Просьбы Вашыя памятаю, усе пастараюся споўніць, тым болей, што, пэўна, нам прыйдзецца пакінуць Бацькаўшчыну з прычыны нашае старасці. Вельмі хачу, каб прыехала мая дваюрадная сястра з Сочы. Відно – яна разумны і моцна партыйны чалавек. Можа, і яна прывязе ў музей старыя здымкі маіх продкаў – на мае 60 год. Была ў нас з дачкою і зяцем татава сястра цёця Вера, якая жыве на Валыні. У яе старых фатаграфіяў – безліч. Спадзяюся, што нешта нам дасць і яна.
Знішчыць, зламаць і забіць усё беларускае сяння нельга! Не той час, каі бяздумна нішчыліся вартасці, народы і іх мовы! Сяння візітовая картачка СССР – дружба народаў, а не іх вынішчэнне! Кожны, хто робіць інчай, – падкладае дынаміт пад гэтую дружбу. Нядобры час нагадаваў розных Салавейчыкаў (персанаж з п’есы Матукоўскага “Алімпіец”), якія бяруць на горла, ходзяць шляхамі нячэснымі і нагла думаюць, што ім усё дазволена. Такія многіх давялі да інфаркту і абвастрылі адносіны між людзьмі.
Я Вам пісала, што зверху трэба выясняць адносіны да правоў беларускага народу на беларускай зямлі, а не паддавацца ўсякім бястварым, бесхрыбетным адзінкам, якія не прыносяць карысці ні дзяржаве, ні свайму народу. Сяння людзі з асветаю і разумеюць добрае, але яшчэ лепей разумеюць крыўды. Трэба зацікаўляць людзей мінулым і сучасным, вартасным і маральным, сваім родным. Трэба адрываць людзей ад чаркі і хуліганства, павышаць аўтарытэт сем’яў і чэсных працаўнікоў. Трэба дабіцца таго, каб мы маглі сказаць: “Беларус – гэта Чалавек!” Сяння за чалавека змагаюцца і рускія і інш. І будуць змагацца яшчэ болей. І таму чалавек, які Вам “па-сяброўску” радзіў: “Ну навошта Вам ужываць такія небяспечныя словы, як дэмакратыя, праўда, сумленне, чалавечнасць”, гэта не чалавек, а брантазаўр! Гэта той самы Салавейчык. Калі такі тып з сям’і настаўнікаў, то не зайздрошчу ўзроўню вучняў, якіх ён выхоўвае. Сяння гэта ўжо не перадавы чалавек, а тое, ад чаго трэба шарахацца ўбок. Трымайцеся, Саша!
У свеце сяння спаборніцтва не толькі зброі і тэхнікі, але і асветы, культуры і чалавечнасці. Людзі думаюць, параўноўваюць і робяць вывады. Пасееш добрае – пажнеш такое ж, а пасееш хаос?.. Таму плюньце на ўсю іхнюю складаную механіку адносінаў ці механіку траўлі чалавека-працаўніка ды рабеце далей сваю шляхотную справу. А не дадуць рабіць – звяртайцеся проста да Машэрава, пішэце яму ўсё! Я мела магчымасць пераканацца, што гэты чалавек – шырокага разгляду, а не такі, які кіруе Вамі і не бачыць далей тэлеграфнага слупа. Такія дайшлі да апошняй нізасці, да апошняй подласці чалавечай, травячы тут мяне. У апошні час крыху спыніліся, можа, апамятанне на іх найшло.
А крыўдна бывае да болю! Напрыклад, другі раз піша мне з Польшчы Зыгмунт Абрамовіч – сябра і супрацоўнік Ігната Буйніцкага, і лісты мае да яго не даходзяць, а да ўнукаў ідуць месяц і болей. Ніколі не пасылаем ім забароненае, нікога не ашукалі, не скрыўдзілі, і я не магу зразумець: чаго гэтая нечысць ад мяне хоча? Падумайце самі, якая на гэта ўсё можа быць у маёй душы рэакцыя, а калі дадаць да гэтага лёс нашай сям’і і мінуласць? Жаль – усё яшчэ такіх тут болей. Часам мне здаецца, што ім няма чаго рабіць. Саша, я крыху баялася, ці не загневаліся Вы на мяне за Петрашэвіча? Паверце, Саша, хоць ён і сваяк Вам, але чалавек ён нядобры, і таму адносіны мае да яго застануцца ранейшымі. Верце мне – я баюся людзей! Я не бачу чэснага, чалавечага падыходу да нас. Так і чакай нейкае правакацыі, зла і бруду! Прыходзіць чалавек на тваю дапамогу, безграшова з яе карыстае і топіць цябе і прадае, выдумвае і даносіць! Ёсць гангстэры, ёсць хуліганы, злачынцы, і іх караюць за падобнае, а тут чаўпуць т. зв. “перадавыя людзі”. Ёсць эталон парадачнага чалавека, і ён амаль не мяняецца за ўсе часы, і адхіленняў ад гэтага паняцця не бывае. Як жа назваць гэткіх “імправізатараў траўлі”? Таму нельга здавацца ім, а трэба шукаць рады вышэй і тварыць вартасці і не дазваляць іх нішчыць!
У мужа, як я Вам пісала, было запаленне лёгкіх, і ён яшчэ ўсё не зусім здаровы. Мужны і вельмі вытрывалы ён чалавек. Праўда, на працы яму цяпер лягчэй. Глаўурач адносіцца да яго вельмі цёпла, тактоўна, ды і другія шкадуюць. Горай са здароўем.
І мне часам вельмі баляць ногі. Спадзяюся, што і сёлета прыедуць да нас унукі і дзеці. Юры прапанавалі ехаць з сям’ёю сваёю машынаю (у яго “Шкода”) у Неапаль, але піша, што адмовіўся – хоча дамоў.
Даўно не была я на магіле свайго дзеда, усё выбіраюся. Думала – сын прыедзе на машыне, а тут – нельга! Машыну пакідаюць у Берасці. Думаю, што неяк да Вас дабярэмся, а з Жэняю (сястрою) прыедзем у пачатку чэрвеня.
Читать дальше