Сям’я была вялікая, і трывожыла душу ды выцясняла з яе ўсё чужое нешта нашае, дарагое, старое, няўлоўнае, але як жа шляхотнае і багатае! Свая культура! Яна мяне і паланіла з дзяцінства. Ведаючы многа з сусветнай літаратуры, я ўжо магла адрозніць вечнае і велічнае ад таннага. Даволі цяжка мець душу паэта, а яшчэ цяжэй, у нашых варунках, высказаць людзям, што ў гэтай душы.
Бачыла ўчора У. Міхайлоўскага. Перадала ад Вас прывітанне. Быў вельмі рады. Схуднеў, доўга ляжаў у больніцы (высокі ціск крыві). Там на адрэзанай назе зрабіўся карбункул, і меў з гэтым многа клопатаў, бо было слізка, а ён хадзіў без пратэзу з палкаю. Яшчэ ён не на працы. Мае мілую жонку і двое дзетак – хлопчыка і дзяўчынку. Людскі ён чалавек, і я часам да яго звяртаюся. Кланяецца Вам сардэчна. Дасталі мы цікавую кніжку, якую і хочам Вам сяння выслаць.
У нас было пару сонечных дзён, але зноў пачаўся вецер і снег. Марозіць, прытым. Не трэба Вам яшчэ выходзіць з эцюднікам, бо ўсюды грып рознага гатунку. Трэба Вам добра вылечыцца, каб пасля плённа змаглі працаваць. А маляваць – гэта, пэўна, як і пісаць. Трэба кахаць, любіць тое, аб чым гаворыш. Праўда, цеплыня і эстэтыка мусяць найболей да людзей даходзіць, хоць розныя ёсць плыні сёння. Пісаў мне адзін мой сябра здалёк, што нашае беларускае мастацкае тканне ў геаметрычныя ўзоры (у нічальніцы) ёсць вельмі сугучнае з абстрактным геаметрычным мастацтвам у свеце. Што гэтае, тыпічна нашае геаметрычнае хараство мае вялікую вартасць. На жаль, калі яшчэ і тчэ нехта сяння, дык “фатаграфуе” розныя жывёлы і кветкі пераважна, а такое адвечнае, нашае паволі ўжо занікае.
Трымайцеся, Слава! Кланяйцеся ад нас сваёй жонцы, цалуйце дзетак. Пішэце нам, прыязджайце! Глядзеце добра здароўя! Яно нам як нікому патрэбнае. Столькі нам трэба аддаць народу за ўсе пакаленні, якіх доля змушала маўчаць…
Няхай усё ў Вас будзе добра!
З павагаю да Вас – Геніюшы .
Дануце Бічэль
Зэльва, 18 сакавіка 1976 г.
Дарагая Дануся!
А кніжка “Вечная жаночасць” – беларуская! Вельмі харошая кніжка!
Пахнуць песні сялом і даўнінаю,
казкі сноў, новых слоў пераплёт,
песні з родных палёў жураўліныя.
Нашым песням па тысячы год…
Мяне асабліва кранулі радкі: “Абняла мяне Беларусь, запаланіла, трымае”… А якія ж метафары: “Зоры ў сявеньку высыпаў месяц”! А роздум, а філасофія! Нават дадумалася да таго што “не трэба наспех бурыць замшэлых сценаў”…
Усё добра, Дануся, і мы з мужам вітаем Цябе з мілым і вялікім дасягненнем! Вельмі разнаякая і цікавая тэматыка. Нават тая “батаніка” – па-беларуску, паэтычна, і гэта важная рэч. А то нашыя паэты ведалі толькі васількі, ліпы, вербы ды верасы. Крыху зашмат здрабненняў, але і гэта характэрна для нас, для нашага фальклёру, які тварылі пераважна за кудзелямі ці з тугі нашыя бабкі-прабабкі. Адным словам, нашыя жанчыны. Няхай жа будзе так, як яно пішацца, як адчуваецца.
Ну, фальклёр, відно, тварылі і мужчыны, але яны больш пісалі розныя брындушкі, накшталт: “Дзяўчынанька-сэрца, пусці пад радзенца, пусці, пусці пад радно – малойчыку халадно”. Наагул, у нас фальклёр – як ні ў кога! І калі ж толькі пачнем з яго карыстаць.
Крыху замала эстэтыкі ў Цябе, але ёсць часам сказы, што аж уздрыгнеш: “На веласіпедзе ехаў сын і промнямі сігналіў”! Гэта ж дадумацца! Не ўсё мне падабаецца, але што ж, усё мусяе быць! Зборнік харошы! А найлепей дык Ты “намалявала” сябе. Між іншым, хораша і праўдзіва. “На дзіва праўдзіва”! Шмат хто спыніцца ля гэтых слоў, каб задумацца і стаць чалавекам.
Ёсць крыху моўныя пагрэшнасці паводле маіх меркаванняў: не “зададзім дыхту”, а “задамо”, не “драбнюсткі” (палянізм), а “драбніцы”, не “падол”, а “прыпол” і г.д. А наагул, маладзец “Замоўленая!” У “Малочную раку” трэба было даць той канец. Ну, але і так усё выйшла – як нельга лепей. Між іншым, моцна уражвае цеплыня, шчырасць, ласкавасць, пяшчотнасць ды залётнасць крыху. Усё добра, усё па-жаночаму, крыху – як дысанас нашаму часу.
Читать дальше