Вось чакаю Яначкі. Ціха-ціха. Часам ноччу не гашу святло. Іначай неспакойна. Працы – поўныя рукі, жалю – поўнае сэрца. Чакаю вестак ад Вас. Баюся вельмі сваіх 61-х угодкаў. І не таму, што пуставата ў кішэнях… Проста думаю недзе ад’ехаць на пару дзён, хоць добрых людзей магу гэтым абразіць, а злых мне на вочы бачыць цяжка.
Рая, Раечка, ці Вы выпаўнілі маю вялікую просьбу? Адносна маёй сястры? Дзякуй Вам, дарагая!
Цалую і абнімаю Вас усіх.
Заўсёды Ваша – Ларыса .
Івану Гнацюку
Зэльва, 30 кастрычніка 1971 г.
Шчыра паважаны і дарагі сябра!
Цешуся, што Вы больш-менш здаровыя. Цешуся з Вашага ліста, і дзякуй Вам вялікае за “Кабзар”. Гэта ж цуда — як ён любоўна і хораша выдадзены! (Кончыўся запас маіх алавікаў у ручцы і застаўся толькі чырвоны...) Трымаю яго ў руках і цешуся, цешуся. А ручнікі ў Вас інакшыя, як нашыя. Якое прыгаство! Ну, дзякуй Вам. Гэта другі “Кабзар”, падараваны мне сябрамі-ўкраінцамі. Першы падаравала пані Косач-Шыманоўска. Выдалі яго ў Празе ў колькасці толькі 600 экземпляраў... Вось і прынесла мне яго з цудоўным надпісам (на які я нават не заслужыла) Оксана Пэтрівна.
Часта пакруціш радыё і чуеш Украіну, або пра Украіну. Аж галава закружыцца. Божа мой, як жа добра пазнаецца народ, калі дзеліш з ім... пайку. А дзялілі! Не я з Вамі, а Вы са мною. Вашыя сёстры. Не раз. I не два разы! Калі разам душою, дык як жа дзялілі сэрца. Тут было па раўні!
Мне, бачыце, давялося сустрэцца з аўстрыячкамі. Тудой мяне вязлі. Якая розніца між імі і гэтым цудам у Львове! Чысцінёй, славянскай веліччу і амаль святасцю Вашых жанчын! Бачыце, гэта ўжо не дружба. Гэта роднасць. Мы мала і гаварылі, глянулі — і ўсё разумелі. Было — як у казцы. І цяжкасць не цяжкасць, калі такое ў сэрцах! А яно не сціхае.
Дзеці нашыя і ўнукі вярнуліся з падарожжа задаволеныя. Найлепей іх сустракалі чэхі, нашыя знаёмыя. Сын здае спецыялізацыю ў Польшчы. Ён педыятр.
Добра, што Вам спадабалася мая кніжачка (якую я паслала). Гэта было самае лепшае, што Вам хацела паслаць. I я люблю мінуласць. Адчуваю яе нейкім дзіўным чуццём.
Муж мой ляжыць. Ён альбо працуе, альбо ляжыць... Яму ўжо 69 гадоў. Хадзіць ужо цяжка. Задушны дзень сяння. Дзяды ў нас святкуюць! Але я не ў цэркві. Паверце мне: баюся папа, спыняю сваю шчырасць, дабрату, гасціннасць, нават набожнасць. Я ўжо “умудрённая опытом”. Смешна, але факт.
А Вам, сябра наш дарагі, — здаровечка добрага і шчасця Вашай сямейцы. Дзякуй Вам, дзякуй за ўсё.
З павагай — Ларыса Геніюш .
Васілю Быкаву
Зэльва, 9 верасня 1972 г.
Паважаны Васіль Уладзіміравіч!
Перадусім хачу Вам шчыра падзякаваць за мілую ўвагу, якую Вы аказалі мне і маім гасцям пры апошняй нашай сустрэчы ў Гродне. Было гэта так хораша, так міла, што я не знаходжу слоў падзякі для Вас і тых дарагіх асоб, якія былі з намі. Вялікае, вялікае Вам усім дзякуй!
Унукі нас не змучылі. Яны дадалі нам сілаў і бадзёрасці, веры ў жыццё. Нас дарэшты змучылі “разумныя” дзеці, але гэта, як відаць, цяпер у свеце агульнае явішча. Жаль – не змагла я іх правесці. У мяне пачаліся рвоты на ўсю ноч, якая была смяртэльна пакутлівай для мяне. Добра, што гэта не сталася болей нікому. Яны заехалі шчасліва. Званілі мы ім. Унукі – залатыя хлопчыкі, умеюць думаць і працаваць фізічна. Пастроілі мне ўсё вельмі спрытна і добра. Толькі мала мы іх бачылі, бо нявестка вазіла іх недзе па сваяках і наагул на нас вельмі мала звяртала ўвагі. Такога не раскажаш людзям…
Я не ведаю, як выпаўню мілы загад тав. Ульяновіча. Гэта паважаны чалавек, і адмовіць яму нельга, а з другога боку, амаль усе мае сябры любяць гарэліцу, і калі я па іх праедуся, дык яны мне проста “адкруцяць галаву”. Я буду думаць аб гэтым, бо такое мерапрыемства мне падабаецца.
З радасцю прачытала, што прыедуць у Зэльву сябры-пісьменнікі нашыя і маскоўскія госці. Калі будзеце з імі ў Зэльве, дык ласкава заходзьце да нас, і калі Вам захочацца ўзяць у нашу сялянскую, старую хату сваіх сяброў, то прыводзце іх да нас. Будзем радыя ўсім, хто прыедзе з Вамі, і дарагім масквічам.
Прывітанні Вам ад майго мужа. Я шчыра вітаю Надзежду Андрэеўну і нашых знаёмых у Гродне.
Ваша заўсёды – Ларыса Геніюш .
Аляксею Пяткевічу
Зэльва, 12 кастрычніка 1972 г.
Даражэнькія Марыя Міхайлаўна і Аляксей Міхайлавіч!
Дзякуй Вам за ліста. Зоську Верас я прывітала. Піша, што “бязмежна ўзрушана”. Верш быў неблагі. Я крыху не свая нейкая цяпер. Памерла адзінока мая сястра ў Польшчы, і мяне паведамілі толькі праз 20 дзён пасля Яе смерці. Быў у Яе рак страўніка. Вельмі мне цяжка. Думаю ўсё аб Вас, дарагія. Я Вам так удзячная за Вашую ўвагу, што нельга і высказаць.
Читать дальше