Ад Валі быў толькі адзін ліст. Юрка зусім не піша. Ды і што пісаць яму? Болей не можам паклікаць іх да сябе… Калі бедны Юрка пачне “расхвальваць” наш калгасны лад і лічыць “веласіпеды і матацыклы”, дык я спакойна пытаюся ў яго: “Скажы, сын, толькі сумленна, няўжо вашым гаспадарам у Беласточчыне горай?” Юрка сумна, трагічна сумна замаўкае і не важыцца больш кранаць гэтай тэмы.
Валя цяпер усё пераконвала мяне, што ў Бога ўсе людзі роўныя, дык лепей быць “рускімі”, бо беларусы дрэнныя, найгоршыя людзі і т.п. Я пытаюся: “А хто твой бацька, маці, увесьь род, мы і ты сама?” Тады мой “агітатар” замаўкае… Ну, гэта так мовячы, вяршкі, а аб іншым не напішаш…
Дануся, нейк уварваўся да нас Г. – як з ланцуга! Наплёў нешта, нічога не дагаварыўшы! Такі слізкі, гадкі чалавек. Я думала, што ён паразумнеў, але бачу, што спадлеў. Дарэшты! Раскажу пры сустрэчы… Як можна дакаціцца да такой “дасканаласці”? Проста смярдзіць мне гэты чалавек. Мы проста пайшлі ў кіно, каб выйшаў ён з нашай хаты… Не разумею, ці быць прыхільнікам ідэяў Леніна абавязкова трэба праз подласць? Чаму не наадварот?
Я ўсё думаю пра сына. Здароўе яго дрэннае. Выразана ¾ жалудка, і гэтую рэшту, што засталася, ён залівае найгарчэйшай кавай, гарбатай па ½ пачкі на шклянку, безупынным курэннем, півам, гарэлкаю, ледзь не дзёгцем! П’янее, дурэе і выходзіць з усіх граніцаў розуму і прыстойнасці…
Пытаю чыстага Міхася, калі прыйшоў тата дамоў перад ад’ездам да нас? “Позна, бабуся, недзе а 2-й уначы”. П’яны? “Не, не п’яны, але вельмі злосны…” І так кожны раз іх тут пускаюць “за нешта”, напампаваўшы адпаведнай хлуснёй… А што рабіць, калі едзе, напрыклад, ён з Валяй і сябрам у піянерскі лагер да дзяцей, і на яго вачах тры татуіраваныя бандыты з выразным акцэнтам, здраджваючым іх паходжанне, пераварочваюць у глыбіню возера водны веласіпед з Міхасём і Алесем? Добра, што Міхась плавае, як рэкін, і сяк-так выплыў Алесік. Горай, што людзі, адказныя за бяспеку дзяцей, за парадак на возеры, баяліся самыя, дрыжалі са страху, а Юрку нагнулі галавою ў возера. Шчасце, што і ён выдатна плавае і нырае… Юрка маўчыць, як сцяна, але я бачу ўсё наскроз (мучаны дзесяцігоддззямі чалавек…) і са страхам і агідаю гляджу на іх метады.
Г. тут запалохваў мяне, што яго найлепшы сябра з адпаведных органаў (назваў яго) збірае матэр’ял на “любоў” князя Святаполка-Мірскага да маёй асобы – ха-ха-ха… Я парадзіла, каб той яго “найлепшы сябра” з ім разам пацалавалі таго с…га князя ў адно месца. Адным словам, “изобретательность” гэтага “беларускага паэта” ў галіне падобнай гадасці не мае проста граніцаў… Вось атмасфера, у якой жывём, з якой захварэў Іван Пятровіч.
У нас было адкрыццё Дома культуры, дык казаў ён, што далі яму білет і казалі, што Ларыса Геніюш не любіць іх – ха-ха-ха… Дзед мой, бедны, пайшоў туды “зайцам”, каб пачуць “Песняроў”… Толькі я ж не “заяц”, як Вам ведама, і плявала на ўсе іх “запрашэнні”! Бедны мой дзед.
Дзіўлюся, што дайшоў да нас ліст ад Цябе з добрымі словамі, а то тут “бобікі”, якіх яны падсылалі, вельмі цікавіліся нечаму аносінамі Л. Геніюш – В. Быкаў… Вось так, Данусенька, выюць кругом гіены, але напасці на жывога чалавека яны ўсё не адважваюцца, толькі выюць… Я рада, што яшчэ магу дапамагчы крыху мужу…
Цалуем Вас усіх! Дзякуй яшчэ раз за сяброўства.
Ваша Ларыса Геніюш .
Напішы, ці дайшоў ліст? Л.
Дануце Бічэль
Зэльва, 31 студзеня 1974 г.
Мілая Дануся!
Дзякуй за памяць. Я рада, што ў Цябе дзеткі здаровыя і сябра Эрык чуецца добра. Бабуся Казя будзе хварэць. Старасць – найгоршая і невылечная хвароба. Старайся спагадліва да яе адносіцца. Усякія недаразуменні пускай міма вуха. Ніколі чалавек, асабліва жанчына, не можа быць замнога добрым! Будзь добрай да ўсіх, колькі і як можаш. Будзь – як сонейка! Няхай ад цябе будзе цёпла і здаровым і хворым! Такога ніколі не пашкадуеш, а ўспомніш аб гэтым і на старасці гадоў.
Муж ходзіць пакрысе, працуе. Вельмі злуецца, калі яго запыняюць на вуліцы і шкадуюць… Баюся, што ён за такую “спагаду” адвальвае ім грубасці. Хоча быць паўнавартасным, як усё! Ах, гэтая старасць…
Як я табе пісала, дык тую паганую сястру аперавалі, замест яе далі дзеду ў кабінет другую, якое ніхто не любіць. Але гэтая камсамолачка вельмі дзеду падабаецца. Не любяць яе за тое, што дзяўчо за ўсё бярэцца, хоча ўсё ведаць. Працуе зладжана, выдатна і дзеда шкадуе і паважае, бо заўважыла, што ён многа і грунтоўна чаго ведае ў медыцыне. Цікавіцца дзяўчо, як хто лечыць, гэткая сястра сяння – проста рэдкасць. Горай тое, што няма ў іх паўнавартаснай працы – цесна, на два прыёмы адначасна, кабінет. Да мужа прыходзяць часта з хваробамі вельмі інтымнымі. Гутарыць трэба адзін на адзін. Бо то жонку здрадзіў і баіцца, ці чаго не падчапіў, то трэба на ген. крэсла, і пры другіх – зарэж – дзяўчына ці жанчына не палезе, то трэба загаліцца і г.д. Ды і той сястры з працэдурамі – не разгарнуцца.
Читать дальше